Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Раманоўскі: “ЦВК не заўсёды прытрымлівалася закону”


Сёньня Цэнтарвыбаркам скончыў разгляд скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня. Ад іх паступіла 51 заява. Задаволена 8 скаргаў.


Уладзімер Раманоўскі — сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу. Ён прадстаўляе тут Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Два дні працы, адзначае спадар Раманоўскі, даюць падставу казаць, што нават ЦВК, ня кажучы ўжо пра акруговыя камісіі, не пазьбягае адыходаў ад закону. У якасьці прыкладу Ўладзімер Раманоўскі называе сёньняшнюю адмову ў рэгістрацыі Аляксандру Лагвінцу:

Сакратар ЦВК Лазавік наўпрост заявіў: калі б вы паводзілі сябе інакш, то, можа, і мы тут рашылі б па-іншаму
“Вельмі ярка паказала камісія сваю схільнасьць да эмацыйнасьці. Сакратар ЦВК Лазавік наўпрост заявіў: калі б вы паводзілі сябе інакш, то, можа, і мы тут рашылі б па-іншаму”.

Алесь Лагвінец, дарадца Аляксандра Мілінкевіча, правільна паказаў агульную суму свайго прыбытку за год. Але ў расшыфроўцы гэтага дакумэнту, з тэхнічнай прычыны, выпаў адзін плацёж у памеры 251 эўра. Гэтыя грошы ўвайшлі ў агульную суму, зь іх выплачаны падаткі. І таму першапачаткова экспэртка ЦВК прапанавала зарэгістраваць спадара Лагвінца.

Але ў сваім выступе спадар Лагвінец ушчэнт раскрытыкаваў правілы правядзеньня выбараў у Беларусі:

“Нават на ўзроўні ЦВК правы беларусаў парушаюцца. Яшчэ ў 2004 годзе я напісаў ліст старшыні ЦВК грамадзянцы Ярмошынай, каб мне далі вынікі галасаваньня на кожным участку тагачаснай маёй выбарчай акругі. Тое ж самае я прасіў у 2007 годзе. Ёсьць артыкул 34 Канстытуцыі, які кажа пра права грамадзянаў мець поўную інфармацыю. Ёсьць артыкулы 13 і 74 Выбарчага кодэксу, якія гарантуюць кандыдатам у дэпутаты права атрымліваць пэўную інфармацыю.

Калі ЦВК адмаўляецца даваць інфармацыю аб выніках выбараў на кожным участку, гэта азначае, што ў нас няма транспарэнтнасьці”.

У выніку ЦВК бальшынёй галасоў адмовіла ў рэгістрацыі Алесю Лагвінцу. А Лідзія Ярмошына так пракамэнтавала гэтую сытуацыю:

“Гэта, Аляксандар Іванавіч, цана вашага баявога запалу. Нельга ніколі выхоўваць Цэнтральную выбарчую камісію. Гэта дорага абыходзіцца самому заяўніку”.

Сёньня Цэнтравыбаркам таксама адмовіў у рэгістрацыі Аляксандру Макаеву, Міколу Статкевічу, Міколу Кійко, Міколу Ўласевічу, Ірыне Вештарт, Вінцуку Вячорку, Юрыю Карэтнікаву ды іншым дэмакратычным кандыдатам.

Кожны, каму ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі, мае права зьвярнуцца ў Вярхоўны суд Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG