Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК завяршыў двухдзённы разгляд скаргаў на нерэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты. З 51 скаргаў задаволена толькі 8. ТЭМА ДНЯ.



КАГО СЁНЬНЯ ЗАРЭГІСТРУЮЦЬ? ВАШ ПРАГНОЗ. ДЫСКУСІЯ НА СВАБОДЗЕ


ВЫБАРЧЫ ДЗЁНЬНІК

“ЦВК не заўсёды прытрымлівалася закону”

Уладзімер Раманоўскі — сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу. Ён прадстаўляе тут Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Два дні працы, адзначае спадар Раманоўскі, даюць падставу казаць, што нават ЦВК, ня кажучы ўжо пра акруговыя камісіі, не пазьбягае адыходаў ад закону

Вінцуку Вячорку ЦВК адмовіў у рэгістрацыі

Цэнтравыбаркам завяршыў разгляд скаргаў на нерэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты. З 51 скаргаў за два дні было задаволена толькі 8, учора -- 5, і сёньня -- 3.

Адной з апошніх разглядалася скарга Вінцука Вячоркі. ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі, пацьвердзіўшы рашэньне акруговай камісіі.

Вінцук Вячорка пракамэнтаваў рашэньне ЦВК.

Фармальнай падставай для прыняцьця такога рашэньня стала тое, што ў падпісных лістах у ягоную падтрымку зьбіраліся подпісы выбарцаў з 2 розных раёнаў Менску. Хаця абодва гэтыя раёны і ўваходзяць у адну і тую ж выбарчую акругу, згодна з правіламі збору подпісаў, трэба было лісты ў кожным раёне запаўняць паасобку.

Рашэньні ЦВК можна абскардзіць цягам трох дзён ў Вярхоўным судзе.

Уладзімера Навасяда зарэгістравалі

“Пры праверцы скаргі высьветлілася, што пры прадстаўленьні інфармацыі ў акруговую камісію пра маёмасьць прэтэндэнта адбылася тэхнічная памылка”,-- заявіла сябра ЦВК Надзея Кісялёва. Былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў зарэгістравалі кандыдатам. У адной выбарчай акрузе разам з Уладзімерам Навасядам балатуецца былы намесьнік старшыні Палітрады АГП Аляксандар Дабравольскі і дзейны дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька.

Тацяну Голубеву павіншавалі з прызначэньенем дэпутатам

ЦВК не задаволіў скаргі сябра АГП Мікалая Ўласевіча і сябра БСДП (Грамада) Ірыны Вештард. М.Уласевіч заявіў, што такім чынам выбары ў ягонай акрузе пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове:

“Ужо цяпер можна павіншаваць першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Тацяну Голубеву з прызначэньнем дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Выбачайце, з абраньнем дэпутатам”,-- дадаў ён.

А.Лагвінец: «ЦВК вельмі непрыемна слухаць праўду»


Актывіст незарэгістраванага руху “За свабоду” Алесь Лагвінец лічыць, што ЦВК па ягонай скарзе прыняла цалкам палітычнае рашэньне".



Мікола Статкевіч пойдзе ў Вярхоўны суд


Былы палітвязень Мікола Статкевіч лічыць, што рашэньне ЦВК не рэгістраваць яго кандыдатам на дэпутата супярэчыць Канстытуцыі.

Першая зарэгістраваная

ЦВК зарэгістравала кандыдаткай беспрацоўную і беспартыйную Вольгу Шаханаву. Акруговая камісія знайшла ў яе зашмат несапраўдных подпісаў. Але ў часе праверкі ў ЦВК высьветлівася, што іх колькасьць не перавышае 15%. У такіх выпадках закон прадугледжвае рэгістрацыю.



А.Макаева і М.Статкевіча не зарэгістравалі

Падстава для нерэгістрацыі прадпрымальніка А.Макаева – памылкі, якія ён зрабіў, калі запаўняў дэклярацыю.
У аднаго зь лідэраў сацыял-дэмакратычнага руху былога палітвязьня Міколы Статкевіча непагашаная судзімасьць.


Прадпрымальнікаў не пусьцілі ў парлямэнт

Прадпрымальнікам Уладзімеру Маркаву і Васілю Астроўскаму ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў на дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

ЦВК не задаволіў скаргу Алеся Лагвінца

“Ніколі не патрэбна выхоўваць ЦВК. Гэта дорага абыходзіцца”,-- заявіла Лідзія Ярмошына перад галасаваньнем па скарзе сябра незарэгістраванага руху “За свабоду” А.Лагвінца.

3 верасьня ЦВК разгледзеў скаргі 30 незарэгістраваных кандыдатаў з рэгіёнаў. Вынік: 24 скаргі прызнаныя неабгрунтаванымі, 5 – задаволеныя, адну скаргу зноў будуць разглядаць сёньня.

У прыватнасьці кандыдатамі ў дэпутаты ўчора сталі прадпрымальніца зь Віцебску Ірына Яскевіч, сябра Партыі камуністаў беларускай Міхаіл Селівонец. Сярод тых, каму адмовілі,-- сябра Партыі БНФ Сяргей Салаш і сябра АГП Іван Крук.

Сёньня ЦВК разглядае скаргі, якія падпісалі:

Уладзімер Маркаў, выбарчая акруга №91,
Вольга Шаханава, №92,
Уладзімер Лазоўскі, №93,
Мікалай Кійко, №93,
Сяргей Казлоўскі, №93,
Уладзімер Навасяд, №94,
Дзьмітры Марчанка, №95,
Сяргей Казловіч, №98,
Юры Карэтнікаў, №99,
Алесь Макаеў, №100,
Аляксандар Лагвінец, №102,
Аляксей Турвіч, №102,
Яраслаў Мельнік, №104,
Сяргей Вяршак, №104,
Васіль Астроўскі, №105,
Мікалай Статкевіч, №106,
Вінцук Вячорка, №107,
Аляксандар Кошкін, №107,
Дзьмітры Макараў, менская выбарчая акруга №110.

Першыя выступы без купюраў

Учора ў рамках агітацыйнай кампаніі пачаліся выступы кандыдатаў у дэпутаты па дзяржаўнай тэлевізіі і радыё. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў заявілі, што выступы былі пададзеныя без купюраў.

Г.Сямдзянава: “Акруговыя камісіі працуюць непрафэсійна”

Галіна Сямдзянава — сябра ЦВК з правам дарадчага голасу ад Партыі БНФ. Пасьля ўчарашняга паседжаньня яна вельмі шкадавала, што партыйным вылучэнцам заканадаўства не дазваляе правяраць працу акруговых камісіяў:

“Акруговыя выбарчыя камісіі ва ўсіх месцах груба парушаюць закон. Калі б яны прафэсійна працавалі, дык шмат якіх скаргаў проста б не было".


Чаму пустуюць агітацыйныя стэнды?

У Менску зьявіліся спэцыяльныя стэнды для агітацыі, аднак яны пакуль пустуюць. Кандыдат у дэпутаты Аляксандар Дабравольскі патлумачыў, што пакуль апазыцыйныя кандыдаты ня вырашылі, ці будуць яны выкарыстоўваць грошы дзяржавы для выпуску агітацыйных матэрыялаў.




Назіральнікі АБСЭ пра байкот выбараў


Кіраўнік місіі назіральнікаў АБСЭ Герт Арэнс заявіў у Гомлі: “Байкот — гэта цяжкое рашэньне. Я доўгі час правёў на Балканах, і там было некалькі, у тым ліку й непатрэбных, байкотаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG