Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгадваецца анэкдот – а чаго прыходзіў (запрашаў, у дадзеным выпадку), можа сказаць чаго хацеў? Не, прэзыдэнт Расеі адказаў на ўсе пытаньні, якія былі зададзеныя, ды і пытаньні збольшага ахоплівалі ўсё кола двухбаковых адносінаў. Але...


Можа беларусы надта разбалаваныя ці разбэшчаныя палымянай рыторыкай ўласнага кіраўніка, які часам не выбірае выразаў, і зьедлівым саркастычным стылем Пуціна, што адказы Мядзьведзева падаліся прэснымі. Мілы чалавек, дэмакратычны, але не правадыр, ня цар.

Юры Дракахруст
Да таго ж на ўсе больш менш вострыя пытаньні прэзыдэнт Расеі даваў вельмі рацыянальныя і лягічныя, але даволі няпэўныя адказы. Акуратныя, словам. Ці запросіце беларускіх апазыцыйных палітыкаў? Можа і так. Ці запусьціце другую нітку “Ямал-Заходняя Эўропа”? У прынцыпе не выключана, калі будзе што праз яе качаць. Як наконт справаў зьніклых у Беларусі? Да мяне не зьвярталіся, хаця любое зладзейства павінна быць дасьледавана. Саюзную дзяржаву разбураць ня варта, але ніхто на беларускі сувэрэнітэт не замахваецца і не замахваўся ніколі, нават пра прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі я Лукашэнку ніколі не прасіў. Усходняе партнэрства – да ні карысьці ў ім, ні шкоды.

Можа беларусы надта разбалаваныя ці разбэшчаныя палымянай рыторыкай ўласнага кіраўніка, які часам не выбірае выразаў, і зьедлівым саркастычным стылем Пуціна, што адказы Мядзьведзева падаліся прэснымі. Мілы чалавек, дэмакратычны, але не правадыр, ня цар
Ну а што-небудзь пэўнае хоць у чым-небудзь ёсьць? Ну сёе-тое есьць: прагучала вельмі ветлівая і акуратная парада беларускаму калегу прытрымлівацца дыпляматычнага этыкету ў характарыстыках расейскіх кіраўнікоў, пра КСОР АДКБ ізноў жа вельмі акуратна – але гэта хіба не самая галоўная сэнсацыя сустрэчы – было сказана, што міжнародныя дамовы вышэй за нацыянальнае заканадаўства, ў тым ліку і Канстытуцыю. Адсюль вынікае, што “ если завтра война», то па вэрсіі Крамля Беларусі давядзецца адкласьці ў бок свае дэклярацыі аб імкненьні да нэўтралітэту і выконваць міжнароднае пагадненьне.
Ну і пра “Паўночны паток” мякка так заўважыў, што, зразумела, яно задавальненьне нятаннае, але з ўлікам ўсялякіх няштатных сытуацыяў, якія час ад часу ўзьнікаюць на цяперашнім шляху транзыту газу, дык можа і таньней выйдзе. Ну і пра 50 мільярдаў даляраў, дадзеных саюзьніку з 1991 году, таксама не забыўся.

Словам, нармальная, стандартная расейская пазыцыя, можа нават з расейскага пункту гледжаньня і цалкам справядлівая. Краіны маюць розныя інтарэсы і што выглядае справядлівым для адной краіны, можа быць несправядлівым для іншай.

Словам, нармальная, стандартная расейская пазыцыя, можа нават з расейскага пункту гледжаньня і цалкам справядлівая. Краіны маюць розныя інтарэсы і што выглядае справядлівым для адной краіны, можа быць несправядлівым для іншай
Але калі паглядзець на гэтую гутарку з цынічнага пункту гледжаньня піяру, то робіцца незразумелым, на каго ў Беларусі разьлічваў прэзыдэнт Расеі сваімі акуратнымі і рацыянальнымі фармулёўкамі. Чым такім запаліў сэрцы зацятых беларускіх прыхільнікаў Расеі? Ды нічым асабліва. Кашулю на грудзях ня рваў, горы залатыя не абяцаў, пашчу парваць каму-небудзь -- таксама. Ну а тым беларусам, для якіх Расея – галоўная пагроза беларускай незалежнасьці, паказаў, што хаця сьцеліць і мякка, але спаць жарсткавата. Нічога страшнага, шчыра па-свойму, але і тут асаблівых сымпатыяў не прыдбаў. Беларускай большасьці, якая ня тое каб тое ці гэтае? Яна, падазраю, наагул не зразумела, а чаго, ўласна, сказаць хацеў. Чынавенству беларускаму? Ды ізноў жа – матам ня крыў, нічым не пагражаў, але і нічога асаблівага не абяцаў у выпадку чаго.

Я не пра тое, што шкада, што гэтых прыгажосьцяў не было – добра, што не было. Я пра тое, на што чалавек разьлічваў, якіх мэтаў хацеў дасягнуць і ці дасягнуў? У сакавіку летась, пасьля абраньня ён у адным інтэрвію пажартаваў :”Я хаця і Мядзьведзеў, але не палітычная жывёла”, у сэнсе -- не наркаман улады. У побыце -- выдатная якасьць, нават у дзяржаўным кіраваньні някепская. Але не запальвае. Прычым нікога. Ну хіба беларускіх незалежных журналістаў, якіх дома і на ганак прэзыдэнцкіх прэсавых канфэрэнцый не пушчаюць. Прыемна, што ні кажа, калі пускаюць. Ну і поўха такая лёгкая беларускаму калегу -- вось паразмаўляў з Вашымі “нячэснымі” і жывым застаўся, а Вы хіба баіцеся, Аляксандар Рыгоравіч? Ну і заходнім партнэрам такое пасланьне – Масква падтрымлівае беларускую свабоду слова.

Існуе апакрыфічная гісторыя, як пасьля вайны савецкія аўтакаструктары стварылі мадэль аўтамабіля. Паказалі Сталіну. Ён спытаў: “Как назвали?» «Победа, товарищ Сталин». Правадыр паглядзеў крытычна і заключыў: “Победа. Но небольшая”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG