Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віка Мароз: “Маё найвялікшае жаданьне — убачыць маму і тату”


У дэпартамэнце гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта пацьвердзілі факт часовага прыпыненьня праграмаў дзіцячага аздараўленьня ў ЗША. Яно зьвязанае зь невяртаньнем на радзіму барысаўскай школьніцы Тані Казыры. З гэтым рашэньнем беларускага боку азнаёмленыя амбасады і шэрагу іншых краін, якія бяруць удзел у праектах чарнобыльскага адпачынку. Паводле беларускіх чыноўнікаў, замежныя паездкі могуць аднавіцца пры ўмове падпісаньня адпаведных міждзяржаўных пагадненьняў. Выключэньне складае Італія, зь якой пасьля прэцэдэнту зь вілейскай сіратой Вікай Мароз падобныя пагадненьні ўжо заключаныя. Тым ня менш ня ўсім запрошаным у Італію беларускім дзецям удалося сёлета трапіць на адпачынак у знаёмыя сем’і. Маем на ўвазе Віку Мароз.


Як паведаміла Свабодзе крыніца, блізкая да сужэнцаў Алесандра Джуста і Марыі К’яры-Барначын, тыя і сёлета запрашалі да сябе дзяўчынку, якую лічаць дачкой. Аднак зь беларускага боку атрымалі адмову.

Нагадаю, што ў верасьні 2006 г. 10-гадовая беларуская сірата Віка Мароз не вярнулася на радзіму пасьля чарговых вакацыяў у італьянскай сям’і Джуста-Барначын. Сужэнцы з Кагалета вырашылі не аддаваць яе назад у Вілейскі інтэрнат. Цягам 20 дзён маці абаіх сужэнцаў, Алесандра і Марыі К’яры, хавалі Віку ў кляштары ў швэйцарскіх Альпах. У выніку настойлівых патрабаваньняў Менску дзяўчынку ўрэшце ў суправаджэньні дыпляматычнага эскорту даставілі на радзіму. Вось ужо два гады Віка жыве ў жодзінскай сям’і Алены і Сяргея Васілеўскіх. Раней гэтая сям’я ўзяла да сябе на выхаваньне брата дзяўчынкі — Сашу. Брат і сястра, адпачатку ўладкаваныя ў розныя дзіцячыя ўстановы, па-сапраўднаму пазнаёміліся толькі ў Італіі. Саша адпачываў там у адзін час зь Вікай, аднак у іншай сям’і і ў іншым месцы. Ініцыятарамі і арганізатарамі сустрэчы былі сужэнцы Джуста-Барначын.

Тэлефаную ў жодзінскую сям’ю. Да тэлефону падыходзіць Саша.

На пытаньне, ці праўда, што Віку сёлета таксама запрашалі ў Італію, падлетак адказвае:

“Падаецца, быццам бы так. Дома яна была. Сам я быў у Італіі”. Адчуваецца, што Сашу цяжка размаўляць. На маю просьбу хлопчык кліча сястру.

Віка таксама адказвае кароткімі сказамі. Так, летам была ў Беларусі, у Італію ня езьдзіла, хаця вельмі хацела б, цяпер ходзіць у школу. Шчыра прызнаецца, што посьпехамі ў вучобе пахваліцца ня можа. Тыя, каго яна называе мамай і татам — Алесандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын — рэгулярна тэлефануюць і пішуць ёй.

“Пішуць, што чакаюць мяне. Маё самае найвялікшае жаданьне — паехаць да іх”.

Паводле слоў Вікі, дарослыя кажуць, што цяпер яна туды паехаць ня можа.

Наступны званок — у Менскае абласное ўпраўленьне адукацыі. Тамара Лойка непасрэдна адказвае за замежныя паездкі дзяцей, якія жывуць на Меншчыне. Пытаюся: ці праўда, што Віка Мароз сёлета зноў не атрымала дазволу на выезд у Італію?

Лойка: “На аздараўленьне? Чаму? Віка Мароз сёлета прайшла аздараўленьне ў Беларусі. Чым яно горшае за іншае аздараўленьне, не разумею. Я ведаю, што гэтае беларускае аздараўленьне нічым ня горшае за італьянскае”.

Віка Мароз сёлета прайшла аздараўленьне ў Беларусі. Чым яно горшае за іншае аздараўленьне, не разумею
Ніколькі не зьбіраюся спрачацца з чыноўніцай наконт якасьці беларускага дзіцячага аздараўленьня. Размова ідзе пра тое, што дзяўчынка сумуе па італьянскай сям’і, а тыя, наколькі вядома, сумуюць па ёй.

“Там у італьянскай сям’і ёсьць уласны маленькі сын. Калі яму год, то адпачываць дарослай дзяўчынцы разам зь ім, напэўна, ня надта добра. Ён крычыць, капрызьнічае. Можа, ім нянькі не хапае — я ня ведаю. Ніякай забароны для выезду Вікі няма. Яна тут у адной сям’і разам са сваім братам. Абое атрымалі аздараўленьне ў Беларусі”.

Рэпліка адносна таго, што Саша, паводле ягоных слоў, адпачываў і ў Італіі, не камэнтуецца.

Паводле італьянскай сям’і Джуста-Барначын, нараджэньне сына Эмануэля прынесла ім вялікую, ні з чым не зраўнаную радасьць. Сын расьце здаровым хлопчыкам і не прыносіць клопату. Іншая рэч, што ён ня можа замяніць дачку Віку.

“Чым болей мінае часу, тым бліжэй да Вікінага 18-годзьдзя, калі яна сама зможа вырашыць свой лёс”, — кажа Марыя-К’яра і дадае: “Ужо прайшло 2 гады, аднак наш боль, як і раней, не сьціхае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG