Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алькагалізм у Беларусі імкліва маладзее


Ігар Карней, Менск Штогод колькасьць хворых на алькагалізмам у Беларусі павялічваецца на 7%. Такія дадзеныя агучыла Міністэрства аховы здароўя. Паводле справаздачы ведамства, колькасьць алькаголікаў па краіне дасягнула 172 тысячы чалавек і, як сьведчыць міністэрская статыстыка, лік прыхільнікаў Бахуса імкліва расьце. Ад пачатку году з алькагольнага атручваньня памерла 1 590 чалавек. Што спрыяе распаўсюду п’янства ў Беларусі?

Зь цьверджаньня спэцыялістаў, алькагалізм у Беларусі імкліва маладзее. Пад наглядам лекараў знаходзіцца больш за 25 тысяч непаўнагадовых, для якіх знаёмства з моцнымі напоямі пачалося ў 12-14-гадовым узросьце. Галоўны лекар Гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка тлумачыць падобны фэномэн адсутнасьцю сур’ёзнага стаўленьня да праблемы з боку дзяржавы. Як лічыць спадар Малочка, у беларускіх умовах адпаведную прафіляктыку трэба пачынаць ледзьве ня зь ясельнага ўзросту.

(Малочка: ) “У 14–17 гадоў гэты падлетак хоча быць падобным да дарослых, хоча здавацца незалежным, самастойным; спрабуе пратэставаць, калі гаворка заходзіць пра стасункі з дарослымі, што намагаюцца наставіць яго на шлях ісьціны. І мы павінны разумець: прафіляктыка мусіць пачынацца ад 5–6 гадовага ўзросту. А, можа, і яшчэ раней”.

Псыхоляг Ніна Голубева салідарная зь Сяргеем Малочкам. Чым раней чалавек прызвычайваецца да алькаголю, тым цяжэй яго ўратаваць ад заганнай залежнасьці. 32 тысячы падлеткаў летась былі затрыманы за ўжываньне алькаголю, і бальшыня зь іх наўрад ці здольныя самастойна зрабіць нейкія высновы. Спадарыня Голубева лічыць, што часта абыякавае стаўленьне бацькоў да ўласных дзяцей спараджае страту самакантролю. А выхаваньне на вуліцы – слабая альтэрнатыва бацькоўскай увазе.

(Голубева: ) “Перадусім, тут прычыны сацыяльнага кшталту. Гэта прычыны сямейныя, і ўжо ў апошнюю чаргу, асабістыя. Таму што дзіця, якое пачынае ўжываць алькаголь, у сям’ю не звалілася з Космасу. Яно вырасла ў гэтай сям’і, і яўна адлюстроўвае ейныя праблемы. Іншымі словамі, гэта сьведчаньне таго, што яно альбо не зразуметае, альбо не прынятае ў сям’і. Адпаведна, ня ў стане рэалізаваць сябе і ў грамадзтве”.

Аб’ём абсалютнага алькаголю, спажыванага на душу насельніцтва ў Беларусі складае 9,3 літра на год, што істотна больш за сярэднія эўрапейскія нормы. Да таго ж, даступнасьць і таннасьць алькаголю, параўнальна з іншымі краінамі, дазваляе ўжываць яго практычна ў неабмежаванай колькасьці. Але нават і гэтыя нормы адносныя, бо пад улік не падпадаюць сфальсыфікаваныя напоі й самагонка – якраз тое, чаго найбольш п’юць у сельскай мясцовасьці. Менавіта кантрафактная прадукцыя складае асноўную статыстыку атручваньняў – за 2005 год у беларускія шпіталі з дыягназам алькагольнага атручэньня трапіла амаль 150 тысяч чалавек.

Зь перакананьня адмыслоўцаў, гэтую бяду актыўна скарыстоўваюць не зусім кваліфікаваныя кадры, прапануючы паслугі ў выратаваньні алькагольна залежных. Рэклямныя выданьні поўныя абяцанак пра ратунак мэтадамі кадаваньня, падшывак, гіпнозаў і г.д.

Пры тым, галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Ўладзімер Максімчук лічыць: унівэрсальных спосабаў лекаваньня ад алькагалізму няма, вяртаньне да нармальнага жыцьця наўпрост залежыць ад жаданьня самога хворага.

(Максімчук: ) “Мы адсочваем усе мэтодыкі, якія цяпер актыўна рэклямуюцца. І мушу канстатаваць: часта ў прэсе, на цэнтральных каналах расказваюць пра нейкія чароўныя лекі, панацэю ад залежнасьці. Часам застаецца проста зьдзіўляцца. Бо кожны мусіць узважыць асабовае маральнае права на публічную прапаганду пэўных захадаў лекаваньня. Канечне, мы ў сваіх рэкамэндацыях заклікаем вельмі асьцярожна рэклямаваць той ці іншы падыход”.

Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, алькаголь зьяўляецца трэцяй, паводле распаўсюду, прычынай захворваньняў у разьвітых дзяржавах, ад якіх штогод памірае 1,8 мільёна чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG