Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Бергер: Першая думка была — усё, гэта канец


Сьвятлана Бергер справілася з анкалягічным захворваньнем і цяпер уласным прыкладам дапамагае паверыць іншым: рак — не прысуд.

Па яе словах, выпрабаваньні нам даюцца роўна ў той колькасьці, якую кожны чалавек здольны пераадолець. Праўда, для гэтага трэба прыкласьці пэўныя намаганьні, бо ў выпадку маральнай капітуляцыі шанцы на посьпех моцна зьніжаюцца.

У наступным годзе Сьвятлана Бергер адзначыць 50-гадовы юбілей. Але акурат год таму яе будучыня была пастаўленая пад вялікае пытаньне — пад хранічным недамаганьнем хавалася страшная хвароба:

«У маім выпадку ўсё проста і цяпер дастаткова пазытыўна. Я сябе даўно дрэнна адчувала, але не зьвярталася да лекараў. Нават ня ведаю, як гэта патлумачыць, бо ў прынцыпе я чалавек, які нармальна ставіцца да лекараў. Мне зь імі ў жыцьці ўвогуле шанцавала, бо лекары захавалі маю дачку — калі б не пашчасьціла, проста не было б дзіцяці. Я ўсю цяжарнасьць праляжала на захаваньні, ад першага да апошняга дня. Дарэчы, на Радыё Свабода было інтэрвію з Фаняй: ёй 19 гадоў, сёлета скончыла Праскую кансэрваторыю.

Некалькі гадоў таму я знайшла выдатнага гамэапата. З аднаго боку, гэта вельмі добра: усялякія дробныя болькі я лекую гамэапатычнымі сродкамі, таму зьнікла неабходнасьць хадзіць па лекарах. Зь іншага боку, калі я спыніла паходы ў паліклініку, дык не здавала аналізы, не рабіла флюараграфію. А ў мінулым годзе, калі стала ўжо зусім кепска і я ўсё ж пачала абсьледавацца, пасьля аналізу крыві выявілася: у мяне гемаглябін каля 60. Прыватным чынам пайшла на кансультацыю да лекара, і мне, зноў жа, пашанцавала: яна сказала, што гэта нагода для экстранай шпіталізацыі».

На прамэнадзе ў парку

На прамэнадзе ў парку


Сьвятлана згадвае: калі прыйшла ў паліклініку па накіраваньне ў шпіталь, загадчыца аддзяленьнем пачала запісваць яе ў чаргу — то бок, зьявіцца на абследаваньне праз тыдзень, праз два, празь месяц. На шпіталізацыі давялося настаяць самой. Як потым аказалася, своечасова: празь некалькі тыдняў Сьвятлана ўжо даведаецца пра несуцяшальны дыягназ — рак кішэчніка. На яе думку, у бальшыні выпадкаў менавіта марнаваньне часу вядзе да таго, што пра хваробу людзі даведваюцца на апошняй стадыі яе разьвіцьця:

«Летась у лістападзе я даведалася пра дыягназ, а пры канцы сьнежня ў мяне была апэрацыя. У прынцыпе, усё добра, без мэтастазаў. Хіміятэрапія, якую я праходзіла, была ў таблетках, а гэта самы просты варыянт, самы лёгкі. Зараз я сябе адносна камфортна адчуваю, у нейкай ступені нават працаздольнай. Зразумела, усе мы баімся гэтага страшнага дыягназу, але зараз бачу, што ў шмат якіх выпадках, асабліва калі гэта пачатковая стадыя захворваньня, ідзе практычна поўнае вылечваньне. Іншая справа, што сапраўды даводзіцца лекавацца некалькі гадоў, а потым назірацца. То бок, калі ад іншых захворваньняў можна пазбавіцца досыць хутка, лік ідзе прынамсі на месяцы, дык анкалёгія — гэта гады. Нават калі скончылася хіміятэрапія, усё роўна некалькі гадоў трэба стала назірацца, а значыць, увесь час памятаць, што не здаровы. Нават калі нічога не прымаць, гэта ўсё роўна лячэньне».

Ля храму вёскі Ўла на Віцебшчыне

Ля храму вёскі Ўла на Віцебшчыне


Сьвятлана Бергер — пэдагог-псыхоляг. Больш за паўтара дзясяткі гадоў адпрацавала ў Менскім Дзяржаўным Палацы дзяцей і моладзі. Кіравала моладзевым клубам, арганізоўвала розныя праекты. Апошні — праект аўтарскай песьні «Белае сьвятло». Зараз зарабляе рэпэтытарствам. У вольны час бярэ ўдзел у кампаніях дапамогі анкалягічным пацыентам — па сабе ведае, які шок апаноўвае людзей пасьля агучваньня дыягназу:

«Першая думка, якая пранеслася, — гэта канец... Было шмат усялякіх прычынаў, з-за якіх я не захацела заставацца ў шпіталі і запатрабавала, каб мяне выпісалі. Загадчыца аддзяленьня тады літаральна на хаду, бягом, у калідоры шпіталя, гаворыць: прыйшлі вынікі гісталёгіі — у вас рак. Гэта быў шок, у мяне адразу паліліся сьлёзы, была такая „маўклівая гістэрыка“. Я вельмі добра памятаю гэтыя думкі, гэты стан: усё, канец, гэта рак. Канец усім маім плянам, ідэям, пэрспэктывам. Усё заканчваецца, больш нічога ня будзе. Дзякуй Богу, паніка працягвалася ня доўгі час».

У часе сэмінару ў Эстоніі

У часе сэмінару ў Эстоніі


Вярнуўшыся дахаты, затэлефанавала дачцэ, сябрам. Пасьля размоў з самымі блізкімі людзьмі на душы стала прынамсі лягчэй. А цяпер нават задаволеная, што давялося прайсьці праз такое выпрабаваньне. Сьвятлана два дзясяткі гадоў трымаецца Веры Бахаі і мае ўласнае тлумачэньне выпрабаваньням, якія выпадаюць на долю чалавека:

«Як верніца я ведаю, што сапраўднае жыцьцё — духоўнае. Яно ляжыць па-за матэрыяльным сьветам і нябачнае воку. І мы па-сапраўднаму жывём толькі тады, калі разьвіваецца душа. Калі яна пазбаўляецца ад усяго злога, імкнецца да дабра. Тады, калі яна зьвернутая да Бога. Дзякуючы выпрабаваньням, душа расьце нашмат хутчэй. Калі чалавек здольны гэта разумець, адчуваць, асэнсоўваць — гэта вялікае шчасьце. Ведаю, што дасылаюцца нам толькі тыя выпрабаваньні, якія мы здольныя вытрымаць. То бок усё, што з намі адбываецца, — усё нам па сілах. Іншая справа, што мы з гэтым робім, наколькі мы хочам з гэтага выпрабаваньня выйсьці. Ці нас ахінае паніка — і паддаемся, ці зьвяртаемся да вышэйшай сілы па дапамогу. Гэта ўжо залежыць ад уласнага выбара. Але ўсе гэтыя выпрабаваньні цалкам можна перажыць. Здаецца, што ў мяне зараз гэта атрымліваецца. Я часта сябе адчуваю вельмі спакойна і радасна — атрымліваецца радавацца таму, што ёсьць. Бо адчуваю, што душа мая расьце».

З маленькімі сябрамі па веры

З маленькімі сябрамі па веры


Разам з тым, Сьвятлана Бергер перакананая: верыць у чароўнае выздараўленьне, нічога дзеля гэтага ня робячы, памылкова. У яе выпадку, як казалі лекары, хвароба магла разьвівацца ад 2 да 5 гадоў, і на першых стадыях пухліна, як правіла, дабраякасная. То бок, пры своечасовым дыягнаставаньні не спатрэбілася б нават поласная апэрацыя:

«Чаму людзі ня йдуць лекавацца, чаму не зьвяртаюцца да лекараў — гэта пытаньне ўжо другога парадку. Але да таго, як чалавек атрымае анкалягічны дыягназ, кожны думае: з кім заўгодна, толькі не са мной, таму што ў мяне такога быць проста ня можа. Гэта, дарэчы, адна з прычынаў, чаму людзі доўга не высьвятляюць, што зь імі адбываецца. На жаль, зь некаторымі гэта адбываецца і пасьля таго, як яны даведваюцца дыягназ: ня можа быць, каб я памёр, нават з гэтым я буду жыць і г. д. Прычым гэта тычыцца і вернікаў, і ня вернікаў. Я была на пахаваньні маладой, прыгожай жанчыны, пратэстанткі, якая некалькі гадоў не лячылася ад раку грудзі. У выніку хавалі літаральна напаўразваленыя парэшткі. Яна ведала пра хваробу, але была перакананая, што Бог яе вылечыць, што яна будзе маліцца і тым самым будзе ўратаваная. У мяне гэтая карціна, думаю, увесь час будзе перад вачыма, хоць мінула ўжо, мабыць, больш за 10 гадоў. Упэўненая, што калі чалавек даведваецца пра дыягназ, яму трэба шукаць кваліфікаваных лекараў і лячыцца. Любы дыягназ, неістотна які. А што да анкалёгіі, дык, зразумела, у першую чаргу».

На фэстывалі бардаўскай песьні

На фэстывалі бардаўскай песьні


Наколькі можна ацаніць гатовасьць беларускай мэдыцыны да анкалягічных дыягназаў? Зыходзячы з уласнага досьведу, Сьвятлана Бергер лічыць, што кульгае перадусім пасьляапэрацыйная рэабілітацыя:

«З пункту гледжаньня хірургіі, напэўна, хіміятэрапіі, апраменьваньня і ўсіх астатніх нюансаў, мяркую, што гэта ўзровень усясьветны. Ва ўсялякім разе, я лекавалася ў анкалягічным цэнтры Бараўлянах і ня думаю, што можа быць дзесьці лепш. Я кансультавался з знаёмымі ўрачамі, бо ўжо нават разглядала варыянт прадаць кватэру, каб было чым заплаціць за апэрацыю, і ехаць лячыцца ў Нямеччыну. Але мне адразу сказалі: нашы лекары апэрацыю зробяць гэтак жа і з той жа якасьцю. А вось пасьляапэрацыйны дагляд і, самае галоўнае, псыхалягічнае суправаджэньне, на жаль, яшчэ вельмі далёкія ад ідэалу. Псыхалягічнай дапамогі практычна няма ў Беларусі. Самае галоўнае, нашы лекары ня ведаюць, як ім размаўляць з пацыентамі. І ў выніку часам проста не размаўляюць. Я гэта на сабе выпрабавала. Калі ўзьнікаюць нейкія канкрэтныя страхі, калі чалавек просіць дапамагчы яму ў чымсьці, зразумела, што гэтым павінныя займацца спэцыялісты. Гэта розныя сфэры, але яны павінныя стала супрацоўнічаць. Хірургічнае, мэдыкамэнтознае лекаваньне, хіміятэрапія, апраменьваньне і псыхалягічная дапамога — гэта павінна быць усё разам».

Як кажа Сьвятлана Бергер, за яе здароўе маліліся сябры ў розных краінах, але найбольшая падтрымка сыходзіла ад дачкі Фаіны, якой на пачатку наступнага году споўніцца 20. Менавіта дачка падтрымлівала яе ў самы складаны пэрыяд жыцьця. Сёлета Фаня скончыла Праскую кансэрваторыю па клясе габоя. І хоць выпускныя іспыты супалі з праблемамі маці, прыяжджала ў Менск на дзьве апэрацыі, каб быць побач. Цяпер дзяўчына вучыцца ў Вышэйшай школе музыкі ў нямецкім Тросінгене ў сусьветна вядомага прафэсара-габаіста Нікаласа Дэніэла.

З дачкой Фаняй

З дачкой Фаняй


Як кажа Сьвятлана, Фаіна выявіла сябе ня толькі любячай дачкой, але фактычна забясьпечыла ёй паўнавартаснае мэдыкамэнтознае лекаваньне. Сьвятлана згадвае, што на момант абвяшчэньня дыягназу засталася фактычна бяз сродкаў, таму тое, які паварот набылі наступныя падзеі, успрымае як цуд:

«Увогуле гэта фантастычная гісторыя. Справа ў тым, што для хіміятэрапіі нам бясплатна выдаюць айчынны прэпарат. Але ёсьць швэйцарскі арыгінал гэтага прэпарату. Зразумела, што арыгінал заўсёды лепшы за копію. Мяне нават лекары пераконвалі, што лепш прымаць швэйцарскі. Праблема толькі ў тым, што адзін двухтыднёвы курс каштуе пад 4 мільёны рублёў — грошы немалыя. І мая дачка апублікавала ў Фэйсбуку аб’яву, што маме патрэбныя сродкі, каб набыць прэпарат для хіміятэрапіі. У выніку на мяне валам паваліліся грошы.

Фаіна на вялікай сцэне

Фаіна на вялікай сцэне



Вельмі шмат дапамаглі сябры-бахаі з розных краінаў, дасылалі грошы рэлігійныя габрэі. Прычым, часта гэта былі зусім незнаёмыя людзі — як водзіцца, сябры сяброў, дзесьці прачыталі і г. д. Празь міжнародныя сыстэмы „Кантакт“, „Лідэр“ мне агулам прыслалі літаральна чатырохзначную суму. Але адна з самых цудоўных гісторый такая. Фаіну знайшоў хлопчык-палестынец, які жыве ў Празе. Яны з мамай жывуць там на дапамогу ўцекача. Дык вось ён перадаў для мяне 200 эўра і яшчэ доўга выбачаўся, што болей ня можа, бо гэта ўсё, што ў яго ёсьць. Гэтая гісторыя, як палестынскі ўцякач дапамагае габрэйцы, — яна ўвогуле мяне працяла».

Як расказала Фаіна, той палестынскі хлопец — сапраўдны музычны вундэркінд, адзін з найлепшых скрыпачоў у Чэхіі. Нягледзячы на мізэрную матэрыяльную дапамогу ўцекачам, ён знайшоў магчымасьць зноў дапамагчы Сьвятлане.

2011 год, яшчэ да дыягназу

2011 год, яшчэ да дыягназу


Ад пачатку гэтага году Сьвятлана Бергер шчыльна супрацоўнічае з групай падтрымкі анкалягічных пацыентаў. Гэты рух заснавала кіраўніца Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Жыхар, страшны дыягназ якой упершыню быў пастаўлены яшчэ ў 1994 годзе, а пяць гадоў таму здарыўся рэцыдыў.

«Паколькі я супрацоўнічаю з рознымі грамадзкімі арганізацыямі, мне падказалі, што ёсьць жанчына, якая займаецца гэтай праблемай, што ёсьць такая група падтрымкі. Першая сустрэча наша была на пачатку лютага, калі быў Усясьветны дзень змаганьня з ракам. Мы пазнаёміліся з удзельнікамі групы, і тады гаворка ў асноўным вялася пра правільную арганізацыю харчаваньня для анкапацыентаў. І вось як я туды прыйшла, ад таго часу мы кантактуем. Уласна група ўзаемападтрымкі існуе ўжо ня першы год, але мы ставім сабе за мэту распрацаваць уласную праграму групы ўзаемападтрымкі анкапацыентаў. Перадусім, абапіраючыся на вопыт праграмы ананімных алькаголікаў, на досьвед праграмы „12 крокаў“. Як псыхоляг ведаю, што гэта адна з самых эфэктыўных псыхатэрапэўтычных мэтодык, якія працуюць у сьвеце. Але, на мой погляд, эфэктыўнасьць праграмы „12 крокаў“ перш за ўсё ў тым, што людзі прызнаюць сваё бясьсільле перад Богам. Яны зьвяртаюцца па дапамогу адзін да аднаго і самі намагаюцца дапамагчы іншым людзям. Спадзяюся, мы здолеем нейкім чынам пакласьці гэты прынцып у аснову той праграмы, якой зараз займаемся, і ў выніку ўсё атрымаецца».


Згодна з дадзенымі міжнародных дасьледаваньняў, рызыка памерці ад пухліны цягам паўтара гадоў у анкалягічных хворых з дэпрэсіяй амаль утрая больш, чым у тых, хто не апускае рукі і працягвае змагацца за жыцьцё. Таму дзеля падтрымкі анкапацыентаў і ствараюцца групы самадапамогі зь ліку ня толькі спэцыялістаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі, але і былых пацыентаў Бараўлянаў. Хто лепш за людзей, якія самі пераадолелі страшную хваробу, падкажа рэцэпт антыракавага супраціву?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG