Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму б апазыцыі не арганізаваць шэсьце супраць паленьня і п’янства…”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 21 красавіка, панядзелак.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



У суботу, 26 красавіка, спаўняецца 22 гады з часу выбуху рэактара на Чарнобыльскай АЭС. Выказваньні слухачоў на гэту тэму:

Чарнобыльскі вайсковы ліквідатар Васіль Сіліверст, Гомельшчына: “Што я асабіста як удзельнік ліквідацыі наступстваў хачу сказаць? У мяне складаецца ўражаньне, што Беларусь цяпер змагаецца не з наступствамі катастрофы ў Чарнобылі, а змагаецца з чарнобыльскімі ліквідатарамі за тое, што яны кажуць праўду пра свае праблемы ўголас”.

Спадар Віктар, Менск: “Паважаная “Свабода”, усяму сьвету вядома, што за гітлераўскія злачынствы Нямеччына, як цывілізаваная дзяржава, выплочвае кампэнсацыю вязьням і людзям, якіх ганялі на прымусовую працу. У сувязі з гэтым я лічу, што Расея павінна рабіць выплату нашым людзям і нашай дзяржаве за чарнобыльскае злачынства. Хацелася б ведаць: калі наш рэжым запатрабуе ў Расеі гэтую выплату? Дзякуй”.

Адказвае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец:

“Расея, як пераемніца правоў Савецкага Саюзу, магла б разгледзець гэтае пытаньне. Але ад наступстваў пацярпела ня толькі Беларусь, але і Ўкраіна, і сама Расея. Таму калі гэта будзе? На мой погляд, ніколі гэтага ня будзе, хоць уздымаць пытаньне патрэбна”.

Падчас візыту на Берасьцейшчыну і Гарадзеншчыну ў аўтамабілі Аляксандра Мілінкевіча, а таксама ягоных паплечнікаў невядомыя двойчы прабівалі колы. Вось як слухачы камэнтуюць гэтыя здарэньні:

Спадарыня: “Я пачула, што папрабівалі колы Мілінкевічу. Узяць і прабіць колы… так нядоўга і з чалавекам тое самае зрабіць… Гэта жудасьць, у якой краіне мы жывем!”

Слухач Васіль: “Прывітаньне, спадарства з Радыё Свабода! Гэта вам хуліган тэлефануе. Падкажыце, калі ласка, як мне ўладкавацца хуліганам па праколваньні шынаў апазыцыянэрам, па пэцканьні офісаў партый фарбай. Я бачу, такія спэцыялісты патрэбныя адміністрацыі”.

У Беларусі прайшоў чарговы штогадовы суботнік. Выказваньні на гэтую тэму:

Сталы слухач: “У нас у рэспубліцы склалася, я лічу, выдатная традыцыя. Гэта суботнікі, якія яшчэ некалі на досьвітку савецкай улады пачалі праводзіцца. Гэта вельмі добрая традыцыя. Яе трэба ўсяляк падтрымліваць і разьвіваць”.

Спадар: “Людзі, больш аптымістычна глядзіце на гэтыя суботнікі. Прынцып у чым? У нас у Беларусі ёсьць выканаўцы вышэйшай меры пакараньня, яны выйшлі на суботнік, бясплатна застрэлілі чалавека і пайшлі дахаты. Нічога страшнага, калі і зь мятлой прайшліся. Пройдзе ўсё гэта. Чаго вы хочаце ад гэтай дзяржавы, калі НДС 15% бярэцца нават з мыліцаў і трунаў?!”

Cлухач задае пытаньне:

Спадар: “У мяне такое пытаньне. У Беларусі адбываецца збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС, хімзаводу пад лёзунгам барацьбы за здароўе нацыі ў будучым. Падаецца, добрыя мерапрыемствы, я за іх. Але чаму ніхто не змагаецца за здароўе нацыі сёньня? Здароўе, якое падрываецца паленьнем, п’янствам, кока-колай, Макдоналдсамі, чыпсамі і рознымі тымі атрутамі? Чаму б апазыцыі не арганізаваць шэсьце супраць паленьня, шэсьце супраць п’янства, супраць Макдоналдсаў, выставіць там пікеты?”

На пытаньне адказвае намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч:

“Да прыкладу, я не палю, бо сам вырашаю, як мне жыць. У адрозьненьне ад пытаньня паленьня, пытаньне будаўніцтва АЭС ці хімзавода ў пасёлку Дружны будзе закранаць усіх людзей. Незалежна ад таго, хочуць яны, каб іх гэтае пытаньне закранала, ці ня хочуць”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадар, в. Юркаўшчына, Докшыцкі р-н: “20 год таму гэта быў цэнтар калгасу. У апошнія 5—10 гадоў зачынілі школу васьмігодку тыповую на 192 вучні, тыповы дзіцячы сад-яслі, ФАП. Плянава і паступова разбурылі жывёлагадоўчы комплекс тыповы на 900 галоваў кароў, пабудаваны на пачатку 80-х гадоў. Вёска памірае. Каб ня зэкі, не было б каму працаваць на фэрмах. Такое вось адраджэньне вёскі”.

Спадарыня: “Толькі што прагучаў у вас такі цудоўны званок, што шыльды для беларусаў напісаныя на расейскай мове. Вельмі цудоўны! Але ж трэба, каб гэтыя званкі таксама, мусіць, мы выбіралі, слухачы. Які лепшы званок. А яшчэ будзе іншая прапанова. Калі ласка, зрабіце якія-небудзь перадачы для дзяцей, для моладзі. Вось майму ўнучку ўсяго толькі 11-ты год, а ён з задавальненьнем слухае, што там гавораць. Трэба моладзь заахвочваць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG