Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сьвяточная” хроніка крызісу: 20 — 26 сьнежня


У дакрызісныя гады калядных канікул у прамысловых прадпрыемстваў Беларусі практычна не было. Cёлета адміністрацыі многіх суб’ектаў гаспадараньня вымушаныя ісьці на такі крок, паколькі няма магчымасьці загрузіць вытворчасьць. На шэрагу заводаў адпачынак расьцягваецца ня толькі ад Калядаў да канца году, але няма пэўнасьці і з пачаткам 2010-га.


Менскі аўтазавод 31 сьнежня будзе працаваць на дзьве траціны. А на трактарным гэта выходны дзень. Старшыня прафкаму МТЗ Аляксандар Карцаў ўдакладняе:


«31-га згодна з графікам у нас выходны дзень. 4-га выходзім на працу. Працуем яшчэ да адных калядных сьвятаў. А потым выходзім, і ўсе дні з панядзелка да пятніцы працуем. Рабіць трэба, а не гуляць. Людзям ужо надакучыла гуляць».


На Менскім трактарным заводзе ў сьнежні тры пятніцы запар былі непрацоўнымі. У студзені, з улікам сьвяточных дзён, працоўных дзён назьбіраецца ўсяго 18. На МАЗе пакуль ня вырашылі, ці пойдуць машынабудаўнікі на вакацыі ў студзені. Паводле начальніка ўпраўленьня маркетынгавых камунікацый Вольгі Ісер, пра гэта стане вядома 28 сьнежня:


Рабіць трэба, а не гуляць. Людзям ужо надакучыла гуляць.
«Пра канікулы ў мяне на сёньня няма такіх дадзеных. Гэта пытаньне вырашаецца. Яно абмяркоўваецца, і, хутчэй за ўсё, у панядзелак у мяне будзе нейкае рашэньне».


Кожны з 27 тысяч працаўнікоў галаўнога прадпрыемства атрымаў да сьвятаў харчовы паёк — пакунак зэфіру, каўбаса, распушчальная кава і бляшанка чырвонай ікры. Што да прадукцыі МАЗу, якая застаецца на складах, Вольга Ісер сказала, што нічога істотнага ў гэтым накірунку не адбылося:


«Зразумела, што прадукцыя на складах яшчэ прысутнічае, але яна нас не пужае. З улікам таго, што ў нас цяпер новае кіраўніцтва, зададзены новы тэмп, новыя захады па зьніжэньні сабекошту, эфэктыўнасьць вытворчасьці — яны ўсе будуць прынятыя ў найбліжэйшыя месяцы, і мы не сумняемся, што наступны год будзе пасьпяховым для нас».


Адзін з лідэраў прафсаюзнага руху Аляксандар Бухвостаў адзначыў, што сытуацыя на шмат якіх прадпрыемствах дрэнная. Асабліва на тых, якія зьвязаныя з забесьпячэньнем працы МАЗа: практычна спыняюцца агрэгатныя заводы — Баранавіцкі, Асіповіцкі, іншыя:

«На МАЗе ўжо больш за 3,5 тысячы кантрактаў не працягнута. Таксама вялікая колькасьць на МТЗ. І гэта натуральны працэс, бо больш за 7 тысяч машын стаіць на аўтамабільным заводзе. Новы генэральны нібыта абяцаў, што ўсе машыны прададуць. Але тое, што сытуацыя пагаршаецца і ў наступным годзе будзе яшчэ горш — гэта адназначна. Пагроза масавага беспрацоўя павялічваецца. Я бяру найперш машынабудаўнічую галіну».

На Магілёўшчыне аб’ём запасаў незапатрабаванай прадукцыі складае 558 мільярдаў рублёў. Вялікая яе частка прызначалася для расейскіх спажыўцоў. Але цяпер яны ня надта ахвочыя браць беларускае.

Гандлёвы дом у расейскай Ялабузе дапамагае бабруйскаму заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў прадаваць яго прадукцыю. Як зазначае прадстаўнік адміністрацыі гандлёвага дому, няма падставаў хаваць цяжкасьцяў зь яе збытам:


«Адной з прычынай зьяўляецца тое, што Расея не дае крэдытаў на беларускую тэхніку. Толькі на расейскую. Таму й продажу няма гэтых трактароў».


На бабруйскім заводзе таксама адзначаюць цяжкасьці ў стасунках з расейскімі спажыўцамі:


«Мы стараемся іх вырашаць. Калі наш пакупнік добра працуе на расейскім рынку, іншым разам мы ідзём на саступкі. Падаўжаем тэрміны аплаты. Канечне, гэта наносіць шкоду прадпрыемству, бо мы ў час не атрымліваем грашовыя сродкі. З другога боку, ён наш пакупнік не на адзін дзень, мы працуем на доўгатэрміновую пэрспэктыву, даводзіцца ісьці на саступкі».


52 прамысловыя арганізацыі вобласьці працуюць са стратамі. Гэтыя страты ацэньваюцца ў 100 мільярдаў рублёў (летась было 25 мільярдаў). У рэгіёне 28 тысяч чалавек за 9 месяцаў былі занятыя на вытворчасьці няпоўны працоўны тыдзень. Звольнена з розных прычын 75 тысяч чалавек.


Складанасьці са збытам прадукцыі зазнаюць ня толькі мясцовыя вытворцы, але і замежныя інвэстары.

Нямецкая група Bosch адной зь першых прыйшла ў Беларусь, замацаваўшыся ў шэрагу стратэгічных нішаў: ацяпляльнае абсталяваньне, сыстэмы аховы, запчасткі да аўтамабіляў, бытавая тэхніка і электраінструмэнты. Аднак згортваньне падчас крызісу цэлых галінаў эканомікі наўпрост паўплывала на таварную экспансію — практычна ўсё зь пералічанага страціла аб’ёмы, характэрныя для папярэдняга году.


Аб’ёмы ў якіх галінах кампанія зьбіраецца калі не нарасьціць, то прынамсі захаваць ў наступным годзе?


Кіраўнік прадстаўніцтва Bosch у Беларусі Ўладзімер Рыбалоўлеў:


«Цяжка зараз сказаць пра долю, якую Bosch будзе займаць на рынку. Але, прыкладам, па электраінструмэнтах пастараемся ўсё ж не выпускаць свае 50% рынку, будзем працягваць змагацца за гэтую палову. Па аўтазапчастках таксама доля добрая. Зараз складана сказаць, якая менавіта, але ва ўсялякім выпадку падчас апошніх размоваў з нашымі буйнымі кліентамі, такімі як „Аўтаспэйс“, „Шатэ-М“ ды іншымі, мы бачым іхнюю далейшую цікавасьць да нашай праграмы. Асабліва шчыльнае ўзаемадзеяньне з Bosch-сэрвісамі. Таксама, думаю, добра будзе разьвівацца тэрматэхніка, таму што людзі зацікаўленыя ў нашых энэргазьберагальных сыстэмах».


Міністэрства эканомікі Беларусі прапануе ўвязаць матэрыяльнае стымуляваньне кіраўнікоў з выкананьнем прагнозных парамэтраў эканамічнага разьвіцьця.

Міністар эканомікі Мікалай Снапкоў заявіў наступнае: «Для ўзмацненьня адказнасьці мэтазгодна перазаключыць кантракты з кіраўнікамі падпарадкаваных арганізацый з тэрмінамі заканчэньня 1 студзеня 2011 года, — прапанаваў міністар. — Прадугледзець абавязацельствы па выкананьні тэмпаў росту вытворчасьці пры адпаведным матэрыяльным стымуляваньні ў залежнасьці ад іх выкананьня».


Снапкоў падкрэсьліў, што важнейшым крытэрыем працы прадпрыемстваў — дасягненьне ў 2010 годзе заплянаваных парамэтраў росту заработнай платы. Маўляў, ў беларускай эканомікі дастаткова для гэтага рэзэрваў. Па разьліках чыноўніка, зьніжэньне матэрыяльных затрат на 1% дае магчымасьць павялічыць заработную плату на 4%. Нагадаем, што ня так даўно Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб сярэдні заробак у Беларусі на канец 2010 году выйшаў на ўзровень ня меней за 500 даляраў.


Больш за 688 мільёнаў даляраў у рамках праграмы stand-by Міжнароднага валютнага фонду паступілі на гэтым тыдні ў Беларусь.

Усяго МВФ выдзеліў Беларусі ў рамках праграмы амаль 3 мільярды даляраў з абяцаных 3,6 мільярдаў. Нагадаем, што МВФ прыняў рашэньне аб ажыцьцяўленьні разам зь беларускімі ўладамі 15-месячнай праграмы ў студзені 2009 года, а ў чэрвені аб’ём фінансаваньня быў павялічаны на 1 мільярд даляраў.


Паралельна Беларусь атрымала пазыку ад Сусьветнага банку памерам 200 мільёнаў даляраў. Аднатраншавая пазыка выдзяляецца на падтрымку эканамічнай праграмы ўрада, накіраванай на ліквідацыю сацыяльных наступстваў крызісу і паглыбленьне структурных рэформ, якія забясьпечваюць аснову для аднаўленьня ўстойлівага эканамічнага росту.


Экспэрты адзначаюць, што цягам гэтага году Беларусь перакрочыла небясьпечную крэдытную мяжу, якая ставіць пад пагрозу ўсю фінансавую сыстэму дзяржавы. Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч у сваім эканамічным падсумаваньні году падлічыў: агульны памер дзяржаўнага доўгу краіны дасягнуў 11 мільярдаў даляраў. Паводле Багданкевіча, рост даўгоў у многім выкліканы адмоўным сальда зьнешняга гандлю, аднак надзеі на аднаўленьне ў 2010 годзе пазыцый на вонкавых рынках яму падаюцца ілюзорнымі. У выніку кіраўніцтва Беларусі па-ранейшаму арыентуецца на крэдытныя сродкі, не спадзеючыся разбагацець на продажы беларускай прадукцыі.


Тым часам нечаканыя вынікі дасьледаваньня агучыў Інстытуту Гэлапа. Жыхары 12 з 15 постсавецкіх краінаў пачалі больш давяраць мясцовай валюце ці эўра. Найніжэйшы давер да даляра зафіксаваны ў Расеі і Літве (4%). З аслабленьнем вартасьці даляра ў гэтых ды іншых дзяржавах давер пераключыўся на мясцовыя валюты і эўра.


А вось у Беларусі іншая скрайнасьць: беларусы маюць найменшы давер да нацыянальнай валюты — рубля. З табліцы бачна, у якіх валютах намагаюцца захоўваюць свае зьберажэньні жыхары постсавецкіх краінаў.


КраінаУ мясцовай валюцеУ далярахУ эўраУ некалькіх валютахНя ведаюНявыгадна
%%%%%%
Туркмэністан79123312
Азэрбайджан69179222
Армэнія5314181410
Казахстан4112128621
Кіргістан4021112322
Таджыкістан342973226
Расея33416101323
Узбэкістан3241211212
Малдова327369213
Украіна27101910925
Грузія2024381314
Латвія197535611
Літва174563713
Беларусь13172122721
Эстонія1074711817

Нягледзячы на нядаўняе ўмацаваньне даляра, дадзеныя Гэлапа ставяць пад сумненьне будучыню сусьветнай залежнасьці ад амэрыканскай валюты. Многія з краін былога СССР ужо схіляюцца да ідэі замяніць рэзэрвы ў далярах іншай наднацыянальнай валютай.

XS
SM
MD
LG