Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў рамках агітацыйнай кампаніі пачаліся выступы кандыдатаў у дэпутаты па тэлевізіі і радыё. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў заявілі, што выступы былі пададзеныя без купюраў.

Кандыдаты ў дэпутаты Аляксандар Шумкевіч, Аляксандар Дабравольскі, Ігар Рынкевіч, Віктар Гарбачоў, Аляксандар Ваўчанін выступалі сёньня на тэлеканалах “Лад”, СТБ і ў эфіры радыё “Сталіца”.

Сябра АГП Аляксандар Шумкевіч у сваім выступе на радыё “Сталіца” заявіў:

“Мы стаім на парозе перамен далёка ня самых прыемных. Беларусь ужо пачалі прадаваць оптам і ў раздроб. Для некаторых гэта сьвята. А для простых людзей беспрацоўе і інфляцыя – гэта небясьпечна. Мы павінны спыніць распродаж краіны”.

Сёньня ж прагучаў выступ Аляксандра Ваўчаніна з Жодзіна, таксама па-расейску:

“Але ці ведаем мы праўду пра тое, куды ідуць народныя грошы? Чаму так адбываецца – чым меней кантролю над уладай, тым меней яна думае пра людзей. Калі дзяржава не дае магчымасьці прадстаўнікам апазыцыі працаваць у органах выканаўчай улады, няхай дасьць магчымасьць кантраляваць уладу”.

Віктар Гарбачоў падчас выступу падаў нумар свайго тэлефону:

“На дадзены момант мне паступіла 138 тэлефанаваньняў. Я не пасьпеў даглядзець свой выступ па тэлебачаньні – шквал тэлефанаваньняў, калі б былі тры-чатыры лініі, яны таксама ўсе былі б занятыя. З усёй Беларусі. Апошні званок быў з Хойнікаў літаральна 15 хвілінаў таму”.

Спадар Гарбачоў кажа, што ягоны выступ быў востры. Чаму ж там не было купюраў?

“Вялікі кантроль з боку міжнародных назіральнікаў. Ім неабходна ўсё ж паказаць, што працэс дэмакратызацыі ідзе. Проста гаварыце усё, што хочаце, у нас дэмакратыя. А на выхадзе вы атрымаеце тое, што атрымаеце. Тое, што атрымоўвалі заўсёды”, –- лічыць Віктар Гарбачоў.

XS
SM
MD
LG