Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гэтую тэму Юры Дракахруст гутарыў з аглядальнікам расейскай службы нашага радыё Ўладзімерам Ведрашку.


Дракахруст: Гэтыя перамовы аб асацыяцыі Малдовы з ЭЗ – што яны могуць даць краіне?

Ведрашку: Перамовы як такія нічога асаблівага даць ня могуць, акрамя таго, што краіна будзе фігураваць у шэрагу краінаў, якія вядуць
перамовы аб асацыяваным сяброўстве ў ЭЗ. У наш час любая эўрапейская краіна, якая знаходзіцца ў стане перамоваў з ЭЗ, крыху падвышае свой статус. Па-другое, яна паказвае Расеі, што вядзе самастойную палітыку. І па-трэцяе яна раздражняе Расею.

Чаму ў сытуацыі з Малдовай так важна, што думае Масква? Таму што ў складзе Малдовы юрыдычна знаходзіцца Прыднястроўе. Прыднястроўская праблема дагэтуль ня вырашаная, рашэньне яе не праглядаецца і яно залежыць ад Масквы.

Мне пра гэта экспэрты ў галіне бясьпекі і геапалітыкі ў Кішынёве, пра гэта мне казалі экспэрты ў Бухарэсьце. Гэта відавочна для людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе ці непадалёк ад яе і ў Малдове і ў Румыніі.

Дракахруст: Калі казаць пра практычныя аспэкты асацыяцыі -- бясплатныя візы, ўдзел у зоне вольнага гандлю ЭЗ, поўнае сяброўства ў ЭЗ. На што з гэтага і калі Малдова можа разьлічваць?

Ведрашку: Каб даваць ільготы, трэба, каб было зразумела, каму яны даюцца. Ці дае іх ЭЗ прыднястроўцам? А калі ў іх расейскія пашпарты, то атрымліваецца, што ільготы даюцца грамадзянам Расеі?
Што да бясплатных візаў у Румынію і атрыманьне румынскага грамадзянства, то гэтыя пытаньні вырашаюцца ўжо шмат гадоў. Вырашаюцца па рознаму і тут усё залежыць ад чыноўнікаў. І гэта – галоўная праблема, праблемы і Румыніі, і Баўгарыі, і якая зьяўляецца асабліва вострай у Малдове. Гэта праблема карупцыі. Пакуль яна ня будзе вырашаная, Эўразьвяз ня будзе даваць ільготы малдоўскім грамадзянам.

Магчыма, гэта будзе даўгі працэс перамоваў, падчас якіх улады павінны будуць зрабіць пэўныя крокі, каб Малдова атрымала статус асацыяванага сябра ЭЗ.

Так што заўчасна казаць, што атрымае Малдова. Яна атрымае абавязак шмат працаваць, каб адпавядаць стандартам краіны, якая зьяўляецца асацыяваным сябрам Эўразьвязу.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG