Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выкрадальнікаў” Вікі Мароз апраўдалі


Iтальянская сям’я Джуста-Барначын
Iтальянская сям’я Джуста-Барначын
Генуэскі суд па справах непаўналетніх апраўдаў на ўчорашнім паседжаньні сужэнцаў Марыю К’яру Барначын, яе мужа Алесандра Джуста, іх бацькоў, а таксама двух каталіцкіх сьвятароў. Усё яны абвінавачваліся ў 20-дзённым утойваньні беларускай сіраты Вікі Мароз у італьянскіх Альпах у верасьні 2006 году.

У тым жа годзе амбасада Беларусі ў Рыме ініцыявала судовы працэс супраць названых італьянцаў, інкрымінаваўшы ім адно з самых цяжкіх, паводле італьянскіх законаў, злачынстваў — выкраданьне дзіцяці.
Дзеяньні сям’і Джуста-Барначын і каталіцкіх сьвятароў адпавядалі ўмовам неабходнасьці.
Судовы працэс доўжыўся амаль паўтара года, аднак за гэты час прадстаўнікі пацярпелага боку, то бок пазоўніка, так і не ўзялі ўдзелу ў судовых паседжаньнях.

Паводле італьянскага выданьня Corriere della Sera, суд не знайшоў у дзеяньнях сям’і Джуста-Барначын і каталіцкіх сьвятароў складу злачынства, бо іх дзеяньні адпавядалі ўмовам неабходнасьці. “Супраць Вікі чыніўся гвалт на радзіме, і мы мусілі яе вызваліць”, — заявіў на паседжаньні Алесандра Джуста.

Сужэнцы таксама падкрэсьлілі, што яны маюць ня толькі сына Эмануэля, які нарадзіўся ў іх 1,5 года таму, “але і дачку Віку, а таму будуць змагацца за тое, каб ізноў абняць яе”.

13-гадовая Віка Мароз цяпер знаходзіцца на выхаваньні ў сям’і жодзінцаў Васілеўскіх. Пасьля верасьня 2006 году яна ані разу не была ў Італіі, нягледзячы на шматлікія запрашэньні італьянскага боку. Раней у размове са “Свабодай” дзяўчынка сказала: “Маё самае найвялікшае жаданьне — паехаць у Італію да мамы і таты”.

Камэнтуючы вынікі ўчорашняга працэсу, віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Марыё Маўра, які выступаў за вяртаньне беларускай сіраты ў сям’ю Джуста-Барначын, заявіў, што “гэта перамога ідэалаў свабоды і дэмакратыі”, піша газэта Іl Giornale.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG