«Жыве Беларусь!» нагадае эўрапалітыкам, што ёсьць рэчы, важнейшыя за бізнэс

«Жыве Беларусь!» нагадае эўрапалітыкам, што ёсьць рэчы, важнейшыя за бізнэс

15 кастрычніка ў 18:30 у Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі адбудзецца адмысловы паказ фільму «Жыве Беларусь!» з удзелам рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча, сусцэнарыста Францішка Вячоркі і жонкі палітвязьня Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч.

Гасьцей паказу прывітаюць дэпутаты Эўрапарлямэнту Марэк Мігальскі, а таксама старшыня парлямэнцкай групы па Беларусі Філіп Качмарэк. Плянуецца ўдзел прадстаўнікоў кіраўніцтва Эўрапарлямэнту, парлямэнцкіх фракцыяў, а таксама арганізацыяў, якія займаюцца беларускім пытаньнем у Брусэлі.
Неўзабаве фільм возьме ўдзелу ў фэстывалях у Чыкага і Вашынгтоне, Кіеве, Вільні, Быдгошчы, Алжыры, а таксама ў беларускім «Бульбамуві» ў Варшаве.

Як распавёў Радыё Свабода рэжысэр фільму Кшыштаф Лукашэвіч, паказ фільму у Эўрапарлямэнце павінен прыцягнуць увагу эўрапалітыкаў да праблемы Беларусі:

«Трэба вярнуць пытаньне Беларусі на парадак дня. Цяпер Эўропа вядзе кулюарныя перамовы з Лукашэнкам, заходнія палітыкі спрабуюць зь ім гандлявацца. Але ёсьць рэчы важнейшыя за бізнэс. Мільёны беларусаў застаюцца закладнікамі рэжыму, сам-насам са сваёй бядой. Наш фільм — гэта маніфэст неабыякавых людзей, творцаў, актывістаў, якія знаходзяцца за кратамі і змагаюцца за свае перакананьні».

Фільм «Жыве Беларусь!» зьняты супольна беларусамі і палякамі ў 2011-2012 гадах. Гэта першы фільм пра сучасную Беларусь, па-беларуску і з удзелам беларускіх актораў. Фільм зьняты на аснове рэальных падзеяў.

Улетку фільм удзельнічаў у Міжнародным брусэльскім кінафэстывалі, дзе атрымаў узнагароду за найлепшы сцэнар. Фільм атрымаў галоўныя ўзнагароды на кінафэстывалях у Стамбуле, Вене, Варшаве, а таксама прызы глядацкіх сымпатыяў ў Гдыні і Вене.



Неўзабаве фільм возьме ўдзелу ў фэстывалях у Чыкага і Вашынгтоне, Кіеве, Вільні, Быдгашчы, Алжыры, а таксама ў беларускім «Бульбамуві» ў Варшаве.