Беларуская журналістка Кацярына Сінюк запусьціла часопіс «Імёны»

Кацярына Сінюк

Праект будзе распавядаць гісторыі пасьпяховых дабрачынных праектаў і зьвяртаць увагу на праблемы, да разьвязаньня якіх павінна падключыцца грамадзтва.

Журналістка Кацярына Сінюк, якая год таму сышла з парталу Tut.by і дагэтуль адпачывала ад журналісцкай дзейнасьці, абвясьціла пра запуск супольна з краўд-плятформай Talaka.by часопіса «Імёны».

На сёньня часопіс распавядае гісторыі людзей, якіх пакалечыў выбух у менскім мэтро, піша пра выпускніка інтэрнату для сіротаў, пра гісторыі жыцьця дзяцей-аўтыстаў, пра 10-гадовага хлопчыка, які хавае ад усіх, што ён сьляпы. Такім чынам праект спрабуе паспрыяць зьбіраньню грошай на добрыя справы.

Праект, як распавядае Кацярына карэспандэнту Свабоды, некамэрцыйны:

«Цяпер мы існуём за кошт спонсарства „Талакі“, надалей плянуем пакінуць праект некамэрцыйным. Існаваць хочам найперш за кошт краўдфандынгу, будзем ствараць праекты і зьбіраць грошы на сябе і ганарары журналістам. Ня факт, што гэта будзе вельмі пасьпяхова, бо калі недзе ў Амэрыцы ёсьць грамадзкія СМІ, якія існуюць цалкам за кошт адлічэньняў людзей, то ў Беларусі такога досьведу няма. Але прынамсі ёсьць краўдфандынг, таму паспрабуем. І ёсьць другі шлях фінансаваньня: хочам стварыць нейкую апякунскую раду і запрашаць туды людзей зь бізнэсу, якія змогуць стаць мэцэнатамі праекту, калі палічаць, што ён важны».

Спасылкі на дабрачынныя праекты на галоўнай старонцы часопіса даюцца ў выглядзе кароткага апісаньня з кнопкай «Дапамагчы» сярод артыкулаў, аналягічна выглядаюць прапановы абмеркаваць ідэі новых праектаў. Галоўнае ж месца займаюць гісторыі людзей. Ці толькі пазытыўныя гісторыі будзе распавядаць часопіс?

«Кантэнт будзе двух тыпаў: прывязаны да праектаў, каб іх падтрымаць, і звычайны журналісцкі, не прывязаны да праектаў. Мне падабаецца, што ўсе праекты, якія прыходзяць на „Талаку“, у час рэгістрацыі пазначаюць, якую праблему яны рашаюць. І наш часопіс — пра тое, як вырашаць праблемы ў грамадзтве. Будзем паказваць пасьпяховыя прыклады тых праектаў, дзе ўжо дзейнічаюць актыўныя людзі, альбо паказваць жыцьцё грамадзтва там, дзе ёсьць праблемы, дзе трэба, каб грамадзтва падключылася, дзе трэба, каб зьявіліся актыўныя людзі».