Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЫБАРЧЫ ДЗЁНЬНІК. Штодня мы расказваем пра барацьбу за мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Факт. Пракуратура супакоіла прэтэндэнта на дэпутацтва Леаніда Невара з Рэчыцы: у ягоную прыватную хату вызваленага зэка падсяляць ня стануць.

Асоба: пасьля тэле- і радыёвыступаў барысавец Віктар Гарбачоў атрымаў 150 тэлефанаваньняў з усяе краіны.

Сытуацыя. У Гомелі дэмакратычныя актывісты распачалі грамадзянскую кампанію сярод выбарцаў “Думай, разважай, дзейнічай!”

ФАКТ

Сябра выбарчай камісіі Магілёўскай-Кастрычніцкай акругі Валер Беразіенка лічыць рэгістрацыю намесьніцы старшыні абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў Тацяны Ісачанкі несапраўднай:

“Яна сама прызначыла старшыню, сама прызначыла сакратара. Сама прывезла ім праект пастановы. Я яе вінавачу ў тым, што яна выкарыстоўвае сваё службовае становішча як перавагу перад другімі кандыдатамі ў дэпутаты, якія не маглі гэтага зрабіць”.

Валер Беразіенка дабіваецца цяпер афіцыйнай ацэнкі выяўленых парушэньняў.

СЫТУАЦЫЯ

Учора мы расказвалі, як у Рэчыцы міліцыя папярэдзіла незалежнага кандыдата Леаніда Невера, што да яго паселяць умоўна-датэрмінова адпушчанага з турмы на волю зэка.

“Я сёньня атрымаў адказ ад выканаўцы абавязкаў пракурора Рэчыцкага раёну Дзям’янчыка. Ён напісаў у лісьце, што званкі інспэктара міліцыі Ніканенкі й позва на імя Бруцкага Аляксандра былі памылковымі. Гэты Бруцкі, як напісана, ураджэнец мястэчка Рэчыца Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Мне незразумела, як папраўчая калёнія магла пераблытаць Берасьцейскую й Гомельскую вобласьці”.

ўтварэньне ўчастковых камісій у такім складзе выклікае ў мяне недавер: ці змогуць гэтыя людзі, якія падначаленыя майму суперніку па выбарах, старшыні райвыканкаму, справядліва падлічыць галасы выбарцаў
Дарэчы, падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў са спадаром Неверам таксама здараліся неспадзяванкі. Міліцыянты ў масках і пры аўтаматах учынялі ў доме ператрус — нібыта па сыгналу невядомага, які паведаміў, што чуў тут страляніну. Гісторыя паўтарылася?

Іван Шэга, які балятуецца па Слонімскай акрузе № 56, паведаміў: ва ўчастковыя камісіі ўключаны прадстаўнікі толькі ўладных структураў.

“Сутнасьць заявы ў тым, што ўтварэньне ўчастковых камісій у такім складзе выклікае ў мяне недавер: ці змогуць гэтыя людзі, якія падначаленыя майму суперніку па выбарах, старшыні райвыканкаму, справядліва падлічыць галасы выбарцаў? Да ўсяго, гэта супярэчыць заявам кіраўніка дзяржавы, які патрабаваў арганізаваць сапраўды дэмакратычныя выбары. Я свой удзел у выбарах зьвязваю з тым, каб маім назіральнікам далі спакойна працаваць у дзень выбараў, каб яны не стаялі за сьпінамі тых, хто лічыць, а маглі цалкам кантраляваць менавіта падлік галасоў”.

Кандыдат у дэпутаты патрабуе ад ЦВК празрыстага назіраньня за выбарамі.

УРАЖАНЬНЕ

Сёньня кандыдат у дэпутаты з Барысава Віктар Гарбачоў зьвярнуўся на “Свабоду” з просьбай падзякаваць актыўным выбарцам: пасьля свайго выступу ў радыё- і тэлеэфіры ён атрымаў ужо больш як 150 тэлефанаваньняў:

“Адчуў вельмі вялікую падтрымку. Паверыў, што наш народ — талковы, разумее, што адбываецца. Яны мне выказалі ўсё, што думаюць пра гэтую ўладу. Прасілі: “Удзельнічайце ў выбарах, ідзіце да канца”. Ад гэтага зарадзіўся дадатковай энэргіяй і паверыў, што ўдзел у выбарах мае сэнс”.

Віктар Гарбачоў цьвердзіць, што гэтыя тэлефонныя гутаркі ён запісаў на магнітафон і прааналізаваў.

“Па выніках гэтых тэлефанаваньняў я павялічваю сваю каманду. Я — аб’ядноўваюся. Я вызначаю, якія праблемы ёсьць і чым я рэальна магу дапамагчы людзям, а яны — мне. Толькі кансалідацыя, толькі разуменьне адзін аднаго прывядзе нас да таго выніку, да якога мы імкнёмся — гэта дэмакратызацыя краіны”.

АСОБА

Учора апазыцыйная кандыдатка па 17-й Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе Тацяна Севярынец мусіла зьмяніць правапіс ва ўлётках — адмовіцца ад “тарашкевіцы”. А сёньня ёй ужо выставілі прэтэнзіі адносна зьместу ўлётак:

“Прэтэнзіі да мяне выказала загадчыца вытворчага аддзелу Алена Бандарэнка. Я яе папярэдзіла, што тэкст на “тарашкевіцы”. Адразу пытаньне да мяне: “Хто такі Тарашкевіч? У нас дзьве дзяржаўныя мовы, руская і беларуская, і такую ўлётку мы друкаваць ня будзем”. Ну што мне рабіць? Кажу: “Тады праўце”. Далей кажуць: “І ўвогуле ў вас тэкст нейкі дзіўны: “ За апошнія 15 год Беларусь зьняверылася, пагрузла ў страху і падмане. 30% беларусаў маюць алькагольную залежнасьць, на 1000 шлюбаў прыходзіцца 721 развод, Беларусь выйшла на першае ў сьвеце месца па колькасьці самагубстваў”. Адкуль у вас такія лічбы? І ўвогуле...” Я і абурылася: “Што — “увогуле”? Хто вам даў права на цэнзуру? Гэта мая справа. Што лічу патрэбным, тое й замаўляю. А вашая справа — надрукаваць!”

Тацяна Севярынец запатрабавала, каб улёткі былі гатовыя заўтра. Калі гэтае патрабаваньне ня будзе выкананае, яна зьвернецца з афіцыйнай скаргай да назіральнікаў ад АБСЭ.

XS
SM
MD
LG