Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Італіі наведвае Беларусь


Франка Фратыні

Франка Фратыні

Франка Фратыні сустрэнецца зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Бакі абмяркуюць шырокае кола актуальных пытаньняў двухбаковага беларуска-італьянскага супрацоўніцтва, узаемадзеяньне Беларусі і Італіі ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях, тэматыку дыялёгу па лініі Беларусь-ЭЗ, уключаючы ініцыятыву “Ўсходняе партнэрства”, паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі.

Плянуецца, што міністры замежных спраў Беларусі і Італіі падпішуць Сумесную беларуска-італьянскую дэклярацыю аб адукацыйных праграмах.

Напярэдадні міністар Фратыні падкрэсьліў, што ягоная паездка ў Беларусь адбудзецца ў адказ на візыт у Рым прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і ў знак умацаваньня сувязяў паміж Італіяй і Беларусьсю.

Сёлета ў красавіку Італія стала першай краінай, якая, паводле вызначэньня італьянскіх мэдыяў, вітала дзяржаўнага кіраўніка, які мае рэпутацыю “апошняга дыктатара Эўропы”.

У красавіку 2009 году Аляксандар Лукашэнка наведаў Ватыкан і Італію.

У Рыме ён сустракаўся з прэм'ер-міністрам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі. Бэрлюсконі ладзіў ў гонар кіраўніка Беларусі вячэру. На гэтай вячэры прысутнічаў міністар замежных справаў Італіі Франка Фратыні.

Яшчэ раней Франтыні апублікаваў ў Corriere della Sera заклік да Аляксандра Лукашэнкі паважаць правы беларускіх грамадзянаў. У сваім адкрытым лісьце кіраўнік італьянскага МЗС заявіў, што неабходна дапамагчы Беларусі ўстаць на паступовы шлях дэмакратычнай эвалюцыі.

Пры гэтым італьянскі міністар — адзін зь першых высокіх палітыкаў ЭЗ, які публічна выказаўся за тое, каб запрасіць Аляксандра Лукашэнку на травеньскі саміт у Прагу 7 траўня 2009 году.
XS
SM
MD
LG