Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія гатовая патраціць 600 млн. эўра на "Ўсходняе партнэрства"


Эўракамісія, якая падтрымала палітыку "Ўсходняе партнэрства", працягвае работу па яе напаўненьні.


Як падае БелаПАН, Эўракамісія апублікавала схему разьмеркаваньня сродкаў так званага рэгіянальнага бюджэту, выдзеленых на праграмы "Ўсходняга партнэрства". 600 млн. эўра на чатыры гады разьбітыя наступным чынам: 2010 год — 85 млн. эўра; 2011 год — 110 млн.; 2012 год — 175 млн.; 2013 год — 230 млн.

Сродкі разьдзеленыя на тры групы: на комплексныя праграмы інстытуцыянальнага будаўніцтва (175 млн. эўра), каб падтрымаць рэформы ў краінах-партнэрах; на пілётныя праграмы рэгіянальнага разьвіцьця (75 млн. эўра) для сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёну; на шматбаковыя праекты (350 млн. эўра).

Беларусь, Літва і Украіна ўжо прадставілі каля 20 сумесных праектаў рэгіянальнага значэньня, у прыватнасьці ў галіне энэргетыкі, транспарту, транзыту, кіраваньня межамі, агульнай культурнай і гістарычнай спадчыны.

У палітыцы "Усходняга партнэрства" ўдзельнічаюць 27 членаў Эўразьвязу і шэсьць партнэраў: Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG