Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое асацыяцыя з Эўразьвязам?


Тлумачэньне прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі наконт статусу стасункаў з Эўразьвязам.


Трэба перш за ўсё правесьці дакладную мяжу паміж паняцьцямі "асацыяцыя" (association) і "асацыяванае сяброўства" (associated membership).

Першае з іх зьяўляецца даволі распаўсюджаным паняцьцем ў зьнешняй палітыцы ЭЗ, а "пагадненьне аб асацыяцыі” (Association Agreements) – папулярнай формай замацаваньня адносін паміж ЭЗ і яго партнэрамі.

Зараз ЭЗ мае дзеючыя пагадненьні аб асацыяцыі з Тунісам, Ізраілем, Марока, Ярданіяй, Эгіптам, Палестынскай аўтаноміяй (пераходнае пагадненьне) і Чылі. Такія пагадненьні таксама падпісаны (хоць яны яшчэ не ўступілі ў сілу) з Альжырам і Лібанам.

Як бачым, акрамя Чылі, усе гэтыя краіны ўваходзяць у міжземнаморскую інтэграцыйную сыстэму, мэта якой – інтэграцыя краін ЭЗ зь яго паўднёвымі і усходнімі міжземнаморскімі партнэрамі. У яго рамках закладваюцца ўмовы для стварэньня зоны свабоднага гандлю паміж ЭЗ і яго міжземнаморскімі партнэрамі, каардынуецца палітыка ў сфэры міграцыі і бясьпекі. Чакаецца, што нядаўняя ініцыятыва Францыі, падтрыманая краінамі ЭЗ на апошнім пасяджэньні Эўрапейскай Рады – стварэньне так званага "Саюзу для Міжземнамор'я" (Union for the Mediterranean), ўзмацніць гэты працэс.

Апошнія ініцыятывы ЭЗ сьведчыць аб тым, што геаграфічнае прастора "пагадненьняў аб асацыяцыі" Зьвяз імкнецца распаўсюдзіць значна далей ад кола сваіх суседзяў. Мы ўжо згадвалі аб Чылі – краіну, з якой Зьвяз мае адносіны "асацыяцыі" ад 2002 года. Цяпер ідуць перамовы аб заключэньні такіх пагадненьняў аб асацыяцыі паміж ЭЗ і Арганізацыяй паўднёваамэрыканскага агульнага рынку (МЕРКОСУР – Бразілія, Аргентына, Уругвай, Парагвай і Вэнэсуэла), Андзкай супольнасьці (Балівія, Калюмбія, Эквадор, Пэру) і краінамі Цэнтральнай Амэрыкі (Коста-Рыкай, Сальвадорам, Гватэмалай, Гандурасам, Нікарагуа і Панамай ў якасьці назіральніка).

Акрамя падобных падпісаных пагадненьняў, існуюць таксама іншыя формы адносінў ЭЗ зь яго партнэрамі, у якіх таксама ўтрымліваецца слова "асацыяцыя". Адным з прыкладаў можна назваць Пагадненьне аб стабілізацыі і асацыяцыі ( Stabilisation and Association Agreement, SAA) – фармат пагадненьня паміж ЭЗ і краінамі балканскага рэгіёну. У адрозьненьні ад пагадненьняў аб асацыяцыі з краінамі Міжземнамор’я, SAA з балканскімі краінамі ўтрымліваюць пэрспэктывы больш шчыльнай інтэграцыі з ЭЗ аж да будучага сяброўства ў Зьвязе.

Турцыя – краіна-кандыдат на ўступленьне ў ЭЗ – таксама мела Пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам (падпісанае яшчэ ў 1964 г.), якое ў 1995 годзе было ператворанае ў Пагадненьне аб стварэньні мытнага саюза. Падобным чынам, многія краіны Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, перш чым далучыцца да ЭЗ, заключалі з Саюзам так званыя "Эўрапейскія пагадненьні" (Europe Agreements), якія "ўсталёўвалі адносіны асацыяцыі" (establishing an association) паміж імі і ЭЗ, і ў якіх была вызначаная пэрспэктыва іх "поўнай інтэграцыі" у аб'яднаную Эўропу.

Аб'ядноўваючы ўсе гэтыя прыклады, можна падсумаваць, што само па сабе паняцьце асацыяцыі можа тлумачыцца рознымі спосабамі ў залежнасьці ад фармату адносін канкрэтнай краіны або рэгіёну з ЭЗ; пры гэтым па-сапраўднаму важкую ролю адыгрывае не столькі само слова "асацыяцыя", колькі канкрэтны зьмест пагадненьня.

У адрозьненьне ад "асацыяцыі" – вельмі распаўсюджанага тэрміну ў адносінах ЭЗ з яго партнэрамі, паняцьце "асацыяванага сяброўства ў ЭЗ" з'яўляецца фактычна пустой: гэтага фармату адносін з краінамі-партнэрамі ў Эўрапейскім Зьвязе Саюзе не існуе.

Паняцьце "асацыяванага сяброўства" адсутнічае і ва ўстаноўчых дамовах ЭЗ (своеасаблівых канстытуцыйных актах Зьвязу), і ў тэксьце новай Лісабонскай дамовы. Ніводная краіна не зьяўляецца зараз "асацыяваным сябрам” ЭЗ.

Іншымі словамі, тая ці іншая эўрапейская краіна зьяўляецца або не зьяўляецца сябрам ЭЗ. Пры гэтым краіна, якая не ўваходзіць у ЭЗ, можа ўдзельнічаць у шэрагу яго інтэграцыйных працэсаў (напрыклад, Нарвэгія і Ісляндыя, якія не уваходзячы ў Зьвяз, зьяўляюцца сябрамі Шэнгенскай прасторы). З іншага боку, краіна, якая ўваходзіць у ЭЗ, можа не ўдзельнічаць у шэрагу яго інтэграцыйных працэсаў (Злучанае Каралеўства сьвядома не ўваходзіць ні ў Шэнгенскую прастору, ні ў зону эўра). Аднак гэта нічога не мяняе ў статусе краіны: яна зьяўляецца або не зьяўляецца сябрам Эўрапейскага Зьвязу, гэта значыць, яна мае або не мае галасы ў яго інстытутах.

Краіна, якая падала заяўку на сяброўства ў ЭЗ, мае статус "краіны-заяўніцы" (applicant country); краіна, чыю заяўку на сяброўства падтрымалі, мае статус "краіны-кандыдата" (candidate country), а краіна, якая мае пэрспэктыву сяброўства ў ЭЗ (у адпаведнасьці з пагадненьнямі са Зьвязам), аднак яшчэ не падала заяўкі, называецца звычайна "патэнцыяльнай краінай-кандыдаткай" (potential candidate country). Аднак яшчэ раз паўторым, адносіны ЭЗ зь яго партнэрамі не прадугледжваюць статусу "асацыяванага сябра".

Вынікі

У гэтым артыкуле мы паспрабавалі паказаць, якімі неадназначнымі ёсьць паняцьці "асацыяцыі" і "асацыяванага сяброўства". З аднаго боку, "асацыяванага сяброўства" як фармату адносін наогул не існуе ў гэтым Зьвязе, таму менавіта гэтае словазлучэньне можна лічыць пазбаўленым канкрэтнага зьместу. З другога – паняцьце "асацыяцыі" зьяўляецца надзвычай шырокім, а яго зьмест, уласна, залежыць ад зьместу канкрэтнага пагадненьня ЭЗ з канкрэтнай краінай, зь якой ён будуе адносіны. Бо існуе вялікая адлегласьць паміж "Эўрапейскім пагадненьнем" паміж ЭЗ і Польшчай, якая мела пэўную пэрспэктыву далучэньня да ЭЗ і ў рэшце рэштаў стала сябрам ЭЗ, і "Дамовай аб асацыяцыі" паміж ЭЗ і Чылі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG