Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Лукашэнка правёў шостую па ліку прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў расейскіх СМІ. Завяршыўся чарговы тур па Беларусі 84 карэспандэнтаў з 44 рэгіёнаў Расеі.


Вашая рэакцыя на заявы Лукашэнкі. ДЫСКУСІЯ НА СВАБОДЗЕ


ЭКСПЭРТЫЗА СВАБОДЫ:

Ці дала прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі падставы гаварыць пра тое, што афіцыйны Менск зрабіў нейкі выбар паміж Захадам і Расеяй? Ці ўдалося беларускаму кіраўніку адначасова не раззлаваць Маскву і не расчараваць Брусэль і Вашынгтон?

Паводле Лукашэнкі, ядзернай зброі ў Беларусі ня будзе

У часе прэс-канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Лукашэнка імкнуўся абмінуць вострыя вуглы ў адносінах Беларусі як з Расеяй, гэтак і з Захадам.

С.Багданкевіч: “Чаму не спыталіся, чаму ў Беларусі меншыя заробкі?”

Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што расейскія журналісты на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам “адпрацоўвалі” грошы, якія патрацілі беларускія ўлады на іх паездку.

Я.Раманчук: “Рыхтуецца “намэнклятурная” прыватызацыя”

Яраслаў Раманчук сумняецца, што пры заявах аб кантролі над замежнымі інвэстарамі яны пачнуць укладаць грошы ў беларускую эканоміку. “Альбо інвэстыцыі, альбо кантроль”, — кажа эканаміст.

Лукашэнка абяцае, што ядзерную зброю у Беларусі не разьмяшчаць ня будуць

На пытаньне аб рэакцыі Менску на разьмяшчэньне ля беларускіх межаў элемэнтаў амэрыканскай супрацьпаветранай абароны расейскія журналісты таксама не атрымалі канкрэтнага адказу. А.Лукашэнка абмежаваўся агульнымі фармулёўкамі:

“Мы будзем з расейцамі рабіць усё, каб забясьпечыць бясьпеку нашых беларусаў і нашых расейцаў... Мы павінны быць гатовыя да ўсяго. І я тут не выступаю як ястраб, і хай Захад у гэтых адносінах не палохаецца, яны розныя варыянты будуюць, пачынаючы ад таго, што мы разьмесьцім сучасныя сродкі супрацьпаветранай абароны ў Беларусі ажно да ядзернай зброі. Ніхто пра гэта мову не вядзе. У нас і так дастаткова сродкаў супрацьпаветранай абароны”.


М.Статкевіч: “Пасьля Грузіі Лукашэнка стаў больш асьцярожным”

"Спадар Лукашэнка зараз яшчэ лепш разумее, што гэтаксама расейскія міратворцы могуць увайсьці і ў Беларусь. Справакаваць канфлікт, а потым яго загасіць”.



“Мы, відаць, не пераможам п’янства”

На пытаньне аб рэцэптах барацьбы з п’янствам у Беларусі, Лукашэнка адказаў:

“Мы славяне, відаць, не пераможам гэтае зло. Можа, і не трэба гэтага, толькі каб не было злачынстваў на п’янай глебе, і каб п’яны чалавек не перашкаджаў іншым жыць. У нас вельмі шмат злачынстваў на глебе п’янства – каля 30 працэнтаў. Але я не прыхільнік забарончых захадаў... Трэба з вуліцы выцягваць, у сём’ях працаваць”.


“Смаленская вобласьць – гэта Беларусь”

Адказваючы на пытаньне журналіста са Смаленску, А. Лукашэнка заявіў:

“Смаленская вобласьць – гэта Беларусь.Гэта нашыя людзі... Мы не прэтэндуем на гэтыя землі, вы не падумайце... Вы самыя блізкія людзі для беларусаў. Трэба вам штосьці – дзьверы адчыненыя”.


Лукашэнка пра экалёгію:

“Калі нехта ў Менску пачне высякаць дрэвы – ён будзе мець адносіны з прэзыдэнтам”.

“Таму што ў нас такая чыстая вада, у нас самая лепшая гарэлка”.


А.Міхалевіч: “Новы парлямэнт таксама прызнае, каго загадаюць”

Кандыдат у дэпутаты Алесь Міхалевіч мяркуе, што парлямэнт у новым складзе, нават калі ў яго пройдзе частка апазыцыянэраў, прызнае незалежнасьць гэтых рэгіёнаў Грузіі, калі атрымае такі загад.



“Мой малыш ходзіць у Парк Чалюскінцаў”

Гаворачы пра грамадзкую бясьпеку ў Менску, А. Лукашэнка згадаў свайго малодшага сына Мікалая:

“Мой малыш без мяне йдзе вечарам з чалавекам, якога я папрашу, ў Парк Чалюскінцаў паглядзець, пакатацца”.


“Рыначны кошт – ад вялікай балды”

Лукашэнка зазначыў, што беларускія прадпрыемствы будуць акцыянавацца. Але пакеты акцый будуць прадавацца абмежавана, не трэба думаць, Беларусь будзе ўсё распрадаваць.

“Але тое, што мы акцыянуем прадпрыемствы, гэта ня значыць, што мы страцім кантроль над імі...Хто сказаў, што прыватнік заплаціць столькі за прадпрыемства, за колькі яно пабудавана? Рыначны кошт ад балды... Ад вялікай балды...”


“Упершыню амэрыканцы атрымалі па зубах”

Вяртаючыся да канфлікту на Каўказе, Лукашэнка заявіў:

“Ніякі гэта не канфлікт Расеі з Грузіяй. Упершыню амэрыканцы атрымалі па зубах. Хіба Грузія пачала б гэты канфлікт, калі б у яе за сьпіной хтосьці не стаяў. Гэта быў як фашысцкі напад...”


Лукашэнка: Хацелася б каб АДКБ была як НАТО

“Каб калі адна краіна падверглася агрэсіі – ваююць усе. Але яшчэ не ўсе ратыфікавалі гэты пункт пагадненьня”.


А. Лукашэнка чарговы раз заявіў: “Мы праз Беларусь танкі ў Маскву ня пусьцім”

Аднак прызнаў, што няма патрэбы дапамагаць Расеі на Каўказе, бо ў яе самой дастаткова войскаў.

Паводле ягоных словаў, НАТАўскія самалёты нахабна кантралююць памежную тэрыторыю, часам залятаючы ў саюзную дзяржаву.

“Мы будзем рабіць з расейцамі ўсё, каб забясьпечыць бясьпеку для народаў. Мы павінны быць гатовыя да ўсяго. У нас добрая супрацьракетная абарона, таму расейцы і просяць нас падпісаць дамову”.

Гаворачы аб адказе на разьмяшчэньне сыстэмы супрацьракетнай абароны ля беларускіх межаў, А. Лукашэнка сказаў:

“Патрэбнае сур’ёзнае асэнсаваньне. Але тое, што нам кінутыя выклікі, мы павінны на іх адказваць. Нам трэба нясьпешна разам падумаць. Нас усё адно не зразумеюць, колькі б мы не цалавалі Захад у адпаведныя месцы. Я маю на гэта свае думкі, але не хачу пакуль выказвацца”.

Гаворачы пра адносіны з Эўропай, А. Лукашэнка прызнаў, што Захад вылучае непрапарцыйныя патрабаваньні наконт выбараў.

“Захад ведае, што мы ня можам сябраваць з Амэрыкай за кошт Расеі...”



Пытаньне прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Лукашэнка ўсклаў на новы парлямэнт

На пытаньне журналіста газэты “Известия”, ці прызнае Беларусь незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, А. Лукашэнка зазначыў:

“Прыйдзе час і мы разгледзім гэтае пытаньне ў Беларусі, гэтак жа як і ў Расеі, у парлямэнце. У нас выбары цяпер і новы парлямэнт разгледзіць гэтае пытаньне”.


Аб прыходзе расейскага бізнэсу ў Беларусь

А. Лукашэнка зазначыў, што не будзе падштурхоўваць прыватызацыю сваіх аб’ектаў прамысловасьці расейскім капіталам без уліку сацыяльных наступстваў.

“Мяне крытыкуюць, што я няўступлівы і не хачу прадаваць дзяржаўную ўласнасьць расейскім кампаніям. Для прыходу ў краіну салідных інвэстараў дзьверы адкрытыя. Але прыватызаваць, прадаць за бясьцэнак той ці іншы завод, для нас гэта нявыгадна. А ці многіх уласьнікаў хвалююць лёсы людзей?”.


Лукашэнка: Саюзнае будаўніцтва знаходзіцца на замарожаным этапе


“Саюзнаму будаўніцтву перашкаджаюць асобныя палітыкі, якія не ўплываюць на дзяржаўную палітыку. “А асноўная віна – на нас”, прызнаў Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі.

“Калі б у свой час не адбылося тармажэньне ў будаўніцтве саюзнай дзяржавы, мы былі б далей, чым сёньня. Апошніх падзеі на Каўказе паказваюць, чаму нельга ўключаць Беларусь у склад Расеі, многія моманты пацьвярджаюць гэта. І многія палітыкі цяпер разумеюць, што ў такім выпадку Расея страціць саюзьніка і суб’ект міжнароднага права. Памятаеце як было з Баўгарыяй у часы СССР”.

“Калі патрэбна карэкціроўка саюзнай дамовы – мы ня супраць,”— заявіў Лукашэнка


Прэс-туры расейскіх журналістаў, арганізаваныя беларускім урадам, праводзяцца з 2003 году. Цяпер у Беларусь прыехала 84 карэспандэнты і рэдактары, якія прадстаўляюць 72 СМІ з 44 рэгіёнаў Расеі.

Яны ўжо пабывалі ў Заслаўі, Слуцку, Барысаве, Салігорску, мэмарыяльным комплексе “Хатынь”.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG