Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды над удзельнікамі акцыі «маўклівага пратэсту» працягнуцца і ў ліпені


У розных рэгіёнах краіны многіх удзельнікаў акцыі «маўклівага пратэсту», якія адбыліся 29 чэрвеня, таксама прыцягваюць да адказнасьці, у тым ліку праз суды. Паседжаньні гэтых судоў заплянаваныя нават на ліпень. Затрыманых абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку. На некалькі соцень чалавек міліцыянты склалі пратаколы.



"Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" ў рэгіёнах. 29 чэрвеня 2011


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Пасьля хапуну — арышты, штрафы

У чацьвер у Гомелі прайшлі суды над затрыманымі ўдзельнікамі ўчорашняй «маўклівай рэвалюцыі». Двух маладых людзей арыштавалі на 7 і 6 сутак адпаведна. Трох аштрафавалі. Суд над грамадзянкай Расеі Натальляй Белас і беларусам Русланам Усьціменкам перанесены на 7 ліпеня.

У будынак, дзе месьцяцца суды Цэнтральнага й Чыгуначнага раёнаў, хлапцоў і расейскую грамадзянку Натальлю Белас прывезьлі ў кайданках. У кайданках іх заводзілі і ў судовую залю. Канвойны афіцэр так патлумачыў такія жорсткія парадкі:

«Яны канваіруюцца. Пасьля таго як будзе разгледжаны адміністрацыйны матэрыял і будзе прынята рашэньне пра штрафныя санкцыі, тады кайданкі здымем».

Рэаніматоляга Сяргея Лапанава судзьдзя Чыгуначнага райсуду Яраслаў Парэмскі пакараў 7 суткамі арышту. Паводле сьведчаньня міліцыянта Нязнаева, хуліганства Лапанава нібыта выявілася ў тым, што ён з лаянкай «спрабаваў прайсьці праз кардон спэцпадразьдзяленьня».

Спэцназаўскі кардон у сквэры Кірылы Тураўскага.

Затрымлівалі — выпадкова, а абвінавачвалі — стандартна

Сам Лапанаў патлумачыў, што спэцназаўцы перагарадзілі праспэкт Леніна і не дазвалялі прайсьці. І як ён толькі павярнуў назад, яго й затрымалі, адвезьлі ў пастарунак, дзе склалі пратакол пра хуліганства, а пасьля зьмясьцілі на ноч у ізалятар.

Шэсьць сутак адміністрацыйнага арышту атрымаў ад Парэмскага і 27-гадовы інвалід Максім Здаравец, якога, па ўсім відаць, выпадкова затрымалі за лаянку на вуліцы Перамогі.

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Алена Цалкова аштрафавала на 3 базавыя велічыні (105 тысяч рублёў) Кастуся Ярмоленку, Арцёма Самародава й Андрэя Панова. Абвінавачваньне стандартнае — «нецэнзурна лаяліся, чым парушалі грамадзкі парадак і спакой грамадзянаў».

Андрэй Паноў
Андрэй Паноў вяртаўся з працы адзін. Ішоў па вуліцы дамоў, размаўляў на хаду праз мабільны тэлефон зь сябрам. Як толькі паклаў мабільнік у кішэню, ззаду яго моцна штурхнулі ў сьпіну. Аказалася, гэта міліцыянэры палку патрульна-паставой службы:

«Гэта міліцэйскае беззаконьне. Ім патрэбна была справаздача, колькі затрыманых. Размаўляў па тэлефоне зь сябрам. І толькі паклаў трубку, ззаду падлятаюць двое спэцназаўцаў у форме, стукнулі ў сьпіну і павялі ў аддзел, нічога не тлумачачы. І ў выніку тры базавых штраф».

Грамадзянку Расеі Натальлю Белас, якая ў ліпені зьбіраецца пабрацца шлюбам з гамельчуком Кастусём Ярмоленкам, затрымалі, так бы мовіць, за кампанію:

«Пілі мы а другой гадзіне дня піва — па 0,5 бутэлькі. Магчыма, быў лёгкі перагар, але мы былі адэкватныя й цьвярозыя. Калі нас затрымлівалі, нічога не тлумачылі. Казалі, прывязем у аддзел і там патлумачым. Потым нам сказалі, што адпусьцяць, таму мы падпісалі ўсё паперкі. Але ў выніку не адпусьцілі і павезьлі ў ізалятар на суткі».

Як і грамадзянцы Расеі, Руслану Ўсьціменку таксама перанесьлі разгляд адміністрацыйнай справы за дробнае хуліганства на 7 ліпеня. Судзьдзя пажадала паслухаць сьведкаў, бо, паводле Ўсьціменкі, людзі ў цывільным затрымалі яго зусім ня ў тым месцы, якое называюць спэцназаўцы.

Усьціменка: «Магчыма, у іх была ўстаноўка затрымаць як мінімум 5 чалавек. Магчыма, ім прэмія за гэта ідзе. Прывезьлі ў аддзел людзей, паглядзелі, што іх толькі чацьвёра. І тут мы праходзілі побач, таму мяне і ўзялі, прычым узялі людзі ў цывільным».
Купляў для дзяўчат квас і марозіва, а абвінавацілі, што лаяўся.

Руслана Ўсьціменку спэцназаўцы затрымлівалі 15 чэрвеня падчас «маўклівага» гуляньня па плошчы Леніна. Тады ён браў дзяўчатам квас і марозіва. Абвінавацілі ў лаянцы і супраціве міліцыі і аштрафавалі на 770 тысяч рублёў. Грошы яму — ажно 5 кіляграм купюраў — сабралі грамадою, і Руслан заплаціў штраф.

Пасьля ўчорашняй акцыі, якая прайшла на прыпынку грамадзкага транспарту «Плошча Леніна» без інцыдэнтаў, больш як сотня маладзёнаў нечакана рушыла праспэктам Леніна. Спэцназаўцы перагарадзілі праспэкт, і пачаўся хапун.

Усьціменка: «У іх быў шок, бо не плянаваўся масавы паход людзей. Яны, думаю, былі крыху шакаваныя. Указаньняў зьверху не было, таму й хапалі. Як вучылі, так і выконвалі».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Затрымалі 75 чалавек, у суд пацягнуць 53.

У мінулую сераду на акцыю «маўклівага пратэсту» ў Берасьці на плошчы перад будынкам аблвыканкаму сабраліся каля 300 чалавек. Калі яны рушылі па вуліцы Пушкінскай у бок Савецкай, іншыя мінакі віталі іх воклічамі й запляскалі ў ладкі. Тады АМАП перакрыў бліжэйшыя вуліцы і падагнаў 4 аўтазакі.

Берасьцейскі праваабаронца Юры Кісьляк удакладніў для «Свабоды», што пратаколы аб адміністрацыйных парушэньнях складзены на 53 чалавек. А ўсяго затрыманых было 75. Суды ў Берасьці пачнуцца заўтра:

«Першыя суды пачнуцца 1 ліпеня а 10 гадзіне. Пасьля — 4 і 5 ліпеня. Паседжаньні пройдуць у будынку суду Ленінскага раёну Берасьця. Зараз паступаюць паведамленьні пра затрыманых. Ёсьць сярод іх і выпадковыя — хто вяртаўся з працы ці ішоў, да прыкладу, з музычнымі нотамі. Але іх хапалі. Пры гэтым міліцыянты ўголас казалі, што ім была дадзена каманда затрымаць як найбольшую колькасьць людзей. Трапіліся найбольш тыя, хто вяртаўся позна дахаты».

У сераду на Берасьцейшчыне затрымлівалі таксама ўдзельнікаў акцыі ў Пінску, Кобрыне, Ганцавічах.

БАРАНАВІЧЫ


Грамадзкі актывіст Віктар Сырыца ўдакладніў для «Свабоды» ход акцыі 29 чэрвеня і яе асаблівасьці:

«Да апошняй акцыі ў нас ня пляскалі ў ладкі, а ўчора былі гучныя аплядысмэнты, асабліва калі міліцыянты пачалі разганяць людзей і папярэджваць, што гэта несанкцыянаваная акцыя.

Таксама міліцыянты перапісалі пашпартныя дадзеныя ў 30 удзельнікаў акцыі. Напэўна, будуць цяпер выклікаць на гутаркі».

Карэспандэнт: «Спадар Віктар, як вы лічыце, ці адбудуцца акцыі пратэсту 3-га ліпеня й пазьней?».

Сырыца: «Мяркую, што адбудуцца. У Баранавічах прыемна было бачыць, што нас падтрымліваюць вадзіцелі гучнымі сыгналамі. Гэта таксама было ўпершыню».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«У людзей зьявіліся спадзяваньні на магчымыя перамены»

Жыхары Горадні, не пабаяўшыся магчымых затрыманьняў, рэпрэсій, 29-га чэрвеня ўвечары наладзілі масавае шэсьце.

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін кажа, што падчас шэсьця па гарадзенскіх вуліцах панавала своеасаблівая атмасфэра, у людзей зьявілася спадзяваньне, што хутка штосьці адбудзецца важнае:

«Самае галоўнае, што тут такая спэцыфічная сытуацыя ў Горадні, існуе паміж людзьмі прымежнае супрацоўніцтва, але закрываюць і гэтыя нішы. Я думаю: тое, што робіцца цяпер на межах, прымушае людзей прыходзіць на Савецкую плошчу, каб выказваць пратэст супраць таго, што адбываецца ў краіне і на Гарадзеншчыне».
Думаю, што тая ўлада, якая будавалася Лукашэнкам цягам сямнаццаці год, яна пахіснулася цяпер

Юры Істомін робіць выснову: «Калі глядзець супрацьстаяньне грамадзтва — улада, то будзе тры-нуль, таму што людзей становіцца больш. Калі, напрыклад, трэцяга ліпеня людзей прыйдзе яшчэ больш, то, я думаю, гэта будзе чатыры-нуль на карысьць грамадзтва. Я лічу, што трэба прыходзіць на гэтыя мерапрыемствы, я думаю, гэта хутка пяройдзе ў іншы фармат — фармат палітычных патрабаваньняў. Думаю таксама, што тая ўлада, якая будавалася Лукашэнкам цягам сямнаццаці год, яна пахіснулася цяпер».

Але ня ўсе гарадзенцы лічаць, што для наступнага маўклівага пратэсту варта выкарыстоўваць нядзелю 3 ліпеня.

Спадар: «Адзінае толькі магу сказаць, што, можа, не падстаўляць людзей, не выводзіць людзей на плошчу ў такія дні, якія значныя для нашай гістарычнай памяці, як, напрыклад, 22 чэрвеня ці 3 ліпеня.

А ў цэлым гэтая форма — цалкам легальная, і галоўнае, што дастаткова эфэктыўная. Мяркуючы па рэакцыі ўладаў, яны не гатовыя да яе. Я думаю, улада зьлякалася такой рэакцыі на ўзроўні масавай сьвядомасьці.

ВІЦЕБШЧЫНА


Да перасьледу ўдзельнікаў маўклівага пратэсту далучаюцца інспэктары ДАІ

Аршанскім удзельнікам «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» пагражаюць штрафы ад ДАІ. Пяць машын аўтаінспэкцыі стаялі ў мінулую сераду ўзбоч плошчы Леніна, дзе сабраліся 45 чалавек. Калі ў 19:30 людзі пачалі разыходзіцца і разьяжджацца, інспэктары актывізаваліся: пачалі спыняць прыватныя аўто, правяраць дакумэнты і машыны, распавядае актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Яўген Анішчанка:

«Напэўна, дадуць штраф у ДАІ, нібыта мы сядзелі на заднім сядзеньні не прышпіленыя. Мы сядзелі ззаду разам з дачкой, ёй 4 гады, мы заўжды прышпільваемся, тым больш мы бачылі, што стаіць ДАІ. І ніякіх доказаў у іх няма, адно што здымак на мабільны тэлефон яны зрабілі. Але там нават не пазнаць, хто сядзіць на заднім сядзеньні».

Яўген Анішчанка засьведчыў, што ня згодны з пратаколам правапарушэньня. На ягоную думку, штраф можа атрымаць і кіроўца машыны. Яшчэ некалькі чалавек атрымалі папярэджаньні:
Перапісалі ўсіх, хто быў у аўтамашыне, і ў правы вадзіцеля паставілі пазнаку.

«Акрамя нашай, былі затрыманыя яшчэ дзьве машыны, але тых адпусьцілі з папярэджаньнямі — за аптэчку пратэрмінаваную, яшчэ за нейкія дробязі. Ну, і ўсіх перапісалі, хто быў у машынах, і ў правы пазнаку паставілі».

У Віцебску на плошчы Перамогі затрымалі прынамсі двух чалавек. Аляксандар Міхайлавіч апынуўся ў Перашамайскім РАУС, таму што фатаграфаваў удзельнікаў акцыі:

«Я фатаграфаваў моладзь. Ну, і міліцыя недзе там стаяла. Я зь імі не спрачаўся, нічога. А яны мяне распытвалі пра мае адносіны ды рэжыму… Перагледзелі ўсё — сумку, кішэні, усю маёмасьць, што пры мне была, перапісалі. Прычым у мяне з сабой быў пашпарт, быў пропуск на працу, аднак калі празь дзьве гадзіны мяне адпускалі, мне заявілі, што спраўджвалі маю асобу».

Былы прэтэндэнт на прэзыдэнцтва таксама патрабуе, каб пакаралі міліцыянтаў

Гэтаксама без пратаколу з Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі адпусьцілі Ўладзімера Правальскага — былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Яго затрымалі, калі ён не падпарадкаваўся людзям у цывільным, якія не прапускалі мінакоў на плошчу Перамогі:

«Якое яны маюць права замінаць людзям ісьці туды, куды яны хочуць? І я пайшоў. Мяне спынілі, адзін дакрануўся да мяне рукой, і я выклікаў міліцыю. Міліцыя прыехала, але ніякіх захадаў не зрабіла. Тады я сказаў, што пайду ў абласную пракуратуру пісаць заяву, каб іх прыцягнулі да адказнасьці за бязьдзеяньне. Праз 15 хвілін мяне дагналі і завалаклі ў машыну».

Толькі ў пастарунку міліцыянты высьветлілі, што затрымалі былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Уладзімер Правальскі адбыў у міліцыі амаль тры гадзіны, але ніякіх дакумэнтаў пра гэта ў яго не засталося.

У іншых гарадох Віцебшчыны міліцыянты правяралі пашпарты проста на плошчах, але нікога не затрымлівалі. Хоць за акцыяй сачылі пільна: у райцэнтры Паставы, да прыкладу, на акцыю выйшла 5 чалавек — і столькі ж было міліцыянтаў, і яшчэ столькі ж людзей у цывільным. А ў Талачыне сабралася 10 чалавек — і на кожнага прыпала таксама па двое супрацоўнікаў у форме і ў цывільным.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На акцыі ў мінулую сераду было больш за 400 удзельнікаў

У Магілёве за маўклівую акцыю пратэсту не затрымлівалі, але гэта ня значыць, што яе ўдзельнікі засталіся па-за кантролем спэцслужбоўцаў. У натоўпе маўчуноў было шмат гэтак званых «ціхароў» — людзей у цывільным з рацыямі і характэрнымі паводзінамі.

29 чэрвеня на маўклівую акцыю пратэсту ў Магілёве прыйшло больш за чатыры сотні чалавек. Яна выдалася самай шматлікай з чатырох праведзеных раней.

Людзі традыцыйна прыйшлі пратэставаць у сквэр насупраць плошчы Леніна. У натоўпе ўдзельнікаў зьвярталі на сябе ўвагу дужыя маладыя хлопцы ў цывільным. Яны ня пляскалі ў ладкі, трымаліся ўбаку ад удзельнікаў, але сачылі за імі.
Яны падыходзілі ў асноўным да моладзі, каб запалохаць.

«Учора было нашмат больш людзей у цывільным, якія хадзілі ў натоўпе з рацыямі, хавалі іх за сьпінамі. Міліцыянэраў у форме былі адзінкі. У асноўным яны стаялі каля дарогі і на самой плошчы, дзе выступалі БРСМаўцы», кажа ўдзельніца акцыі Крысьціна.

З мэтадамі працы таямнічых маладзёнаў у цывільным спадарыня Крысьціна сутыкнулася на мінулым маўклівым пратэсьце:

«Яны на пачатку акцыі падышлі, прад’явілі пасьведчаньне. Сталі выпытваць імя, прозьвішча, адрас пражываньня ды год нараджэньня. Мы запыталі: „Навошта?“. Яны адказалі: „Маем права“. Нічога канкрэтнага мы больш не пачулі. Яны падыходзілі ў асноўным да моладзі. Відаць, гэта было псыхалягічнае ўзьдзеяньне, каб запалохаць».

На наступны дзень пасьля акцыі Крысьціне патэлефанавалі:

«Яны выпытвалі пра акцыі. Як я пра іх даведалася і як я там апынулася. Яны папярэдзілі, што калі яны даведаюцца, што я была на гэтай акцыі, то гутарак па тэлефоне больш ня будзе. Усё будзе нашмат сур’ёзьней. Да маіх жа сяброў нават прыходзілі. Правяралі інтэрнэт. Папрасілі акаўнт у сацыяльных сетках. Там, дзе ёсьць пазнакі пра сустрэчы і групы».

Колькі ўдзельнікаў магілёўскіх маўклівых акцыяў сутыкнуліся з пагрозамі ды ператрусамі — мясцовыя праваабаронцы дакладна паведаміць ня могуць. Гаворыць актывіст незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксей Колчын:

«Да праваабаронцаў зьвяртаецца ня так шмат людзей з гэтых новых актыўных групаў. Звычайна зьвяртаюцца пасьля таго, як людзі ўжо займелі сур’ёзныя праблемы. Пайшлі затрыманьні. Можна меркаваць, што гэтыя людзі пра нас могуць і ня ведаць. Ёсьць нейкая мяжа, мо мяжа даверу ў гэтых людзей. У гэтым небясьпека. У нашых палітычных рэаліях адзіная зброя грамадзяніна — галоснасьць».

Акрамя непасрэдных удзельнікаў акцыяў пратэсту ў групу рызыкі трапляюць і кіроўцы, якія на знак салідарнасьці вітаюць удзельнікаў працяглымі сыгналамі клаксонаў. Нумары іх машын фіксавалі супрацоўнікі ДАІ.

Паводле зьвестак, якія «Свабода» мае на гэты час, мясцовыя аддзелы міліцыі й КДБ затрымлівалі ўдзельнікаў маўклівай акцыі таксама ў Жодзіна, Кобрыне, Смалявічах, Пінску, Маладзечне, Клецку, Глыбокім, Дзяржынску, Талачыне і яшчэ ў больш як 10 гарадах ды мястэчках. Агульная колькасць затрыманых перавышае 100 чалавек. Імёны й прозьвішчы іх удакладняюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG