Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: назіральнікі АБСЭ пра байкот выбараў


На Гомельшчыне да назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі прыступілі чатыры доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЭ/БДІПЧ. Учора й сёньня ў рэгіёне знаходзіўся й кіраўнік місіі назіраньня амбасадар Герт Арэнс. Ён пабываў у Гомелі й Мазыры.

Апрача сустрэчаў з супрацоўнікамі афіцыйных уладных структураў і выбарчых камісіяў, назіральнікі мелі размовы з прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. І найперш з тымі, хто адмовіўся ад удзелу ў выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты.

Гаворыць кандыдат у дэпутаты парлямэнту па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, які ўжо падаў заяву на адмову ад удзелу ў выбарах:

“Кіраўнік місіі назіраньня пацікавіўся, чаму мы здымаемся на гэтым этапе з выбараў. Я паведаміў, што з самага пачатку ў нас былі вылучаны ўмовы — гэта ўключэньне ў склад выбарчых камісіяў усіх нашых прадстаўнікоў, гэта рэгістрацыя ўсіх нашых кандыдатаў і, па-трэцяе, спыненьне ціску на нашых актывістаў і чальцоў каманды кандыдатаў ад адзінага сьпісу АДС. Гэтыя ўмовы не былі выкананы. Пачуцьцё асабістай годнасьці й самапавага не дазваляюць кандыдатам ад АДС удзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі, гэтым фарсе”.

Назіральнікі ад АБСЭ/БДІПЧ пакуль не камэнтуюць рашэньне гомельскіх прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў адмовіцца ад далейшага удзелу ў выбарах, гэтаксама як і не агалошваюць высновы з назіраньня за выбарамі ў рэгіёне.

Кіраўнік місіі амбасадар Арэнс сказаў журналістам толькі тое, што першая прамежкавая справаздача з назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі на аснове фактаў будзе падрыхтавана цягам бягучага тыдня і што байкот выбараў — гэта цяжкое рашэньне гомельскіх прадстаўнікоў апазыцыі. Свайго стаўленьня да яго спадар Арэнс ня выказаў:

“Я не хацеў бы камэнтаваць гэтае рашэньне. Як назіральнікі мы можам толькі канстатаваць факт, што гэта адбываецца, і канстатаваць прычыну, якая пры гэтым называецца. Калі казаць увогуле, то байкот — гэта цяжкое рашэньне. Я доўгі час правёў на Балканах, і там было некалькі, у тым ліку й непатрэбных, байкотаў”.

У сваю чаргу, некаторыя афіцыйныя прадстаўнікі ўладаў у акруговых камісіях з жалем ставяцца да адмовы актывістаў АДС ад удзелу ў выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты. У прыватнасьці, яны шкадуюць, што ў выбарчых бюлетэнях ня будзе вядомага ў Гомелі палітыка Васіля Палякова.

Гаворыць загадчыца арганізацыйнага аддзелу адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля, сябра адной з акруговых камісій Валянціна Ларчанка:

“Дарма ён зьняў сваю кандыдатуру. Няхай бы й ад АГП быў кандыдат. Але калі ён зьняў сваю кандыдатуру, мы ж ня можам прымусіць яго балятавацца. І з акруговых камісій хочуць выйсьці, хоць яны ўвайшлі ў камісіі. Але такое рашэньне прыняла іх партыя, і гэта — іхняе права”.

XS
SM
MD
LG