Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – Італія: спадзяваньне на непераборлівасьць


У дзясятцы асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі Італія месьціцца на 9-м месцы. Яна — асноўны гуманітарны партнэр Беларусі ў справе аздараўленьня дзяцей. Італія ня мае прэтэнзіяў да “апошняга эўрапейскага дыктатара”. У беларускім актыве — хіба што спартовая інтэграцыя.

Бэрлюсконі. Зь візітам. У Менск


Італія - другі дом для беларускіх дзяцей


Італія — асноўны гуманітарны партнэр Беларусі ў справе аздараўленьня дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Тысячы беларускіх хлопчыкаў і дзяўчатак лічаць Італію другім домам, а некаторыя, як паказвае досьвед, адчуваюць сябе на Апэнінах нават больш камфортна, чым на радзіме.

Напаўдэтэктыўная гісторыя з выхаванкай вілейскага дзіцячага інтэрнату Вікай Мароз тры гады таму нарабіла шуму на ўсю Эўропу. 20 дзён муж і жонка Джуста-Барначын хавалі дзяўчынку ў кляштары, не жадаючы разьвітвацца зь беларускай сіратой. Практычна сілавое вяртаньне Вікі дадому спрычынілася адразу да замарожваньня праграмаў выезду беларускіх дзяцей у Італію, а пасьля — да жорсткай фільтрацыі кандыдатаў на рэабілітацыю. Дарэчы, узрушаныя італьянцы пра тую гісторыю зьнялі кінастужку. Тым часам, па словах Міхаіла Казлоўскага, старшыні дабрачыннай арганізацыі “У будучае — з надзеяй”, паступова італьянскі кірунак у чарнобыльскіх праграмах з аб’ектыўных прычынаў звужаецца:

“Паводле дадзеных, дзесьці каля 40 тысяч чалавек штогод выяжджаюць на аздараўленьне за мяжу. Каля паловы ў гэтай статыстыцы — Італія, то бок блізу 20 тысяч дзяцей. Але кожны год праграма зьмяншаецца. І ня толькі ў Італіі, але і ў астатніх краінах. І канкрэтна выпадак зь Вікай Мароз наўрад ці ў гэтым сэнсе быў нейкі вырашальны. Тут розныя прычыны, свая спэцыфіка. Зьмяніліся самі сем’і, якія запрашалі дзяцей на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х. Нашы выхаванцы, якія туды езьдзілі, ужо вырасьлі, свае дзеці таксама сталі дарослымі. Самі людзі пастарэлі і проста фізычна ня могуць браць удзел у гэтых праграмах. Гэта галоўная прычына. А новыя людзі да гэтага ўжо цяжка прыходзяць. І такая сытуацыя практычна па ўсіх краінах Эўропы”.

Віка Мароз хоча вярнуцца ў Італію
Віка Мароз: “Маё найвялікшае жаданьне — убачыць маму і тату”
32% італьянцаў не аддалі б Віку Мароз у Беларусь
У Італіі завершанае расьледаваньне па справе сямейнай пары Джуста-Барначын


Афіцыйны Рым першым у ЭЗ павітаў Лукашэнку


Шырыня душы па-італьянску ўласьцівая і кіраўніцтву дзяржавы. Італія — адзіная краіна Эўразьвязу, урад якой фактычна ня мае прэтэнзіяў да Аляксандра Лукашэнкі, які атрымаў рэпутацыю “апошняга эўрапейскага дыктатара”. Сёлета ў красавіку пра гэта казаў сам Сыльвіё Бэрлюсконі падчас сустрэчы ў Рыме з Лукашэнкам, які сумясьціў кароткае гасьцяваньне з паездкай у Ватыкан да папы Бэнэдыкта XVI. Цяпер вось — візыт у адказ.

Рым будзе дамагацца адмены санкцыяў ЭЗ для Лукашэнкі
Лукашэнка ў Ватыкане
Папа пабачыў двух Лукашэнкаў. Але аўдыенцыю даў аднаму
Рымскія вакацыі беларускага прэзыдэнта

Але палітычным стасункам істотна саступаюць эканамічныя. Аб’ём беларускага экспарту ў Італію за першае паўгодзьдзе 2009-га склаў усяго 70 мільёнаў даляраў, але нават гэтая сума — толькі палова ад аналягічных паказьнікаў 2008 году. Ці ёсьць падставы чакаць эканамічнага прарыву зь візытам Бэрлюсконі?

Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан на гэты конт выказвае больш пэсымізму, чым мае аптымістычных чаканьняў:
Валянцін Лопан
“Па Італіі пэрспэктывы? Тэарэтычна МАЗ ці іншыя могуць зрабіць тэхніку паводле цяперашніх эўрапейскіх стандартаў. Перадусім гэта тычыцца стандарту “Эўра-4” па экалягічнай бясьпецы. Такую тэхніку з імпартаванымі рухавікамі той жа МАЗ можа зрабіць і потым туды пастаўляць. Але наўпрост сабраць у Беларусі і паставіць праблематычна з адной простай прычыны: у Эўразьвязе вельмі высокая ўвозная пошліна — 22,5%. У нас сымэтрычна такіх пошлінаў няма, таму ў адны вароты ідзе гульня па экспарце-імпарце. Да таго ж, што тычыцца грузавікоў, то там свая “Івэка”. Прычым там вельмі шмат сямейных, прыватных прадпрыемстваў. Гігантаў, апроч “Фіяту”, мабыць, няма. Таму тэарэтычна — так, але практычна вельмі цяжка ўявіць, што можна туды пастаўляць з прамысловасьці”.

Карэспандэнт: “Што тычыцца трактароў — таксама экалягічныя праблемы?”

“Там трактары свае таксама ёсьць, яны зараз з кімсьці ў міжнародным альянсе. Увогуле Італія ў прамысловым пляне вельмі разьвітая краіна. І знайсьці на тамтэйшым рынку якуюсьці для сябе нішу вельмі няпроста. Ня кажучы ўжо пра мытныя пошліны”.

Разам з тым, па словах Валянціна Лопана, некаторыя беларускія прадпрыемствы набываюць камплектуючыя для сваёй прадукцыі якраз у Італіі:

“Так, сёе-тое набываюць і зь ліку нашых кліентаў. МАЗ-МАН купляе менавіта італьянскія масты для пагрузчыкаў. То бок нам ёсьць што там набыць, перадусім у частцы нейкіх кампанэнтаў, вузлоў. Яны там вырабляюцца і надзвычай добрай якасьці”.


Буон джорна, Беларусь!


Італьянская прысутнасьць у Беларусі заўважная збольшага ўскосна. Мэбля з Італіі трывала знаходзіцца ў пераліку прадметаў раскошы. Сынонімам якасьці — італьянская сантэхніка і керамічная плітка, модны італьянскі абутак і вопратка. У Менску нямала рэстарацый італьянскай кухні, дзе завіхаюцца і тамтэйшыя кухары. Свой дылерскі цэнтар мае ў сталіцы аўтавытворца “Фіят”. Паводле чутак, італьянскія архітэктары зарабляюць у Беларусі, аздабляючы кватэры заможных беларусаў. Сталых прыхільнікаў мае беларуская каманда “Да Вінчы”, якая прапагандуе ў Беларусі італьянскую музыку.

У беларускім актыве — хіба што спартовая інтэграцыя. Менавіта з Італіі пачалося асваеньне замежных тэрыторый беларускімі футбалістамі, а запрашэньне на пачатку 1990-х менскага дынамаўца Сяргея Алейнікава пад сьцягі італьянскага “Ювэнтуса” дагэтуль застаецца знакавай падзеяй. Цяпер у Італіі за розныя каманды гуляе вялікі дэсант беларускіх спартоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG