Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы і самагонка


Алег Дашкевіч, Менск Ці можна ўявіць традыцыю беларускай гасьціннасьці бяз добра сабранага стала, а стол бяз самага народнага напою – самагонкі. Беларусь – краіна паўночная, таму якасная вогненная вада здавён была ў беларусаў у вялікай пашане. Але, бывае, самагонка робіцца вялікай праблемай. Самагонку і любяць, і ненавідзяць аднолькава.

Самагонка – моцны сьпіртовы напой, які вырабляецца перагнаньнем праз самаробныя апараты алькагольнай масы, атрыманай у выніку браджэньня збожжавых прадуктаў, цукру, бульбы, буракоў, садавіны ды іншых прадуктаў, якія зьмяшчаюць крухмальныя рэчывы. Так вызначае самагонку энцыкляпэдыя.

У Беларусі гэты прадукт мае шмат назоваў, збольшага станоўчых – самагонка, самастужка, юруха, весялуха.

Апытаньне каля менскіх крамаў толькі пацьвердзіла маю выснову – галасы прыхільнікаў самагонкі былі ў відавочнай большасьці.

(Спадар: ) “Добрая рэч. Што мы, горшыя за ірляндцаў з шатляндцамі?”

(Спадар: ) “Самагонка на аматара, але, як для мяне, то бацькава хлебная зь вёскі лепшая за любую гарэлку”.

(Спадарыня: ) “Паху я не магу вынесьці, але калі яна будзе прадавацца пад кантролем, то нічога страшнага”.

(Спадар: ) “Гэта ж традыцыя, а традыцыя – гэта заўжды лепшае, а ня горшае”.

Нягледзячы на вялікую папулярнасьць, самагонка сёньня існуе паўпадпольна. З аднаго боку, набыць пляшку народнага напою не складае асаблівай цяжкасьці, з другога, вытворчасьць такога прадукту строга забароненая. Бадай, адзінае месца, дзе наведнікаў афіцыйна частуюць самагонкай, – знакамітая сядзіба-музэй Дудуткі. Якасьць і смак напою ўражваюць гасьцей. Да таго ж там можна пабачыць экспанаты самагонных апаратаў, сабраных з усёй Беларусі, ды пазнаёміцца з асаблівасьцямі рэцэптаў самагонкі ды гісторыяй напою.

Валерыя Клецунова – дырэктарка турыстычнай фірмы “Дудуткі-тур” –выводзіць традыцыю вытворчасьці прадукту з XV стагодзьдзя.

(Клецунова: ) “Гэта вельмі разьвілося на тэрыторыі Беларусі, таму што ў кожнай вёсцы былі свае апараты, у кожнага пана былі вінакурні. Тутака ж збыт ішоў у шынкі. У нас было права прапінацыі – права вырабляць сьпіртовыя напоі ў кожным маёнтку, тады як у Расеі даўно была манаполія дзяржавы. Дзякуючы гэтаму мы і ўтрымалі рэцэпты, а ў іх тэхналёгія страчаная, а калі й ня страчаная, то якасьць вельмі нізкая. Калі паглядзець на Ўкраіну, то там п’юць з цукру цукруху і думаюць, што яна самая смачная”.

Тэхналёгія вытворчасьці мае асаблівасьці ў залежнасьці ад традыцыі. Нехта настойвае на зёлках, на каранёх, нехта дадае бярозавых пупышак. Існуе чорная самагонка, дзе прадукт ачышчаецца празь бярозавыя вугельчыкі і набывае адмысловы колер.

Звычайна самагонка каля пяцідзесяці градусаў мацунку, але бывае семдзесят і восемдзесят. Ёсьць месцы, дзе прадукт мае ўстойлівы станоўчы брэнд. Лічыцца, што найлепшыя – старадароская ды глуская. Там гоняць са збожжа, для мяккасьці дадаюць бульбы, брагу запарваюць ды кладуць туды распаленыя камяні. Гэта падвышае якасьць.

Але ёсьць і іншыя прыклады. Самагонка гоніцца ня толькі для асабістага спажытку ці пачастунку. Звычайная рэч, калі прадукт выкарыстоўваецца ў якасьці аплаты ці папросту гоніцца на продаж. Далёка ня ўсе вытворцы сумленныя. Памятаю, як падчас вайсковых збораў калегі мелі неасьцярожнасьць набыць слоік самагонкі на станцыі Навасады пад Крупкамі і былі выключаныя з навучальнага працэсу на некалькі дзён, бо прадукт быў выраблены зь нейкімі хімікатамі. Гэта якраз адна з прычын, зь якой улады караюць за выраб самагонкі ўсё больш жорстка, а міліцыя рэгулярна ладзіць рэйды для канфіскацыі самагонных апаратаў. Лік канфіскаваных апаратаў ідзе на дзясяткі тысяч, а штраф перасягае трыццаць даляраў. Але, нягледзячы на такія захады, вынікі барацьбы ня ўражваюць. Асабліва ў правінцыі. Расказвае ўчастковы міліцыянт аднаго з раёнаў Меншчыны Аляксандар:

(Аляксандар: ) “Колькі ні забірай, колькі ні штрафуй, але людзі ўсё адно будуць гнаць. У вёсках адны старыя пазаставаліся, пэнсія малая, гаспадарку трэба неяк трымаць. Ды старых штрафаваць бяз толку, няма ў іх грошай. А ў лесе, дзе знойдзем апарат, канфіскуем, дык зьявіцца ў іншым месцы. Зрабіць новы ня цяжка”.

Разам з тым відавочна, што самагонка – прычына п’янства сярод сельскага насельніцтва. Тыя, што хочуць нейкай пэрспэктывы, зь вёскі выяжджаюць. Для тых, хто застаецца, разьлік за працу самагонкай – звыклая зьява. Гаворыць жыхар Астрошыцаў, што пад Менскам, Анатоль:

(Анатоль: ) “Праца звычайная, каму градкі ўскапаць, каму плот паставіць ці яшчэ што. Грошай амаль не даюць, звычайна самагонка ці чарніла, але самагонка лепш, сваім гаўна не прададуць”.

Вырабляць самагонку выгадна, бо пляшка гарэлкі ў краме каштуе пяць тысяч рублёў, а выгнаць паўлітра самагонкі са збожжа – прыкладна паўтары-дзьве тысячы. Дзяржава пакуль што не зьбіраецца дзяліцца манапольным правам на выраб алькагольных напояў, бо з гэтага дужа вялікі прыбытак. Хоць, прыкладам, у суседняй Літве набыць такую ліцэнзію цалкам магчыма. У наш камітэт стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі па ліцэнзію зьвяртацца пакуль што няма сэнсу.

Гаворыць супрацоўніца ліцэнзійнага аддзелу названага камітэту спн. Алена:

(Алена: ) “На любы алькагольны прадукт мае быць нарматыўны дакумэнт. На самагон нарматыўнага дакумэнту не існуе. Індывідуальны прадпрымальнік ня можа вырабляць у нас у краіне, бо існуе дэкрэт, згодна зь якім толькі юрыдычныя асобы могуць займацца гэтым відам дзейнасьці, вытворчасьцю алькагольнай прадукцыі”.

Трэба зазначыць, што прадстаўнікі і дзяржаўных, і прыватных кавярняў, бараў, рэстаранаў з прыемнасьцю частавалі б сваіх наведнікаў рознымі гатункамі народных беларускіх напояў. Вядома, калі б гэта было афіцыйна аформлена і ўзаконена.

Гаворыць дырэктарка кафэ “Паляўнічы” Інэса Ляшкевіч:

(Ляшкевіч: ) “Калі людзі п’юць, значыць можна. І калі б якія фірмы наладзілі вытворчасьць якаснага прадукту, чаму б і не – мы б бралі ў іх. Гэта калярыт беларускі”.

З дырэктаркай “Паляўнічага” пагаджаецца адміністратарка кафэ “Бульбяная” Ганна:

(Ганна: ) “Я сто гадоў працую, і самагонка не прадавалася ніколі, але калі б гэта было выраблена на нашых заводах, напэўна, прадавалі б. Калі якасны прадукт, то напэўна так. Асабліва беларускі”.

Магчыма, легалізацыя самагонаварэньня паспрыяла б аздараўленьню агульнай сытуацыі ў гэтай галіне і нашмат пашырыла б кола прыхільнікаў беларускай кухні. У гэтым упэўненая дырэктарка турфірмы “Дудуткі-тур” спн. Клецунова:

(Клецунова: ) “Калі ў вас будзе ліцэнзія, сваё таўро, вы ніколі ня станеце прадаваць дрэнны прадукт. Па-першае, каб ня страціць кліента, па-другое, вы адказваеце за ягонае здароўе. Гэта гарантыя якасьці, таму што ёсьць адказнасьць, у тым ліку й юрыдычная. Таму я дзьвюма рукамі за легалізацыю гэтае справы”.

Напэўна, спадарыня дырэктарка мае рацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG