Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 2 траўня: па «палітычных» артыкулах судзяць дваіх прадпрымальнікаў

абноўлена

Суд у Баранавічах. Архіўнае фота
Суд у Баранавічах. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Яшчэ адзін масавы суд у Баранавічах за пратэсты

7 траўня ў судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы судзьдзя Вікторыя Пакунова будзе разглядаць справу паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У справе праходзяць адразу восем фігурантаў: Канстанцін Каляга, Эрык Каласоўскі, Іван Пацко, Аляксандар Лаўрушчык, Іван Дрык, Павал Сергіеня, Дзьмітры Філіповіч і Арцём Лапіч.

На пачатку вясны ў Баранавічах за ўдзел у пратэстах судзілі адразу 17 чалавек, усіх паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ім прысудзілі тэрміны ад 1 да 3 гадоў калёніі.

Былога лекара РНПЦ будуць судзіць за падзеі 2020 году

У Фрунзэнскім раённым судзе Менску 7 траўня пачнецца працэс над нэўролягам Русланам Бадамшыным.

Былому лекару РНПЦ пагражае да 4 гадоў зьняволеньня паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу — удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Паводле праваабаронцаў «Вясны», працэс над Русланам Бадамшыным будзе весьці судзьдзя Юлія Крэпская.

Раней Руслана Бадамшына затрымлівалі тройчы ў 2020 годзе і сама меней двойчы ў 2021-м, у тым ліку дома каля ліфту і ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры нэўралёгіі і нэўрахірургіі, дзе ён працаваў лекарам функцыянальнай дыягностыкі і быў звольнены адтуль пасьля адбыцьця арышту. Паводле адміністрацыйных артыкулаў, у тым ліку за дробнае хуліганства, Руслан Бадамшын адбыў на сутках больш за 60 дзён.

Пасьля вызваленьня ў красавіку 2021 году Руслан Бадамшын казаў журналісту «Нашай Нівы» пра досьвед адседкі ў ізалятары на Акрэсьціна: «Нічога, акрамя рэпрэсіяў, у іх няма, гэтая сыстэма можа займацца толькі падаўленьнямі. Мне здаецца, у такой сыстэмы няма будучыні».

У лютым 2024 году былога лекара Руслана Бадамшына зноў арыштавалі і гэтым разам выставілі яму абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкула.

Паводле «палітычных» артыкулаў судзяць прадпрымальніка Андрэя Мірэйчыка

2 траўня ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся суд над прадпрымальнікам Андрэем Мірэйчыкам. Яго судзяць паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія праваабаронцы называюць палітычнымі, пры гэтым імя прадпрымальніка няма ў сьпісах праваабаронцаў, паведамляе «Позірк».

Сярод крымінальных артыкулаў, паводле якіх будуць судзіць Андрэя Мірэйчыка, — распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці і звады, зьнявага Лукашэнкі, заклікі да санкцыяў ды іншыя.

Судзіць Андрэя Мірэйчыка судзьдзя А. Папко. Праваабаронцы «Вясны» не выключаюць, што працэс над Андрэем Мірэйчыкам могуць зрабіць закрытым.

У Менску пачалі судзіць бізнэсоўца Ўладзімера Балабановіча

У Менскім гарадзкім судзе 2 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы бізнэсоўца Ўладзімера Балабановіча. Яго абвінавачваюць у «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці альбо варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК РБ), а таксама ў «закліках да мераў абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы краіны» (ч. 3 арт. 361 КК РБ), паведамляе «Вясна».

Справу разглядае судзьдзя Вера Галаўкова.

Дата затрыманьня бізнэсоўца невядомая, але ёсьць інфармацыя, што ў канцы студзеня 2024 году Балабановіча ўключылі ў склад «экстрэмісцкага фармаваньня» «Трыэліт» (гэта дваровы чат таварыства ўласьнікаў, якое кіруе новабудоўлямі ў Менску). На той момант, верагодна, ён ужо быў за кратамі.

Уладзімеру Балабановічу 48 гадоў, ён даўно займаецца бізнэсам. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», да нядаўняга часу ён быў дырэктарам кампаніі «Молпак», але яго асноўная дзейнасьць — гэта міжнародная кампанія Industrial Kinetic Lab, якая вырабляе абсталяваньне апрацоўваць камень.

Сілавікі затрымалі жыхара Менску

На відэа сілавікі прымусілі мужчыну сказаць, што ён нібыта пісаў «нэгатыўныя камэнтары» пра ўладу і міліцыянтаў, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога», хадзіў на пасьлявыбарчыя акцыі пратэсту, а таксама даведваўся пра тое, як можна паехаць ваяваць ва Ўкраіну.

Дзе цяпер мужчына і ў якім ён працэсуальным статусе, невядома.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG