Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віка Мароз хоча вярнуцца ў Італію


Віка Мароз разам зь італьянскай сям’ёй, 2006 год

Віка Мароз разам зь італьянскай сям’ёй, 2006 год

Былая выхаванка Вялейскага дзіцячага дому Віка Мароз працягвае жыць у сям’і Алены і Сяргея Васілеўскіх у Жодзіна. Дзяўчынка патрапіла да Васілеўскіх пасьля таго, як улады Беларусі вярнулі яе зь італьянскай сям’і Алесандра Джуста і Марыі-К’яры Барначын і забаранілі яе міжнароднае ўдачарэньне. Як зараз складваецца лёс 13-гадовай Вікторыі цікавілася Галіна Абакунчык.

Віка Мароз распачала новы навучальны год у 8-клясе адной з жодзінскіх школ. З гэтага і распачынаем гаворку зь дзяўчынкай:

Карэспандэнтка: “Дзень добры, Віка”.

Віка: “Дзень добры”.

Карэспандэнтка: “Віншую цябе з пачаткам новага навучальнага году”.

Віка: “Дзякую”.

Карэспандэнтка: “Ты беларускую мову разумееш?”

Віка: “Ну, ня вельмі”.

Карэспандэнтка: “А італьянскую?”

Віка: “Так”.

Карэспандэнтка: “А як бы ты павіталася па-італьянску?”

Віка: “Павіталася? Чао”.

Карэспандэнтка: “Ты так віталася са сваімі італьянскімі бацькамі?”

Віка “Так”.

Карэспандэнтка: “Ты ўзгадваеш іх?”

Віка: “Узгадваю”.

Карэспандэнта: “А любіш?

Віка: “Так, люблю”.

Карэспандэнта: “Хацела бы паехаць да іх у госьці?”

Віка: “Канечне хацела бы”.

Дзяўчынцы сёлета споўнілася 13 год. Разам зь ёй у сям’і Алены і Сяргея Васілеўскіх жывуць двое уласных старэйшых дзяцей, а таксама выхоўваецца родны брат Вікі Аляксандр Мароз, якога забралі зь дзіцячага прытулку раней. Юнаку ўжо 16 год, ён вучыцца ў 10 клясе. Віка кажа, што сябруе з братам і яны абодва любяць сваіх цяперашніх бацькоў. Тым ня менш, напачатку ўлагодзіць дзяўчынку было даволі складана і ўзгадвае мама, Алена Васілеўская:

“Напачатку былі, канечне, складанасьці -- яна была, як “вожык”. І нам таксама было цяжка прывыкнуць да яе характару. Напачатку яна нам падалася зусім іншай, чым яна ёсьць насамрэч. Але зь цягам часу ўсё пачало наладжвацца і адносна хутка ўсё нармалізавалася. Зараз усё добра”.

Карэспандэнтка:”Вы задаволеныя дзяўчынкай?”

Васілеўская: “Так, яна добрая дзяўчынка. З вучобай, праўда ня ўсё атрымоўваецца, ёсьць складанасьці. А як чалавек – яна вельмі добрая, міласэрная, паслухмяная. Харошае дзіця”.

Карэспандэнтка: “У вас жа яшчэ двое ўласных дзяцей у сям’і?”

Васілеўская: “Так, але мы ўжо адна сям’я. Ніякай розьніцы няма”.

Карэспандэнтка: “Выплаты на ўтрыманьне гэтых дзяцей ад дзяржавы ж ёсьць?”

Васілеўская: “Так, як і належыць паводле ўсіх нормаў”.

Карэспандэнтка: “Ці хапае грошай на ўсё неабходнае?”

Васілеўская: “Ну, не заўсёды. Я б магла зараз пайсьці на пэнсію ільготную, але не магу. Патрэбна яшчэ працаваць”.

Нагадаю, што два гады таму выхаванку Вялейскага дзіцячага дому Віку Мароз сямейная пара Алесандра Джуста і Марыі-К’яры Барначын зь італьянскага мястэчка Кагалета, у якіх дзяўчынка адпачывала на вакацыях, адмовілася вяртаць на радзіму. Яны заявілі, што дзяўчынка стала ахвярай фізычнага і сэксуальнага гвалту ў сябе на радзіме і на працягу 20 дзён хавалі беларускую сірату ў Альпах. Улады Беларусі ўсё ж вярнулі яе на радзіму, а затым адмовілі італьянцам у магчымасьці удачарыць дзяўчынку. Працягваем гаворку з Аленай Васілеўскай з Жодзіна, якая для Вікі Мароз стала новай маці ў Беларусі:

Карэспандэнтка: “Ці тэлефануе італьянская сям’я да дзяўчынкі?”

Васілеўская: “Так, тэлефануюць, цікавяцца”.

Карэспандэнтка: “А хто зь імі размаўляе?”

Васілеўская: “Віка, бо я італьянскай мовай не валодаю. Канечне, яна б не адмовілася пабываць у гасьцях і пабачыцца зь імі. Яна вельмі да іх прывязаная – я тут нічога не магу сказаць. Бо яны так шмат для яе зрабілі. І яны насамрэч пра яе думаюць і клапоцяцца. Яны б, канечне, запрасілі, але тут мясцовыя ўлады не пускаюць і дазволу не даюць”.

Карэспандэнтка: “А сама Віка ніколі не казала, што яна закончыць школу і паедзе туды вучыцца ці, магчыма, нават жыць?”

Васілеўская: “Як атрымаецца, будам бачыць. Але яна б вельмі хацела туды патрапіць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG