Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рым будзе дамагацца адмены санкцыяў ЭЗ для Лукашэнкі


Сыльвіё Бэрлюсконі

Сыльвіё Бэрлюсконі

Італія пацьвярджае сваю ролю ў якасьці пасярэдніка паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай, а італьянскі прэм’ер - міністар Сільвіё Бэрлюсконі ў стане скарыстаць свой уплыў у пытаньні магчымай адмены санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да беларускага кіраўніка Лукашэнкі, пішуць палітычныя аглядальнікі інтэрнэт-выданьня L'Occidentale.

У Рыме мяркуюць, што Беларусь, якая мае імідж “апошняга камуністычнага бастыёну”, шукае шляхі да вызваленьня ад залежнасьці з Расеяй.

Выданьне піша пра візыт ў Менск міністра замежных справаў Франка Фратыні і пра яго перамовы зь беларускім прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. Размова ішла пра эканамічнае супрацоўніцтва – цяпер у Беларусі дзейнічаюць больш за 80 італьянскіх кампаніяў, уключна з такімі як Finmeccanica и Fiat. Аднак, падкрэсьліваюць аглядальнікі, эканоміка не зьяўляецца адзінай сфэрай супрацоўніцтва.

Італія бярэ на сябе абавязаньні сабраць групу эўрапейскіх краін, якія б падтрымалі адмену візавых санкцыяў, якія былі ўведзеныя Брусэлем ў 2006 годзе ў дачыненьні да шэрагу высокіх беларускіх чыноўнікаў і якія былі прыпыненыя на 9 месяцаў сёлета ў сакавіку, піша L'Occidentale.

Нагадаем, што Франка Фратыні падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што прэм'ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі бліжэйшым часам наведае зь візытам Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG