Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крок Малдовы да Эўропы


12 студзеня Малдова пачала перамовы аб асацыяваным сяброўстве ў Эўразьвязе. Гэтая больш шчыльная форма супрацоўніцтва адкрывае магчымасьць для грамадзянаў краіны мець бясплатныя шэнгенскія візы, магчымае далучэньне да зоны свабоднага гандлю, а ў пэрспэктыве – і поўнае сяброўства ў Эўразьвязе. Пра тое, што можа даць Малдове гэтая дамова, Юры Дракахруст гутарыў з дырэктарам кішынёўскага бюро нашага радыё Васіліў Батнару.



Дракахруст: Гэтыя перамовы аб асацыяваным сяброўстве Малдовы ў ЭЗ – што яны могуць даць краіне?

Батнару: Гэта падобна на дамовы з МВФ. Уласна важныя там ня самыя грошы Фонду, а сыгнал, які дае МВФ для больш багатых
крэдытораў. Таму гэтая дамова з ЭЗ надзвычай важная нават апроч практычных наступстваў, якія безумоўна таксама будуць. Як палітычная падтрымка новых уладаў, як маральнае крэдытаваньне гэта надзвычай істотна. Хаця гэта палка з двума канцамі. Калі камуністы маглі дазволіць сабе мімікрыю – рабіць выгляд, што яны дамаўляюцца з эўрапейцамі, рабілі ўсё па-свойму, новыя ўлады будуць вымушаныя рабіць тое, што абяцаюць Эўразьвязу.

А менавіта рабіць рэформы, якія былі заваленыя папярэднімі ўладамі – рэформа палітычнай сыстэмы, юрыдычнай сыстэмы, забесьпячэньне свабоды друку. Пра бясплатныя візы казалі і камуністы, але выконваць умовы пагадненьняў з ЭЗ яны не сьпяшаліся. У новых уладаў няма выбару – яны будуць вымушаныя рабіць тое, што падпішуць.

Дракахруст: Ну а калі казаць пра практычныя аспэкты гэтага асацыяванага сяброўства – бясплатныя візы, ўдзел у зоне вольнага гандлю ЭЗ, поўнае сяброўства ў ЭЗ. Што з гэтага, і калі Малдове "сьвеціць"?

Батнару: Пакуль самае рэальнае – гэта свабода перасоўваньня. Калі ўлічыць, што ў Малдове засталося прыблізна 2 мільёны чалавек, то хутчэй за ўсё ЭЗ згадзіцца на гэта. Гэта той бонус, які патрэбны ўладам, гэта можна "прадаць" з палітычнага пункту гледжаньня. Але для грамадзянаў Малдовы таксама відавочна, што ЭЗ дапаможа зрушыць з мёртвай кропкі і вырашэньне прыднястроўскай праблемы. Прыднястроўе захоча аб'яднацца з астатняй Малдовай, калі тут узровень жыцьця будзе значна вышэй. І ў гэтым сэнсе ЭЗ дае добры шанец, каб вырашыць і прыднястроўскую праблему.

Дракахруст: А Эўразьвяз рабіў прапановы аб асацыяваным сяброўстве папярэднім камуністычным уладам?

Батнару: Аб асацыяваным сяброўстве не магло быць і гаворкі, бо камуністычныя ўлады добра расьпісвалі эўраінтэграцыю, цытавалі апытаньні, якія давалі 70% за эўраінтэграцыю, але насамрэч у гэты час у Малдове адбываліся рэчы, якія ніяк не ўкладаліся ў гэтыя абавязкі. Былі сыгналы аб парушэньнях правоў чалавека, дастаткова паглядзець справы, якія дайшлі да страсбурскага суда. Новым уладам было вельмі цяжка дамагчыся, каб у новай дамове была згадка аб асацыяваным сяброўстве. А папярэднія ўлады спэкулявалі на тым, што яны зьяўляюцца эўрапейскай пэрыфэрыяй, што яны ня хочуць патрапіць пад кантроль усходніх сілаў і таму чакалі падтрымкі ад Эўропы. Гэта так і было, але да пэўнага ўзроўню. Брусэль з перасьцярогай глядзеў на гэтую палітыку. Новыя ўлады атрымалі не карт-блянш, але добры бонус. Але яго трэба спраўдзіць сур'ёзнымі высілкамі.

Чытайце таксама:

Што такое асацыяцыя з Эўразьвязам? Тлумачэньне прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі наконт статусу стасункаў з Эўразьвязам.

Што атрымае Малдова ад новай дамовы з ЭЗ? Гутарка з аглядальнікам расейскай службы нашага радыё Ўладзімерам Ведрашку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG