Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявілася першая алея цьвярозасьці


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць 7 кастрычніка ў вёсцы Мосар, што ў Глыбоцкім раёне, каля мясцовага касьцёла зьявілася адзіная ў Беларусі “алея цьвярозасьці”. Пробашч касьцёла Сьвятой Ганны ксёндз Ёзас Булька ўжо каля 20 гадоў змагаецца супраць п’янства ў асяродку тамтэйшых жыхароў, і новая алея на касьцёльнай тэрыторыі – гэта таксама адна зь ягоных ініцыятыў.

У вёску Мосар кожныя выходныя прыязжаюць сотні турыстаў, каб паглядзець на "беларускі Вэрсаль": на тое, як добраўпарадкаваў тэрыторыю вакол касьцёла ксёндз Ёзас Булька. Прыежджыя ідуць да крыніцы зь лекавай вадой і разглядаюць маляўнічыя ляндшафты – парк, упрыгожаны скульптурамі, стаўкі з гарлачыкамі, дэкараваныя клюмбы. Але ў нядзелю некалькі соцень людзей адмыслова прыехалі да касьцёла сьвятой Ганны, каб пасадзіць тут Алею цьвярозасьці. Ідэя стварыць гэтую алею таксама належыць мясцоваму ксяндзу Ёзасу Бульку – вядомаму на ўсю Беларусь барацьбіту з п’янствам.

Мосар, 07.10.2007. Ксёндз Ёзас Булька моліцца разам з тымі, хто прыехаў пасадзіць Алею цьвярозасьці Ксёндз Ёзас Булька моліцца разам з тымі, хто прыехаў пасадзіць Алею цьвярозасьці

"Гэта праблема – п’янства, наркотыкі! – кажа ксёндз Ёзас. – 70 год таму ў людзей забралі Бога, а наўзамен не далі нічога. Цяпер перавыхоўваем: ніхто ня гоніць самагону, ніхто не гандлюе ім у Мосары. Цяпер райвыканкам прыняў рашэньне, каб стварыць тут зону цьвярозасьці – каб у вясковых крамах не было алькагольных напояў.

Ксёндз Ёзас падрыхтаваў каля 30 саджанцаў вечназялёных туяў, каб пасадзіць іх паміж вялізнымі камянямі ўздоўж новай алеі. Яна пачынаецца ад скульптуры прарока Майсея, якому былі адкрытыя галоўныя запаветы праведнага жыцьця.

Для некаторых прысутных праведнае жыцьцё пачалося параўнальна нядаўна – з таго часу, як яны выракліся завядзёнкі ўжываць алькаголь. І пасадзіць першыя дрэўцы на алеі было прапанавана гасьцям – прадстаўнікам таварыстваў ананімных алькаголікаў, якія зьехаліся ў Мосар ня толькі з розных куткоў Беларусі, але й з Літвы ды Расеі.

Мосар, 07.10.2007. Сябры аб Сябры аб"яднаньня "Аптымаліст" прыехалі ў Мосар

Нямала прыехала й тых, хто хацеў бы дапамагчы сваім родным пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці. Пасадзіўшы дрэўца, прысутныя нярэдка дзяліліся адзін з адным сваімі жыцьцёвымі гісторыямі.

"Я прыехала за мужа пасадзіць дрэва, – распавядае спадарыня. – Бо вельмі цяжка жыць з п’яніцам і сярод п’яніц! Я з Шаркоўшчынскага раёну, працую даяркай. І ў нас там усе выпіваюць, адна я як белая варона. Дужа цяжка сярод п''яніцаў жыць!"

"Калі я выпіваў толькі бутэльку піва, то лічыў, што ўвогуле цьвярозы! – кажа спадар гадоў пад 50. – Бывала, што раз на дзень была бутэлька піва, а бывала, што й 4 бутэлькі гарэлкі! І ўрэшце жонка мяне выгнала з хаты. Вось тады ў мяне зьявілася магчымасьць задумацца. Бо ўсе 20 гадоў, што я піў, я не лічыў сябе за алькаголіка – мне здавалася, што так п''юць усе... І, дзякаваць Богу, ужо 11 гадоў і 7 месяцаў я застаюся цьвярозы".

Мосар, 07.10.2007. Маленькія туі хутка вырастуць, і ўтворыцца сапраўдная алея Маленькія туі хутка вырастуць, і ўтворыцца сапраўдная алея

Людзі, якія прыехалі ў Мосарскі касьцёл, заходзілі і ў тутэйшы музэй антыалькагольнай прапаганды. Паводле ксяндза Ёзаса, некаторыя экспанаты – да прыкладу, самагонны апарат – былі падораныя мясцовымі жыхарамі, якія разьвіталіся з дрэннай звычкай.

Мосар, 07.10.2007. Музэйная экспазыцыя Музэйная экспазыцыя "Сьняданак алькаголіка"

Мосар, 07.10.2007. У музэі людзі пакідаюць паперкі зь імёнамі сваіх блізкіх – каб малітва за іх дапамагла справіцца з алькагалізмам У музэі людзі пакідаюць паперкі зь імёнамі сваіх блізкіх – каб малітва за іх дапамагла справіцца з алькагалізмам

Але, як распавядае мясцовая жыхарка бабуля Юзэфа, у Мосары канчаткова кінулі выпіваць далёка ня ўсе:

"Вось мой сын кінуў піць, задаволены... Але ёсьць некалькі чалавек, якіх няможна й адвучыць. А ксёндз наш змагаецца: як пачуе, што напіўся нехта, гатовы на каленках паўзьці – гатовы ратаваць!"

Мосар, 07.10.2007. Безалькагольны шапік-кавярня каля брамы Мосарскага касьцёла Безалькагольны шапік-кавярня каля брамы Мосарскага касьцёла

Каля касьцёла ў Мосары ёсьць шапік-кавярня, дзе не гандлююць ні алькаголем, ні цыгарэтамі. Але ў навакольных вёсках сьпіртовыя напоі прадаюца паўсюдна, як і ў райцэнтры Глыбокае, дзе ці не штомесяц адчыняецца новая кавярня або крама. Так што "зону цьвярозасьці", пра якую казаў ксёндз Ёзас, раённыя чыноўнікі вырашылі ствараць хіба ў адной асобна ўзятай вёсцы . Пра гэта таксама можна будзе распавядаць турыстам, што прыяжджаюць паглядзець на плён працы рупліўцы-ксяндза.

• Антыалькагольная кампанія ксяндза Булькі , 17.05.2007 • Беларускі Парыж расквітнее , 2.08.2006
XS
SM
MD
LG