Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыяльныя сеткі рыхтуюцца да 3 ліпеня


Як паўплывае разгон маўклівай акцыі 29 чэрвеня, якую ініцыявала суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», на акцыю, якую плянуецца правесьці 3 ліпеня?

Сацыяльныя сеткі распачалі падрыхтоўку да акцыі 3 ліпеня. Суполка «Аўтаномны супраціў «Лу сыходзь!» заклікае ўзяць удзел ва Ўсебеларускім народным сходзе. Спачатку сабрацца на афіцыйны сьвяточны мітынг каля стэлы «Менск — горад-герой», як мага бліжэй падыйсьці да трыбуны і чакаць выступу Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля яго першых словаў пачаць скандаваць «Сыходзь!» і пляскаць у ладкі. На менскіх вуліцах ужо распаўсюджваюцца налепкі са зьместам: «Палітыка — справа народа! 3 ліпеня Ўсебеларускі народны сход». У сеціве таксама зьявіліся заклікі да аўтааматараў: 3 ліпеня да 19 гадзіны зь любога зручнага боку на сваіх аўта пад’ехаць як мага бліжэй да Кастрычніцкай плошчы, едучы чым бліжэй — тым павольней, а потым зусім спыніцца і ўключыць аварыйныя сыгналы. Каардынатар суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вячаслаў Дыянаў прапануе таксама сабрацца ў іншых месцах, пра якія будзе паведамлена за гадзіну ў сацыяльных сетках, каб улады не пасьпелі падрыхтавацца. Як жа паўплывае на гэтыя пляны разгон маўклівай акцыі 29 чэрвеня?

«Паўплывае толькі так, што акцыя, вядома, будзе праводзіцца. Будзе не адна, а некалькі акцый. Зразумела, што іхняя задача — пасеяць страх. Але пра акцыю 3 ліпеня ведаюць вельмі многія. Больш за ўсё людзей хвалюе ня страх: людзям патрэбны плян. Мы гэты плян людзям дадзім. Трэба працягваць далей, але быць больш падрыхтаванымі. Людзям патрэбны плян і стратэгія: што рабіць?».

Адзін з ініцыятараў акцыі «Аўтастоп» Ігар Коктыш мяркуе, што разгон мінулай акцыі ня выклікаў страху, бо яго ўжо даўно няма.
Зараз панічны страх ва ўладаў. А моладзь настроена рашуча і мэтанакіравана.

«Панічнага страху няма і ня будзе. Зараз панічны страх ва ўладаў. А моладзь настроена рашуча і мэтанакіравана. 3 ліпеня, я думаю, пачнецца хваля агульнага народнага пратэсту. Бо цярпець такое бязьмежжа і такое ганебнае стаўленьне да свайго народу — гэта недапушчальна. Гэта разумее кожны сьвядомы грамадзянін нашай краіны. Я думаю, 3 ліпеня павінна адбыцца тое, што даўно павінна адбыцца: народ патрабуе адстаўкі дзейнага ўраду і свабодных выбараў без Лукашэнкі. Усё проста і зразумела. Прычым гэта адпавядае Канстытуцыі Беларусі».

Адзін з суарганізатараў Народнага сходу, які прызначаны на 8 кастрычніка, Віктар Івашкевіч ня супраць таго, каб сацыяльныя сеткі выкарыстоўвалі брэнд народнага сходу. Бо гэта сьведчыць пра яго папулярнасьць. А ўвосень гэта ўсё злучыцца ў вялікі народны сход. Палітык лічыць, што цяперашнія дзеяньні ўладаў выклікаюць ня толькі страх, але і азлабленьне:

«Арганізатарам варта было б павялічваць геаграфію гэтых акцый, ня толькі ў рэгіёнах праз павелічэньне колькасьці гарадоў, але і арганізацыйна ў Менску, і няхай амапаўцы з турнікетамі бегаюць па ўсім горадзе. Чым большая колькасьць людзей у Менску ўбачыць гэтыя турнікеты, АМАП і іхнія выхадкі, тым больш „радасьць“ і „задавальненьне“ будзе расьці».
Калі плянаваць падобныя акцыі з гучным назовам, варта рэалістычна ацэньваць свае сродкі і магчымасьці.

Паводле палітоляга Алеся Лагвінца, наўрад ці жалезным танкам можна супрацьставіць віртуальнае змаганьне за рэвалюцыю ў сацыяльных сетках. Таму ён сумняваецца ў вялікай эфэктыўнасьці акцыі 3 ліпеня.

«Калі плянаваць падобныя акцыі з гучным назовам, як „рэвалюцыя“ ці „бестэрміновы страйк“, варта рэалістычна ацэньваць свае сродкі і магчымасьці».

Адзін з удзельнікаў маўклівай акцыі 29 чэрвеня Ігар мяркуе, што акцыя можа адбыцца з адной простай прычыны:

«Людзям есьці няма чаго. І ня будзе чаго. То бок хочаш ня хочаш, а хочацца жыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG