Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі аб”яўленае “цьвярозае” жніво


Вячаслаў Кулік, Менск Сёлета на ўвесь пэрыяд жніва на Меншчыне ўведзена забарона на продаж алькагольных напояў пасьля 18.00. Адначасова Белкаапсаюз патрабуе, каб усе 10 тысяч сельскіх крамаў краіны працавалі ў падоўжаным рэжыме. Ці забясьпечаць гэтыя меры прадухіленьне п’янства пад час жніва?

У вёсцы Лань Нясьвіскага раёну – тры харчовыя крамы. Паведамляе прадавачка адной зь іх Ніна Кісель:

(Кісель: ) “Працуем да 22 гадзінаў. Паўтары стаўкі паабяцалі. Не ад аб”ёму продажу, а вызначаная сума. Гэта на ліпень месяц”.

Ніна Кісель кажа, што пасьля забароны прадаваць віно й гарэлку а 18-й гадзіне, грашовы абарот крамы зьменшыўся. У сваю чаргу супрацоўніца Нясьвіскага райпо Тамара Крэскіян ўдакладняе: у чэрвені алькаголю было прададзена на 556 мільёнаў рублёў – гэта амаль 30 працэнтаў ад усяго месячнага таваразвароту. Са слоў суразмоўцы, менш піць у вёсцы ня будуць:

(Міронава: ) “Я лічу, што гэта паказуха, канешне. Калі чалавек захоча, то знойдзе. Тым больш у вёсцы. Калі чалавеку забаранілі пасьля шасьці гадзінаў, то ён прыйдзе і купіць раней. Што, ня гэтак? Гэтак!”.

У Нясьвіскім райаддзеле міліцыі канстатуюць, што ўжо сёлета ад атручваньня алькаголем памерлі 12 чалавек. У нецьвярозым стане зьдзейсьненыя 63 злачынствы. Пра адно з апошніх нагадвае жыхарка вёскі Касмовічы Ганна Трубчык:

(Трубчык: ) “Тут адна “кропка” ёсьць. А у нас – “хімікі”. Яны прыйшлі на гэтую “кропку”, купілі, а як гаспадары паснулі, дык адламалі дзьверы і ўлезьлі. Гэта ж праўда!”

Што цяпер можа дапамагчы вяскоўцам адмовіцца ад выпіўкі на працоўных месцах? На пытаньне адказвае маці й жонка камбайнэра нясьвіскай вёскі Слаўкава Івана Герасімца:

(Наста Герасімец: ) “Праца такая – ім трэба за жніво ўсё змалаціць, Яны ж ведаюць, што капейку за гэта атрымаюць. А піць будуць – нічога не будзе. Самы такі час, калі можна грошы зарабіць”.

(Галіна Герасімец: ) “Ён на працы – ад раніцы да вечара. Дома толькі начуе. Жонку ня бачыць і дзіця, якое толькі нарадзілася”.

Дарэчы, на жніве ў Нясьвіскім раёне працуюць амаль паўтары тысячы мэханізатараў. Як падаюць міліцэйскія зводкі, у дні жніва нават сярод іх у нецьвярозым стане выяўленыя больш як 30 чалавек.
XS
SM
MD
LG