Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штогод расьце колькасьць людзей, якія стаяць на ўліку ў наркалягічнай службе. Прычым афіцыйная статыстыка ахоплівае далёка ня ўсіх. Гэта прызнаў і прызначаны тры тыдні таму новы галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя — Аляксей Аляксандраў, які распавядаў сёньня журналістам аб прафіляктыцы алькагалізму ў краіне.

Зараз у краіне на наркалягічным уліку стаіць амаль 283 тысячы чалавек. У параўнаньні зь мінулым годам — рост прыкладна на паўтары тысячы. Нарколягі лічаць, што гэта — вынік дзеяньня Дзяржаўнай праграмы па барацьбе з алькагалізмам на 2006—2010 гады. Намесьнік галоўнага ўрача Менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Аляксандар Алішэвіч падаў лічбы, колькі стаіць на ўліку па горадзе Менску:

“39 тысяч на сёньняшні дзень і парадку 37 тысяч — летась. Я б гэта ацаніў так: прынятая Дзяржаўная праграма прастымулявала дастаткова актыўную работу наркалягічнай службы. І зараз мы павінны мець рост. Менавіта ў сілу таго, што працуе Дзяржаўная праграма. Таму я перакананы, што гэта актыўная праца”.

Істотна павялічылася і колькасьць жанчын, якія стаяць на наркалягічным уліку — на 3,5 тысячы (зараз на ўліку — 48 824 жанчыны). Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Аляксандраў перакананы:

“З жанчынамі заўсёды складаней — існуе досыць моцнае кляймо, ярлык жанчыны, якая злоўжывае алькаголем.
Калі алькагалізм — гэта захворваньне, то і стаўленьне павінна быць як да хваробы кшталту гіпэртаніі.
Таму жанчыны звычайна зьвяртаюцца да нарколяга значна пазьней, і таму яны часьцей маюць цяжэйшыя стадыі залежнасьці. Але гэта не азначае, што залежнасьць жанчыны цяжэйшая. І тут якраз пытаньне — у пераглядзе стэрэатыпаў. Калі алькагалізм — гэта захворваньне, то і стаўленьне павінна быць як да хваробы кшталту гіпэртаніі”.

Колькасьць наркалягічных дыспансэраў павялічылася, адкрыты два аддзяленьні рэабілітацыі — у Менску і ў Горадні. Ва ўсіх наркалягічных установах праводзіцца ананімнае лячэньне ад алькагольнай залежнасьці, без пастаноўкі на ўлік і абмежаваньня пацыента, да прыкладу, у кіраваньні аўтамабілем. Галоўны нарколяг Аляксей Аляксандраў паведаміў:

“У наступным годзе плянуецца адкрыцьцё Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру “Псыхіятрыя — наркалёгія”, які возьме на сябе тое навуковае забесьпячэньне, якога, магчыма, нам пакуль не хапае”.

З 2008 году зацьверджаны новы штатны расклад: цяпер у наркалягічнай службе абавязкова працуюць псыхолягі, сацыяльныя работнікі. На ўсё гэта Дзяржаўнай праграмай па барацьбе з п’янствам і алькагалізмам прадугледжаны вялікія бюджэтныя сродкі. Да таго ж некаторыя праекты — да прыкладу, так званую “мэтадонавую праграму” — фінансуе Прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

На пытаньні журналістаў, як нарколягі ацэньваюць тое, што штогод расьце вытворчасьць алькагольнай прадукцыі, што дэпутаты дагэтуль не прынялі закону аб забароне расьпіцьця слабаалькагольных напояў у грамадзкіх месцах, галоўны нарколяг адказваць адмовіўся: маўляў, гэта пытаньні палітыкі, а не прафіляктыкі.


XS
SM
MD
LG