Завяршаецца будоўля беларускай царквы ў Лёндане. 17 сьнежня — кансэкрацыя

Фота з фэйсбука айца Сяргея Стасевіча

У Лёндане завяршаецца будаўніцтва беларускай грэка-каталіцкай царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага. Чакаецца, што ў лістападзе ўсе працы будуць скончаныя. Кансэкрацыю царквы заплянавалі на 17 сьнежня 2016 году.

У Лёндане завяршаецца будаўніцтва беларускай грэка-каталіцкай царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага. Чакаецца, што ў лістападзе ўсе працы будуць скончаныя. Кансэкрацыю царквы заплянавалі на 17 сьнежня 2016 году.

На сёньня скончаныя ўсе вонкавыя працы, сказаў Свабодзе айцец Сяргей Стасевіч.

«Мы чакаем, што царкву дабудуюць у лістападзе, — сказаў Свабодзе Со Цзыўай, архітэктар царквы. — Яна на 90% гатовая».

Пачатак будоўлі

Як пісала Свабода, на тэрыторыі Беларускай каталіцкай місіі каля Марыян Хаўз у Лёндане сёлета пачалі будаваць царкву Сьвятога Кірылы Тураўскага. Гэта першы драўляны храм у Лёндане з 1666 году.

Со Цзыўай (першы зьлева) на будоўлі

Архітэктар царквы — кітаец Со Цзыўай. Ён жыве ў Лёндане з 2003 году і кіруе невялікім уласным архітэктурным бюро Spheron Architects. У 2007 годзе ён пазнаёміўся зь беларускай дыяспарай у Лёндане. А ў 2011-м Со Цзыўай прыняў грэка-каталіцкую веру і стаў наведваць службы ў Марыян Хаўз.

Каб зрабіць праект беларускага храму, Цзыўай адмыслова прыяжджаў у Беларусь, каб пабачыць на ўласныя вочы традыцыйныя цэрквы.

«Гэта не камэрцыйны праект, — казаў архітэктар у інтэрвію Свабодзе. — Але мы паклалі вельмі шмат высілкаў на пошук, выбар і тэставаньне матэрыялаў, чаго не рабілі б пры звычайнай замове. І мы ніколі не патрабавалі дадатковых грошай за дадатковы час, што мы правялі на працы».

На 17 сьнежня, за тыдзень да Раства, заплянавалі кансэкрацыю (асьвячэньне) царквы.