Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: «Грамадзяне Беларусі — фактычныя і патэнцыйныя ахвяры ўладаў»


Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека супольна з праваабарончым цэнтрам «Вясна» прэзэнтавалі справаздачу аб правах чалавека ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Праваабаронцы заявілі пра масавае парушэньне правоў грамадзян Беларусі дзяржаўнымі ўладамі.

Найбольш характэрных прыкладаў парушэньня правоў чалавека ў пасьлявыбарчы пэрыяд міжнародныя праваабаронцы называюць некалькі: шырокае выкарыстаньне адміністрацыйных зьняволеньняў, што прыводзіць да масавых рэпрэсіяў, умовы ўтрыманьня вязьняў, якія паводле міжнароднай практыкі кваліфікуюцца як катаваньні, а таксама сілавое ўтрыманьне людзей без паведамленьня іх месцазнаходжаньня, што раўназначна выкраданьню грамадзян дзяржавай.

Кіраўнік місіі Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Артак Кіракасян:
Улады страчваюць адэкватнае разуменьне таго, што адбываецца ў краіне.

«Так не павінна быць насамрэч: гэтая краіна вартая лепшага і людзі вартыя лепшага. Уладам пара спыніцца, бо пры рэпрэсіўнай сыстэме, створанай у Беларусі, улады страчваюць адэкватнае разуменьне таго, што адбываецца ў краіне».

Папярэдні маніторынг правоў чалавека ў Беларусі МФПЧ рабіла ў 2008 годзе. З тае пары сытуацыя ў краіне зьмянілася на горшае ў шмат якіх аспэктах: больш жорсткімі сталіся ўмовы перадачы пасылак палітвязьням, зьнішчаная незалежная адвакатура. Праваабаронца Кірыл Карацееў назваў толькі адну станоўчую зьмену:

«Як ні дзіўна, але пасьля масавых крымінальных арыштаў людзі апынуліся не ў СІЗА на Валадарскага, а ў СІЗА КДБ — гэта ня тое што паляпшэньне, але магло быць горш».

Справаздача Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека засьведчыць на міжнародным узроўні, што грамадзяне Беларусі — фактычныя і патэнцыйныя ахвяры дзяржаўных уладаў, падкрэсьліў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Сёньня Літва старшынюе ў АБСЭ, Польшча — у Эўразьвязе, а Ўкраіна — у Радзе Эўропы, і дзякуй богу. Бо нашы суседзі лепш за іншых разумеюць усю складанасьць і драматызм нашай сытуацыі. Думаю, што праз гэтыя структуры будзе працягвацца дастаткова зразумелы палітычны націск у бок уладаў Беларусі, што так не павінна быць».

Міжнародныя праваабаронцы таксама асудзілі разгон і затрыманьні ўдзельнікаў маўклівай акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Свой даклад аб правах чалавека ў Беларусі яны таксама прэзэнтуюць у Жэнэве і Брусэлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG