Лінкі ўнівэрсальнага доступу

32% італьянцаў не аддалі б Віку Мароз у Беларусь


Судовае паседжаньне па справе незаконнага ўтойваньня беларускай сіраты Вікі Мароз пяцю прадстаўнікамі сям’і Джуста-Барначын ды двума каталіцкімі сьвятарамі, якое мусіла адбыцца сёньня ў Генуэзкім Палацы справядлівасьці, перанесена на 23 красавіка.


Як паведамляе агенцыя AGI, такое рашэньне прыняў судзя Масіма Дэпляна. Падрабязнасьцяў італьянскі друк не падае.

Напярэдадні працэсу сталі вядомымі вынікі апытаньняў грамадзкай думкі на тэму: “Як бы вы паступілі на месцы сям’і Джуста-Барначын?”. Апытаньні былі праведзеныя супрацоўнікамі італьянскага дасьледчага цэнтру Axis Market Research. Як вынікае, 8 з 10 італьянцаў добра памятаюць гісторыю зь Вікай Мароз і працягваюць узгадваць яе. Прыкладна 32% апытаных на месцы сужэнцаў з Кагалета паступілі б гэтак жа. У сваю чаргу, 27% сказалі, што не пайшлі б на парушэньне закону. 41% апытаных лічаць справу вельмі далікатнай і ня ведаюць, як бы яны паступілі на месцы Джуста-Барначын.

Як падкрэсьліваюць дасьледчыкі, у іх задачу зусім не ўваходзіць апраўданьне сужэнцаў. Тэма вінаватасьці – невінаватасьці Джуста-Барначын не прысутнічае ў апытаньні. Паводле сацыёлягаў, іх найперш цікавіла, як іншыя італьянцы паводзілі б сябе ў падобнай сытуацыі.

Нагадаем, што ў верасьні 2006 год сямейная пара з Кагалета Алесандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын, у якой гасьціла на вакацыях беларуская сірата Віка Мароз, вырашыла не аддаваць дзяўчынку назад у Вілейскі інтэрнат. Цягам 20 дзён маці сужэнцаў хавалі сірату ў кляштары ў швайцарскіх Альпах.
XS
SM
MD
LG