Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пустуюць агітацыйныя стэнды?


Сёньня пачынаюцца выступы кандыдатаў у дэпутаты па радыё і тэлебачаньні ў рамках агітацыйнай кампаніі, якая працягнецца да 27 верасьня.


У Менску зьявіліся спэцыяльныя стэнды для агітацыі, аднак яны пакуль пустуюць. Кандыдат у дэпутаты Аляксандар Дабравольскі патлумачыў, што пакуль апазыцыйныя кандыдаты ня вырашылі, ці будуць яны выкарыстоўваць грошы дзяржавы для выпуску агітацыйных матэрыялаў.

“У выпадку, калі трэба будзе здымацца ўсім, а такая магчымасьць ёсьць,то прыйдзецца іх вяртаць, і няведама, адкуль іх браць. То пакуль бальшыня ад дзяржавы сродкаў ня брала. Але зараз мы будзем вырашаць, што рабіць у гэтай сытуацыі. Таму няма агітацыйных матэрыялаў — у гэтым праблема. Адметнасьць самая галоўная, што спонсары аб’явілі нам байкот”.

Спадар Дабравольскі сёньня а 18:05 выступіць на тэлеканале “Лад”.

“Падчас выступу я паказаў фотаздымак, як у нас лічаць галасы: там проста філейныя часткі сяброў камісіі, якія засланяюць усё, што за сталом. Ня ведаю, ці выражуць яны гэта, ці не”.

Сёньня а 18 гадзіне радыёстанцыя “Сталіца” перадасьць 5-хвілінны выступ паплечніка Аляксандра Казуліна Ігара Рынкевіча. Ён паведаміў, што запіс зроблены за дзень да эфіру ў прысутнасьці незнаёмца.

“Я зьвярнуў увагу, што падтрымліваю 12 прапаноў Эўразьвязу, і павітаў той факт, што вызвалены палітвязьні. Аднак гэтага мала. Трэба рэабілітаваць былых палітвязьняў. Адыёзныя артыкулы крымінальнага кодэксу — адмяніць. Я падчас выступу сказаў, што выбары ў Беларусі пакуль адбываюцца паводле запавету дыктатара Сталіна, які казаў, што няважна, як галасуюць — важна, хто і як лічыць галасы. Сказаў, што не выключаю фальсыфікацыяў вынікаў выбараў”.

падчас выступу я сказаў, што выбары ў Беларусі пакуль адбываюцца паводле запавету дыктатара Сталіна
Спадар Рынкевіч падаў сваю праграму ў газэту “Рэспубліка”, але пакуль невядома, калі яна будзе надрукавана. Ён назваў дыскрымінацыйнымі рашэньні ўладаў пра месцы для агітацыі:

“Месцы, якія вызначаны ў Цэнтральным раёне, цалкам не ўваходзяць у маю акругу. Атрымоўваецца, што па Цэнтральным раёне я проста ня здолею сустрэцца зь людзьмі”.

Напярэдадні незалежны тэлеканал“Белсат”, які вяшчае з Польшчы, прапанаваў кандыдатам у дэпутаты эфір для прэзэнтацыі сваіх праграм. Незалежна ад палітычных поглядаў, кожны кандыдат мае тут магчымасьць бясплатна выступіць цягам 8 хвілінаў. Перадачы выйдуць у блёках пад назваю “Выбары-2008. Кандыдаты” ад 16 да 26 верасьня ў найлепшы эфірны час. Пасьля матэрыял зьявіцца на сайце www.belsat.eu. Рэдактар каналу Аляксей Дзікавіцкі сказаў:

“Напэўна, шэраг незалежных кандыдатаў маюць меншыя магчымасьці, каб дайсьці да сваіх выбарцаў, у параўнаньні з афіцыйнымі кандыдатамі. Усе, паводле закону, маюць роўныя правы для выступу на тэлевізіі. Але, акрамя выступу на тэлевізіі, праўладныя кандыдаты выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс.

Іх шанцы існаваць у інфармацыйнай прасторы значна большыя, чым у дэмакратычных кандыдатаў. Таму мы вырашылі гэта кампэнсаваць”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG