Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх журналістаў запрасілі ў Барвіху з нагоды 10-годзьдзя саюзнай дзяржавы


Уладзімер Мядзьведзеў
Уладзімер Мядзьведзеў

Упершыню ў гісторыі расейскі прэзыдэнт запрасіў на сустрэчу вялікую групу беларускіх журналістаў. Інтэрвію пачалося каля 17-й гадзіны паводле маскоўскага часу ў падмаскоўнай рэзыдэнцыі Дзьмітрыя Мядзьведзева “Барвіха” і разьлічанае на гадзіну-паўтары.

На сустрэчу з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым у ягоную падмаскоўную рэзыдэнцыю “Барвіха” прыбылі 14 беларускіх журналістаў зь дзяржаўных і незалежных выданьняў. Прычым недзяржаўныя апынуліся ў бальшыні — іх восем. Яны прадстаўляюць газэты “Новы час”, “Народная воля”, “Наша ніва”, Товарищ”, “Белорусы и рынок”, “Комсомольская правда” в Белоруссии”, інфармацыйную кампанію БелаПАН, інтэрнэт-партал TUT.by.

Зь дзяржаўных СМІ запрашэньне атрымалі ўласныя карэспандэнты Першага нацыянальнага тэлеканалу, АНТ і “Советской Белоруссии”, БелТА, якія стала працуюць у Маскве, а таксама журналісты газэт “Зьвязда” і “Рэспубліка”.

У рэзыдэнцыі прысутнічаюць таксама расейскія журналісты, якія прадстаўляюць асноўныя інфармагенцтвы і тэлеканалы Расеі. Яны сочаць за размовай на спэцыяльным экране, усталяваным у іншым памяшканьні, і будуць рабіць свае паведамленьні пасьля беларусаў, адзначае адзін з запрошаных у Барвіху, рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль.

Аляксей Кароль
“Мы можам даваць інфармацыю адразу пасьля сустрэчы, таму што сустрэча з намі і прыярытэт за намі. Галоўная нагода для гэтай сустрэчы, як сказаў прадстаўнік прэсавай службы Крамля, — 10-годзьдзе саюзнай дзяржавы. На заднім пляне прысутнічаюць таксама візыт Дз. Мядзьведзева ў Менск і Мытны саюз”.

Перад сустрэчай кожная рэдакцыя мела магчымасьць даслаць у прэсавую службу Мядзьведзева па тры пытаньні.

Крамлёўская прэсавая служба спрабавала абмежаваць магчымасьці для апэратыўнай перадачы матэрыялаў з прэсавай канфэрэнцыі, але пасьля пратэсту кампаніі БелаПАН абмежаваньні былі зьнятыя.

Кіраўнік Расеі ўпершыню праводзіць прэсавую канфэрэнцыю з удзелам прадстаўнікоў недзяржаўных беларускіх СМІ. На думку аднаго з запрошаных на сустрэчу, рэдактара незалежнай газэты “Новы час” Аляксея Караля, гэта праява палітычнага стылю Дзьмітрыя Мядзьведзева, адрознага ад паводзін ягонага папярэдніка, а цяпер прэм’ера Ўладзімера Пуціна.

“Я ня думаю, што Мядзьведзеў абсалютна ідзе ў рэчышчы палітыкі Пуціна. Ён хоча зрабіць нешта накшталт перабудовы з выкарыстаньнем таго мэханізму, які існуе”.

На думку Аляксея Караля, разам са спробамі мадэрнізацыі і лібэралізацыі, якія дэманструе Мядзьведзеў, прыкметныя і ягоныя імпэрскія замашкі ў адносінах да постсавецкай прасторы, Грузіі і Украіны ў прыватнасьці.

“Імпэрскі комплекс — гэта пракляцьце Расеі з даўніх часоў. І ніводзін палітык пакуль што ня змог пазбавіцца ад гэтага комплексу цалкам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG