Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў -- беларускія СМІ. Які лік?


Дзьмітрый Мядзьведзеў
Дзьмітрый Мядзьведзеў
Прэсавая канфэрэнцыя расейскага прэзыдэнта для беларускіх СМІ прайшла без сэнсацый, паведаміў Свабодзе адзін з удзельнікаў Аляксей Кароль.

АКУРАТНЫ МЯДЗЬВЕДЗЕЎ

ПРЭСАВАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ БЕЗ СЭНСАЦЫЯЎ

Сустрэча Дзьмітрыя Мядзьведзева зь беларускімі журналістамі ў рэзыдэнцыі “Барвіха” доўжылася амаль паўтары гадзіны — з 17:25 па 18:45 па маскоўскім сайце.

Спачатку Мядзьведзеў выступіў з кароткім уступным словам, у якім заявіў, што сустрэча не зьяўляецца нечым незвычайным, гэтак жа сустракаецца за расейскай прэсай і Аляксандар Лукашэнка. Мядзьведзеў абяцаў сустракацца зь беларускай прэсай і надалей.

“Пытаньні задавалі ўсе дэмакратычна па гадзіньнікавай стрэлцы. Кола пытаньняў было дастаткова шырокім, датычыліся яны найперш узаемадзеяньня дзьвюх дзяржаў. Першае пытаньне было наконт таго, ці гатовы расейскі лідэр пасьля сустрэчы з незалежнымі журналістамі зь Беларусі, сустрэцца і з апазыцыйнымі палітыкамі. Мядзьведзеў ня выключыў магчымасьць такіх сустрэч”, — паведаміў Аляксей Кароль.

На пытаньне аб неабходнасьць скасаваць саюзную дзяржаву Мядзьведзеў зазначыў, што Беларусь застаецца сувэрэннай дзяржавай, гэта факт, але адмаўляцца ад саюзнай дзяржавы, ад тых высілкаў, якія былі на яе затрачаныя не варта, а трэба іх насычаць новым зьместам.

Дз.Мядзьведзеў пра дыялёг Расеі і Беларусі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:42 0:00

Відэа БелаПАН


РАСЕЯ НЕ БАЧЫЦЬ КАРЫСЬЦІ АД "УСХОДНЯГА ПАРТНЭРСТВА"


Расея ня бачыць асаблівай карысьці ад праграмы Эўразьвязу "Ўсходняе партнэрства", але ня мае намеру перашкаджаць яе рэалізацыі. Пра гэта заявіў беларускім журналістам у часе прэсавай канфэрэнцыі ў рэзыдэнцыі «Барвіха» расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў. Пры гэтым расейскі кіраўнік паведаміў, што краіны — удзельніцы "Ўсходняга партнэрства" прапануюць Расеі "ўсялякага кшталту асацыятыўныя формы ўдзелу ў гэтым". "Безумоўна, калі там будуць абмяркоўвацца ўсялякага кшталту антырасейскія сюжэты, мне як прэзыдэнту гэта не спадабаецца. Але я спадзяюся, што нашы партнэры ад гэтага ўстрымаюцца. А так няхай абмяркоўваюць усё, што хочуць", — заявіў Мядзведзеў.

Мядзьведзеў пра стасункі Лукашэнкі і Пуціна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:59 0:00

Відэа БелаПАН

Мядзьведзеў: Расея ўклала 50 мільярдаў даляраў у беларускую эканоміку


Дзьмітры Мядзьведзеў зазначыў беларускім журналістам, што з 1991 году Расея ўклала ў разьвіцьцё эканомікі Беларусі 50 мільярдаў даляраў у якасьці інвэстыцый і прэфэрэнцый, — распавёў Свабодзе Аляксей Кароль.

“На маё пытаньне аб магчымасьці Расеі спрыяць дэмакратызацыі ў Беларусі адказ быў такі, што кожная краіна вызначае свой шлях, але калі для Беларусі будуць прымальныя накірункі мадэрнізацыі, якія вызначаныя ў ягоным артыкуле “Расея наперад!”, то ён быў бы вельмі рады”, — паведаміў Аляксей Кароль.

У 2010 годзе кошт расейскага газу для Беларусі будзе на 30-40% ніжэйшы, чым для аналягічных краінаў. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў беларускім журналістам.

Ён удакладніў, што Менск заўсёды атрымліваў газ па ільготных цэнах. Прыкладам, у чацьвёртым квартале 2009-га цана на газ для Беларусі складзе 122 даляры за тысячу кубамэтраў.


Мядзьведзеў крытыкуе Лукашэнку за некарэктнасьць


Дзьмітрый Мядзьведзеў скрытыкаваў Аляксандра Лукашэнку за “недыпляматычныя выразы і ацэнкі”, скіраваныя на адрас расейскага ўраду. Паколькі ўрад прызначаецца прэзыдэнтам Расеі, то Мядзьведзеў успрымае падобныя выказваньні як накіраваныя на сябе.

“Такія выказваньні нельга дапускаць!” — заявіў Дзьмітрый Мядзьведзеў.

На пытаньне аб тым, ці заплянаваная асобная сустрэча Д. Мядзьведзева і А. Лукашэнкі ў часе саміту Мытнага саюза 27 лістапада ў Менску, расейскі прэзыдэнт зазначыў, што ён не ведае дакладана, калі прыедзе туды, але калі прыедзе, то безумоўна сустрэнецца з Лукашэнкам. Але дэфіцыту ў сустрэчах і так няма.

"Расея хоча працаваць цывілізавана"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:18 0:00

Відэа БелаПАН


Расея не прасіла Беларусь прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю

“Ні я ні Расея не выстаўлялі Беларусі ўмоў прызнаньня Абхазіі, гэта вызначае сама краіна”, - зазначыў ён. Масква прыняла гэтае рашэньне ў складаных умовах, каб не дапусьціць разьвіцьця канфлікту ў глыбіню. “Мы не зьвярталіся і ня будзем зьвяртацца зь ніякімі просьбамі наконт Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі”, — заявіў расейскі прэзыдэнт.

Мядзьведзеў пра зьніклых
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:33 0:00

Відэа БелаПАН

Мядзьведзеў параўнаў АДКБ з НАТО


У часе гутаркі зь беларускімі журналістамі расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў закрануў тэму Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ, вакол якіх разгарэлася шмат спрэчак. Ад пачатку Аляксандар Лукашэнка не сьпяшаўся падпісваць адпаведныя дакумэнты, але потым здаўся.

Паводле Мядзьведзева, ён задаволены, што Менск нарэшце бярэ ўдзел у КСАР, хоць і былі пэўныя нюансы. Пры гэтым Мядзьведзеў згодны, што пытаньне ўдзелу Беларусі ў ваенных дзеяньнях у рамках КСАР мусіць вырашацца з улікам пэўных момантаў — нацыянальнай Канстытуцыі і ўнутраных законаў. А таксама ў адпаведнасьці зь міжнародным правам у частцы наднацыянальнага статусу АДКБ.

Мядзьведзеў параўнаў АДКБ з НАТО — маўляў, у выпадку нападзеньня на адну з дзяржаваў дамовы гэта разглядаецца як напад на ўвесь блёк. Часткова з мэтай адэкватнага адказу ўмоўнай агрэсіі ня так даўно на тэрыторыі Расеі і Беларусі ладзіліся вайсковыя вучэньні “Захад-2009”. Праз два гады вялікія манэўры бакі маюць паўтарыць.

Мядзьведзеў абяцае беларускім аўтамабілістам “расейскі фармат”


Расея і Беларусь падчас фармаваньня Мытнага саюзу павінны будуць прыняць “балючыя”, але неабходныя рашэньні на ўніфікацыю мыта на імпартаваныя аўтамабілі. Пра гэта заявіў кіраўнік Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў. Ён прызнаў, што гэта надзвычай адчувальная мера для Беларусі, дзе мытныя пошліны вельмі нязначныя ў параўнаньні з расейскімі. Але калі размова пра ўніфікацыю ідзе, то давядзецца выраўноўваць і ўсе іншыя паказьнікі: “Няма нічога вечнага, — падбадзёрыў Мядзьведзеў. — У тым ліку няма вечных пошлінаў. І на цяперашнім этапе дзеля гарманізацыі нашых фінансавых адносінаў, трэба пайсьці на ўніфікацыю мытных стасункаў”.

Праўда, прэзыдэнт Расеі ня выключыў, што ўжо стварыўшы Мытны саюз, бакі змогуць дамовіцца пра нейкія новыя правілы гульні.


Мядзьведзеў: Беларусь, а не Беларусія


Расея не зьбіраецца ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі і ня мае ніякіх адносін да таго, як разьвіваецца палітычнае жыцьцё ўнутры краіны, заявіў Дзьмітры Мядзьведзеў. "Умяшаньне ва ўнутраныя справы — гэта жаданьне паставіць палітычныя працэсы у той ці іншай краіне пад кантроль іншай дзяржавы. У нас такога і ў думках не было. Ды гэта і немагчыма", — падкрэсьліў Мядзведзеў.Паводле яго слоў, беларускі выбаршчык "вызначае, хто яму мілы, галасуе адпаведным чынам, і ў выніку гэтага ўзьнікае тая ці іншая палітычная канфігурцыя, той ці іншы палітычны лідэр прыходзіць да ўлады". "Беларусь, — а я настойваю менавіта на такім вымаўленьні гэтай брацкай дзяржавы, — самастойная сувэрэнная дзяржава з усімі адпаведнымі атрыбутамі. А калі так — усё палітычнае жыцьцё ў гэтай краіне ідзе па сваім сцэнарыі, і мы да гэтага сцэнарыя не маем ніякіх адносін", — заявіў прэзыдэнт Расеі.

Як паведамляе карэспандэнт БелаПАН, рэпліка Мядзведзева адносна правільнага вымаўленьня назвы краіны пасьледавала пасьля таго, як прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі папрасіў называць краіну не Беларусія, а Беларусь.

Мядзьведзеў не выключае сустрэчы зь беларускай апазыцыяй


У Аляксея Караля ў цэлым засталіся добрыя ўражаньні ад Дзьмітрыя Мядзьведзева як асобы.

“Гэта ня помнік аўтарытарнага лідэра самому сабе. Дэмакратычны, свабодны ў адносінах, жартуе і не выпячвае свайго статусу”. Паводле спадара Караля спадар Мядзьведзеў хутка рэагаваў на пытаньні, не ўхіляўся ад вострых пытаньняў.

Напрыклад, карэспандэнт БТ спытаў, што вось ён сустракаецца зь незалежнымі беларускімі журналістамі, а хутка можа запрасіць і апазыцыйных палітыкаў.

На гэта ён адказаў так, што гэта нармальная практыка ўсіх кіраўнікоў любых дзяржаў і ў цэлым не адрынуў гэтую тэзу.


Аляксандар Дабравольскі

Дабравольскі: “Расейскія прэфэрэнцыі — гэта пацалункі ў абмен на нафту”


Што, прыкладам, да агучаных сумаў прэфэрэнцыяў, фінансаваньня, то гэта падтрымка ня толькі Беларусі, але і беларускага рэжыму, яго ўмацаваньня. І калі Расея сьвядома гэта рабіла, калі прапаноўвалася нафту ў абмен на пацалункі і Расея на гэта пагаджалася, то ці варта зараз кагосьці за гэта крытыкаваць? У першую чаргу сябе.
Зьміцер Банарэнка

Бандарэнка: Лукашэнку намагаюцца даціснуць усімі даступнымі спосабамі.


Відавочна, што Крэмль усё ж цісьне на Лукашэнку, перадусім, цікавяць найбольш апэтытныя кавалкі беларускай эканомікі, могуць быць іншыя саступкі. Але мы бачым толькі верхнюю частку айсбэрга.
Аляксандар Старыкевіч

Старыкевіч: Каб паслухаць дзяжурныя рэчы, ня варта было ехаць у Маскву


З таго, што было сказана Мядзьведзевым, мала што вынікае. І ў тым ліку сэнс гэтага мерапрыемства застаецца ня надта зразумелым. Так, паказалі дулю Лукашэнку, бо, натуральна, яму ня вельмі спадабаецца наўпроставая размова расейскага прэзыдэнта зь беларускімі СМІ, у тым ліку і незалежнымі…




СЛУХАЦЬ АЛЯКСЕЯ КАРАЛЯ:




ЗАСТАВАЙЦЕСЯ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ. ВАС ЧАКАЮЦЬ КАМЭНТАРЫ, АЦЭНКІ, САМЫ АПЭРАТЫЎНЫ АНАЛІЗ ЗАЯВАЎ ДЗЬМІТРЫЯ МЯДЗЬВЕДЗЕВА.

"Радыё Свабода" было адмоўлена ва ўдзеле ў прэсавай канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Расеі. мы прапаноўваем Вашай увазе онлайн-рэпартажы з сайтаў нашых калегаў -- БелаПАН , "НАШАЙ НІВЫ", "НАРОДНАЙ ВОЛІ".



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG