Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова выбірае больш чым парлямэнт


29 ліпеня ў Малдове адбудуцца датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Шмат хто называе гэтыя выбары лёсавызначальнымі для краіны. Апазыцыя абвінавачвае кіроўную камуністычную партыю ва ўжываньні незаконных сродкаў перадвыбарчай барацьбы. Інтрыгай выбараў можа стаць вынік Дэмакратычнай партыі, ачоленай былым сьпікерам парлямэнту Марыянам Лупу, які напярэдадні гэтых выбараў выйшаў з камуністычнай партыі.


Пасьля красавіцкіх выбараў у Кішынэве адбыліся масавыя акцыі пратэсту моладзі і прыхільнікаў апазыцыі. Удзельнікі акцыяў на кароткі час занялі парлямэнт і адміністрацыю прэзыдэнта. Сотні зь іх былі арыштаваныя, аднак неўзабаве вызваленыя. На патрабаваньне апазыцыі быў праведзены частковы перападлік галасоў, які аднак не пацьвердзіў сумневы ў перамозе камуністаў.

Уладзімер Варонін
Аднак ім не хапіла літаральна аднаго голасу, каб абраць у парлямэнце камуніста-прэзыдэнта. Пасьля двух няўдалых спробаў абраць кіраўніка дзяржавы дзейны прэзыдэнт Уладзімер Варонін прызначыў датэрміновыя выбары.

Многія лічаць заўтрашнія выбары лёсавызначальнымі для Малдовы. У грамадзтве – раскол, моладзь і гараджане ня надта схільныя давяраць камуністычнай уладзе, яны выступаюць за выразны эўрапейскі выбар.

Камуністы абвінавачваюць апазыцыю ў імкненьні далучыць Малдову да суседняй Румыніі, зь якой Малдова зьвязаная гістарычна і культурна. Падчас красавіцкіх забурэньняў прэзыдэнт Варонін абвінаваціў Румыніі ў арганізацыі беспарадкаў.

Траян Басэску
Бухарэст адкідае гэтыя абвінавачваньні , аднак нядаўна , выступаючы на нашым радыё, прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску параўнаў нядаўнія падзеі ў Кішынэве з антыкамуністычнай рэвалюцыяй 1989 году ў Румыніі.

"Што я магу сказаць упэўнена – мы ўжо бачылі гэта раней. Мы бачылі гэта ў сьнежні 1989 году, калі другі камуністычны лідэр Чаўшэску ня здолеў зразумець сваіх суграмадзянаў і асабліва моладзь".

Масква падтрымала Вароніна ў абвінавачваньнях на адрас Румыніі, ў чэрвені Расея прапанавала ўраду Вароніна крэдыт у памеры паўмільярда даляраў.

Ужо цяпер ў Малдове гучыць шмат крытыкі на адрас цяперашняй выбарчай кампаніі. Прадстаўнікі апазыцыі апавядаюць пра выпадкі ціску на мясцовыя ўлады, пагрозы звальненьня з працы актывістаў апазыцыі, выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу з боку кіруючай кампартыі.

Сёньня з Малдовы была дэпартаваная вялікая група замежных назіральнікаў, прадстаўнікоў краінаў СНД, у тым ліку і Беларусі, якія прыехалі на малдаўскія выбары ад міжнароднай агенцыі ENEMO. Яны мелі дазвол на назіраньне, але сёньня паліцыя заявіла, што яны маюць 24 гадзіны, каб пакінуць Малдову.

Паводле сацыялягічных апытаньняў зараз камуністычная партыя крыху адстае ад 4 апазыцыйных партыяў. Але некаторыя палітолягі не выключаюць, што апазыцыйная Дэмакратычная партыя, на чале з Марыянам Лупу можа пасьля выбараў пайсьці на альянс з камуністамі ў абмен на абраньне Лупу прэзыдэнтам краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG