Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паехала да былога мужа па алімэнты, а пасадзілі за шпіянаж». Гісторыя яшчэ адной украінкі, якую асудзілі ў Беларусі


Украінска-беоларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Украінска-беоларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Сярод зваротаў у КДБ, якія выклалі ў сеціве «Кібэрпартызаны», стала вядома пра гісторыю яшчэ адной украінкі, якую ў Беларусі асудзілі за выведную дзейнасьць.

Летась у жніўні дзьве сястры, грамадзянкі Ўкраіны, паехалі ў Беларусь у сямейных справах. Адна зь іх адседзела ў сьледчым ізалятары 5 месяцаў і змагла вярнуцца ва Ўкраіну, а другую асудзілі на 3 гады зьняволеньня за нібыта выведную дзейнасьць на карысьць Украіны. Свабода мае іх рэальныя імёны, але ў публікацыі іх зьмянілі ў мэтах іхнай бясьпекі.

Абедзьве ўкраінкі — жыхаркі Чарнігава. Улетку 2023 году яны паехалі ў Беларусь разам са сваімі дзецьмі. У адной зь іх колішні муж — беларус, і яна хацела забраць у яго алімэнты на чатырнаццацігадовага сына.

Іх абедзьвюх затрымалі праз падазрэньне ў выведнай дзейнасьці на карысьць Украіны. У тэлефоне знайшлі здымак вайсковай тэхнікі, які зрабіў яе сын.

У Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі зьвярнуўся Мікола П., каб высьветліць падставы затрыманьня сваёй жонкі Кацярыны П., якая суправаджала сваю сястру ў паездцы.

«Так, я зьвяртаўся. Мая жонка ўжо дома, але яе сапраўды затрымлівалі. Ёй інкрымінавалі выведную дзейнасьць, шпіянаж. Яна пяць месяцаў сядзела ў ізалятары, але потым яе вызвалілі, нават ня ведаю, як гэта адбылося. Бо я ж туды ня мог паехаць — жонцы казалі, што калі прыедзе муж, то яго дакладна пасадзім», — сказаў Свабодзе Мікола П.

А сястра Кацярыны, дадаў Мікола П., і цяпер сядзіць. «Знайшлі нібыта нейкі здымак у сына, яна з сынам ехала. У яе колішні муж — беларус і не выплачваў алімэнтаў, і яны паехалі разьбірацца, а іх там затрымалі. А малы ўзяў і сфоткаў нейкую вайсковую тэхніку, і за гэта пасадзілі маці. Далі ёй тры гады», — патлумачыў украінец.

Паводле яго, яны ехалі ў Гомель, але іх затрымалі неўзабаве пасьля перасячэньня мяжы. «Сястра Кацярыны сядзела ў ізалятары, а цяпер ужо перавялі на турму. З улікам таго, што адседзела ў ізалятары, лічыцца, што яна ўжо адседзела там адзін год», — паведаміў Мікола П..

«Дзяцей мы змаглі вярнуць. Яе сыну цяпер 14 гадоў, а майму 15, яны былі разам і змаглі выехаць. Іх там не кантралявалі, і мы папрасілі знаёмых ім дапамагчы вярнуцца дадому», — адзначыў украінец.


З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі, на беларускай тэрыторыі пэрыядычна затрымлівалі грамадзян Украіны і судзілі за шпіянаж, агентурную ці выведную дзейнасьць. Агульная колькасьць асуджаных у Беларусі грамадзян Украіны невядомая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG