Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы латвійскі журналіст: «Ніхто не рэагаваў на тое, што мы прадстаўнікі прэсы»


Ужо другі раз адметнасьцю акцыі маўклівага пратэсту становяцца грубыя дзеяньні сілавых структураў супраць журналістаў, якія асьвятлялі гэтую падзею. Увечары 29 чэрвеня ў Менску і Берасьці было затрымана 13 журналістаў, зьбіта 3 (сярод іх — два замежныя рэпартэры), пашкоджана як мінімум тры адзінкі прафэсійнай тэхнікі.

Адзін з затрыманых замежных журналістаў — карэспандэнт Латвійскага радыё Угіс Лібіетыс. У інтэрвію «Свабодзе» ён распавёў пра дзеяньні беларускіх міліцыянтаў і рэакцыю ў Латвіі на ягонае затрыманьне.

Лібіетыс: «На мне вісеў бэджык з афіцыйнай акрэдытацыяй МЗС, я гучна казаў, што я прадстаўнік прэсы. У машыну, куды мяне запхнулі, затаўклі яшчэ 6 журналістаў, з Інтэрфаксу, БелаПАНа, іншых. Ніхто не рэагаваў на тое, што мы прадстаўнікі прэсы, ніхто не даваў тлумачэньняў, чаму нас затрымліваюць. У машыне некаторых фотакарэспандэнтаў прымусілі выдаліць здымкі з фотаапаратаў».

Карэспандэнт: «Ці ёсьць нейкая рэакцыя ў Латвіі з нагоды вашага затрыманьня?»

Лібіетыс: «Здаецца, рэакцыя нават занадта вялікая. Я чытаў, што ўжо Міністэрства замежных спраў асудзіла маё затрыманьне. Сёньня я буду сустракацца з амбасадарам Латвіі, буду тлумачыць, што адбылося.
Я проста рабіў сваю працу, быў на месцы і асьвятляў тое, што адбываецца.

Мая праца — асьвятляць, што адбываецца. Я быў на месцы падзеяў, апісваў іх. Мяне нельга зьвязаць зь нейкай палітычнай беларускай сілай, зь нейкім інтэрнэт-рухам. Я проста рабіў сваю працу, быў на месцы і асьвятляў тое, што адбываецца».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна нагадала, што БАЖ зьвярнуўся да міністра ўнутраных спраў Беларусі адразу пасьля падзеяў папярэдняй акцыі маўклівага пратэсту 22 чэрвеня, патрабуючы правесьці службовы разбор па фактах парушэньня правоў журналістаў, вызначыць вінаватых, выбачыцца перад пацярпелымі журналістамі. Адказу дагэтуль не прыйшло.

Літвіна: «Ня хочацца праводзіць паралелі, але падаецца, што адказам на зварот да міністра былі ўчорашнія чарговыя затрыманьні нашых калегаў. Грубыя затрыманьні, разьбітая апаратура — вось чаго мы сталі сьведкамі. Такія дзеяньні сілавікоў не дадаюць павагі ўладным структурам, яны могуць толькі справакаваць настрой канфрантацыі ў грамадзтве, спрыяць распальваньню непаразуменьня і варожасьці».

Афіцыйных камэнтароў наконт падзеяў 29 чэрвеня пакуль няма. У сваім твітэры Аляксандар Ластоўскі, прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкаму, сёньня раніцай паведаміў, што ідзе на нараду і паспрабуе дабіцца афіцыйнай вэрсіі таго, што адбылося. Аднак на гэты момант ніякіх афіцыйных камэнтароў не прагучала.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG