Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзей запалохваюць перад 3 ліпеня


У рэгіёнах працягваецца перасьлед удзельнікаў акцыяў маўклівага пратэсту, якія адбыліся больш як у трыццаці абласных гарадах, райцэнтрах і мястэчках. Некаторых актывістаў судзяць, шмат каго выклікаюць у КДБ і міліцыю. Ці адаб’ецца гэты ціск на палітычнай актыўнасьці людзей, ці прыйдуць яны на чарговую акцыю, прызначаную на 3 ліпеня?

Зьвесткі пра сёньняшнюю сытуацыю і пляны апазыцыі зьбіралі рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Жорсткія прысуды судзьдзі Вінаградавай

Яшчэ напярэдадні ў судзе Ленінскага раёну Берасьця пачалі судзіць затрыманых у мінулую сераду ўдзельнікаў «акцыі маўчаньня». У пятніцу судовыя працэсы працягваліся. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.

Уладзімер Вялічкін
Па словах суразмоўцы, пратаколы аб адміністрацыйных парушэньнях склалі на 53 чалавек. У чацьвер у другой палове дня судзьдзя Васілюк прыцягнуў да адказнасьці 8 чалавек, у прыватнасьці Аляксандра Горн, Максіма Богдана, Аляксандра Рамановіча, Івана Патока, Міхаіла Соца, Дзяніса Бунько. У судзе чатырох зь іх аштрафавалі на суму ад 4-х да 6-ці базавых велічынь, а прыняцьце рашэньня адносна яшчэ чатырох адклалі на пасьля — у суд дзеля гэтага выклічуць дадатковых сьведкаў.

Вялічкін: «У першай палове дня ў пятніцу прысуды за ўдзел у так званым «несанкцыянаваным шэсьці» 29 чэрвеня ў Берасьці былі больш жорсткія. Судзьдзя суду Ленінскага раёну Берасьця Ала Вінаградава вінаваціла ўдзельнікаў акцыі ў парушэньні артыкула 23.34 КаАП — «удзел у несанкцыянаваным шэсьці».

Сьведкі з боку міліцыі ўсё тыя ж: капітан Андрэй Пышкін — начальнік аддзелу крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Ленінскага РАУС, і Аляксей Левановіч — намесьнік начальніка Ленінскага РАУС.

Прысуды:

Сяргей Прытульчык — штраф 15 базавых велічыняў (гэта 525 000 рублёў);
Арцём Мітрохін — штраф 10 базавых велічыняў (350 000 рублёў);
Уладзімер Астроўскі — штраф 10 базавых велічыняў (350 000 рублёў);
Максім Карташоў — штраф 15 базавых велічыняў (525 000 рублёў);
Юры Барысюк — штраф 15 базавых велічыняў (525 000 рублёў);
Ігар Б. (прасіў прозьвішча не называць) — штраф 10 базавых велічыняў (350 000 рублёў);
Ігар Р. (прасіў прозьвішча не называць) — штраф 10 базавых велічыняў (350 000 рублёў).

Уладзімер Вялічкін таксама ўдакладніў, што ў другой палове пятніцы, мяркуецца, разгледзяць яшчэ дзьве справы ўдзельнікаў «маўклівай акцыі» 29 чэрвеня ў Берасьці.

ВІЦЕБШЧЫНА


Усе працаўнікі прадпрыемства мусяць расьпісацца пад абавязаньнем ня ўдзельнічаць у акцыі «маўклівых».

Віцебская міліцыя папярэджвае наконт удзелу ў акцыях маўклівага пратэсту праз тэлебачаньне. Аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёну, на тэрыторыі якога месьціцца плошча Перамогі, разьмясьціў на мясцовых тэлеканалах аб’яву, якую трансьлююць «бягучым радком». Пра гэта распавёў былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Сяргей Рыжоў:

Сяргей Рыжоў
«Ідзе „бягучы радок“ ад імя Кастрычніцкага РАУС — грамадзян папярэджваюць пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня і заклікаюць ня браць удзелу ў гэтай акцыі».

Былы кандыдат на прэзыдэнта прапануе распачаць бестэрміновы страйк

Спадар Рыжоў прапанаваў ня толькі выйсьці 3 ліпеня на галоўныя плошчы ва ўсіх гарадах Беларусі, але і распачаць з 4 ліпеня бестэрміновы агульнабеларускі страйк. Допіс са зваротам да суайчыньнікаў ён разьмясьціў 16 чэрвеня на віцебскім «Вольным форуме вольнага гораду». З 1 ліпеня ён ня можа трапіць на форум — доступ зь ягонага кампутара заблякаваны:

«Пішуць: „Заблякаваны доступ, зьвяртайцеся да адміністратара“. І ўсё. І расейскі сайт gidepark.ru — там у мяне таксама старонка, я ўдзельнічаю шмат у якіх групах па палітычных інтарэсах — дык адтуль прыйшоў ліст мне на электронную пошту, што мне на месяц заблякаваны доступ».

Сяргей Рыжоў перакананы, што доступ да некаторых сайтаў заблякаваны наўмысна: віцебскі Дэпартамэнт папярэдніх расьсьледаваньняў праводзіць праверку адносна допісу з заклікам да агульнабеларускага бестэрміновага страйку на віцебскім форуме.

Заснавальніка «Вольнага форуму вольнага гораду» Сяргея Серабро ўжо двойчы апыталі з гэтае нагоды. Сьледчыя выказалі жаданьне паглядзець, як працуе адміністратар сайту, ды цікавіліся ІР-адрасамі карыстальнікаў. Спадар Серабро адмовіўся даваць такую інфармацыю, бо яна канфідэнцыйная. Адно што прадставіў сьледчым раздрукоўку наведваньняў аднае тэмы — пра акцыю 3 ліпеня, дзе першы допіс належыць Сяргею Рыжову.

За некалькі дзён да 3 ліпеня пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных акцыях пачалі папярэджваць на віцебскіх прадпрыемствах і ў розных установах. Пра такія выпадкі распавядае спадар Аляксандар, які працуе ў адным зь віцебскіх ліцэяў:
Усе работнікі, якія прыходзілі на зьмену, мусілі расьпісацца, што ня будуць 3 ліпеня на плошчы Перамогі.

«Я бачыў на вахце сьпіс, і ўсе работнікі, якія прыходзілі на зьмену, мусілі расьпісацца, што ня будуць 3 ліпеня на плошчы Перамогі. Тэхнічкі, вахцёры, прыбіральшчыцы, выхавацелі — у абавязковым парадку расьпісваліся, я на свае вочы бачыў. А яшчэ я тэлефанаваў сваёй дзяўчыне, якая працуе ў гімназіі № 2 — там такая сама сытуацыя».

Установы адукацыі апынуліся ў складаным становішчы: з аднаго боку, 3 ліпеня яны мусяць забясьпечыць «масавую яўку» на афіцыйныя імпрэзы, а з другога — зрабіць так, каб супрацоўнікаў ці выхаванцаў не было на несанкцыянаванай акцыі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


І судзяць, і забараняюць…

У Гомелі прадстаўнікі незалежніцкага блёку «Наша альтэрнатыва» замовілі на 3 ліпеня мітынг у абарону сацыяльнай стабільнасьці. Аднак гарвыканкам забараніў масавую акцыю, прыдзірліва прачытаўшы абавязаньні заяўнікаў.

Гаворыць рэгіянальны каардынатар блёку «Наша альтэрнатыва» Сяргей Дварэцкі:

«У абавязаньнях яны прычапіліся, па сутнасьці, да аднаго радка. У законе пра масавыя мерапрыемствы сказана, што мы як заяўнікі ня маем права выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку. А мы напісалі, што ня будзем выкарыстоўваць забароненую сымболіку».

Нягледзячы на забарону, прадстаўнікі блёку зьбіраюцца прыйсьці 3 ліпеня на пляцоўку перад ДК глухіх «Віпра», дзе замаўляўся мітынг:

«Выходзіць мы ўсё адно будзем, бо запрашэньні былі раздадзеныя і мы ня маем маральнага права ня быць ля ДК, дзе плянаваўся мітынг у абарону сацыяльнай стабільнасьці. Па адным нашых галасоў улады ня чуюць. Калі нашых галасоў будзе больш, можа, такім чынам мы здолеем дакрычацца да нашых уладаў».

Дзяніс Дашкевіч
Тым часам у Рагачове ў міліцыю сёньня выклікалі грамадзкага актывіста Дзяніса Дашкевіча. Яго вінавацяць у арганізацыі масавага мерапрыемства на плошчы Леніна 26 чэрвеня:

«Апыталі мяне наконт майго сайту, які я вяду ў Рагачове. Наш сайт даў абвестку, што 26-га пройдзе акцыя маўклівай салідарнасьці: у сераду — у Менску, у нядзелю — у Рагачове. Абвінавацілі ў тым, што з дапамогай сайту я арганізаваў масавы несанкцыянаваны пікет. Праз паўгадзіны будзе суд. Я думаю, што гэта зьвязана з запалохваньнем рагачоўскага насельніцтва перад 3 ліпеня. Улады проста ў паніцы. На маім прыкладзе хочуць запалохаць людзей, каб у іх не было жаданьня выходзіць на вуліцу на мірныя акцыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG