Сястра БНР. Як ва Ўкраіне адзначаюць 100 гадоў незалежнасьці УНР

Украінскі плякат 1917 году

22 студзеня споўнілася 100 гадоў з дня прыняцьця Чацьвёртага ўнівэрсалу Цэнтральнай Рады, які абвясьціў самастойнасьць і незалежнасьці ад Расеі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі.

29 студзеня Украіна адзначае сотыя ўгодкі Бітвы пад Крутамі, калі 400 кіеўскіх студэнтаў адстойвалі незалежнасьць сваёй краіны перад атрадам расейскіх чыронаармейцаў, у 10 разоў большым.

Ва Ўкраіне 100-гадовае абвяшчэньне незалежнасьці УНР пачалі сьвяткаваць яшчэ летась, зь першых юбілейных дат ад пачатку ўкраінскай рэвалюцыі, стварэньня нацыянальнага ўраду, парлямэнту і нацыянальнага войска.

Украінская рэвалюцыя 1917-1921 гадоў

Украінская Народная Рэспубліка, абвешчаная ў лістападзе 1917 году, фармальна праіснавала да 1921 году. На працягу гэтага часу штогод адбываліся пэўныя падзеі, якія цяпер лічацца асноваю сувэрэнітэту краіны.

50 найважнейшых падзеяў Украінскай рэвалюцыі (па-ўкраінску)

Сучаснае ўганараваньне продкаў, якія змагаліся за незалежнасьць, стала магчымым найперш дзякуючы таму, што ў 1992 годзе прэзыдэнт УНР у выгнаньні Мікола Плаўюк перадаў свае паўнамоцтвы тагачаснаму прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку. Гэта было засьведчана адмысловай граматай Дзяржаўнага цэнтру УНР.

Свабода выбрала найбольш яскравыя падзеі, прымеркаваныя стагодзьдзю УНР, якія прайшлі і якія адбудуцца неўзабаве ва Ўкраіне на афіцыйным узроўні.

Пашана першапраходцам

Міхайла Грушэўскі ад сакавіка 1917 да красавіка 1918 году ўзначальваў Украінскую Цэнтральную Раду — тагачасны парлямэнт

Першым кіраўніком Украінскай Народнай Рэспублікі быў выбраны гісторык Міхайла Грушэўскі — яго лічаць першым прэзыдэнтам Украіны. Напрыканцы 90-х гадоў яму пачалі ўзводзіць помнікі і адкрываць мэмарыяльныя дошкі на будынках, дзе Грушэўскі жыў і працаваў.

Цяпер, як мінімум двойчы на год — на Дзень Незалежнасьці 24 жніўня і Дзень Саборнасьці 22 студзеня — да помнікаў прыносіць кветкі цяпершняя палітычная эліта краіны.

Сымон Пятлюра быў застрэлены ў траўні 1926 году ў Парыжы

Згодна з плянамі ўраду, да 2019 году ў Кіеве мае быць устаноўлены і помнік Сымону Пятлюру — генэральнаму сакратару Ўкраінскай Цэнтральнай Рады (у 1917 годзе), галоўнаму атаману войскаў УНР (зь лістапада 1918-га) і старшыні Дырэкторыі УНР (з траўня 1919 да лістапада 1920 году). Цяпер ва Ўкраіне помнік заснавальніку ўкраінскай арміі ёсьць толькі ў Віньніцы — ён стаіць у двары абласнога радыё, дзе ў часы ЎНР знаходзілася Міністэрства поштаў і тэлеграфаў, а пазьней знаходзілася Ваенна-паходная канцылярыя галоўнага атамана УНР.

У адрозьненьне ад Грушэўскага, які пасьля сьмерці быў пахаваны ў Кіеве, магіла галоўнага атамана знаходзіцца ў Парыжы, дзе яго застрэліў габрэй, нібыта помсьцячы за пагромы габрэйскіх арганізацый. Але, як сьцьвярджаюць украінскія гісторыкі, сьледзтва не знайшло ніводнага пераканаўчага доказу асабістай датычнасьці Пятлюры да пагромаў ці іх арганізацыі, а таксама ніводнага факту, які пацьвярджаў бы ягоныя антысэміцкія погляды. Зараз ва ўкраінскім урадзе разглядаюць магчымасьць перапахаваньня Сымона Пятлюры на Бацькаўшчыне. Але гэта ня новая ініцыятыва — яна пэрыядычна вылучаецца з 2003 году.

Дзякуючы дэкамунізацыі, якая асабліва актыўна пачала рэалізоўвацца з 2014 году, імёны правадыроў і сяброў УНР увечненыя ў назвах вялікай колькасьці вуліц украінскіх гарадоў.

Дасьледаваньні, фільмы і рэканструкцыі

Найбольш яскравая і адначасова трагічная старонка войска УНР зьвязаная з боем пад Крутамі на Чарнігаўшчыне, калі амаль 400 курсантаў і студэнтаў стрымалі наступ чатырохтысячнай арміі бальшавікоў на Кіеў. Той бой на чыгуначнай станцыі Круты доўжыўся больш як шэсьць гадзін, і менавіта ён стварыў часовы запас, які дазволіў заключыць Берасьцейскую мірную ўгоду, а гэты дакумэнт, па сутнасьці, азначаў міжнароднае прызнаньне ўкраінскай незалежнасьці.

Сёньня споўнілася якраз 100 гадоў з таго бою. Гісторыкі у адказ на запыт грамадзтва дэталізавалі гэты бой дасканала — складзеная ягоная мапа-схема, вядомыя ўдзельнікі, узбраеньне… Паводле гэтай рэальнай гісторыі ўкраінскія кінэматаграфісты ствараюць мастацкую стужку «Круты 1918». Ужо прэзэнтаваны афіцыйны трэйлер фільму, напалову прафінансаванага зь дзяржаўнага бюджэту. На прэм’ерны паказ чакаюць сёлета ў сьнежні.

Сёньня ж у Кіеве адбудзецца рэканструкцыя бою за кіеўскі завод «Арсэнал», які стаў апорай студзеньскага паўстаньня 29 студзеня 1918 году, арганізаванага Кіеўскім камітэтам бальшавіцкай партыі супраць Украінскай Цэнтральнай Рады і Ўкраінскай Народнай Рэспублікі.

«УНР» супраць «бальшавікоў». Штогадовая рэканструкцыя бою на «Арсенале». 29 студзеня 2017 году

​Да 2021 году ва Ўкраіне плянуюць рэалізаваць уседзяржаўны навукова-асветніцкі і гісторыка-краязнаўчы праект «Месцы памяці ўкраінскай рэвалюцыі 1917–1921 гадоў». У яго межах плянуецца стварыць абласныя навукова-рэдакцыйныя групы для падрыхтоўкі адпаведных матэрыялаў, геаінфармацыйную сыстэму зь лякацыямі падзеяў стогадовай даўніны, а таксама ўключыць у дзяржаўны пералік усе аб'екты культурнай спадчыны, якія маюць дачыненьне да першых гадоў незалежнасьці Ўкраіны на пачатку ХХ стагодзьдзя.

Адначасова ўрад ініцыюе і падтрымлівае падрыхтоўку і публікацыю навуковых, навукова-папулярных мэмуарных, энцыкляпэдычных, даведачных, мастацкіх і іншых выданьняў, зборнікаў дакумэнтаў і матэрыялаў, прымеркаваных да падзеяў украінскай рэвалюцыі.

Вынікам пільнага вывучэньня гісторыі мае стаць і ўсеўкраінская турыстычная праграма «Шляхамі ўкраінскай рэвалюцыі 1917–1921 гадоў».

Памятныя манэты і паштовыя маркі

Манэта «Да 100-годзьдзя падзей украінскай рэвалюцыі 1917-1921 гадоў»

Ад 2016 году Нацыянальны банк Украіны выпусьціў у абарачэньне больш як дзесяць тэматычных памятных манэт, мэдалёў і сувэнірных набораў агульным накладам больш як 400 тысяч. Напрыклад, тыраж манэты «Да 100-годзьдзя падзей украінскай рэвалюцыі 1917–1921 гадоў», выпушчанай летась у сакавіку наміналам у пяць грыўняў, склаў 35 тысяч адзінак. Цяпер нумізматы прадаюць-набываюць адну такую манэту, вырабленую з нэйзільбэру, практычна ўдвая даражэй ад яе першапачатковай вартасьці — 100 грыўняў.

Манэта да 100-годзьдзя фармаваньня ўкраінскіх узброеных сіл выйшла накладам 50 тысяч адзінак

Да юбілейнай даты выпушчаныя памятныя мэдалі і манэты, прымеркаваныя стварэньню дыпляматычнай службы, Дзяржаўнага банку, Генэральнага суду УНР, а таксама першага ўкраінскага палка імя Багдана Хмяльніцкага і пачатку фармаваньня ўкраінскіх узброеных сіл.

У абарачэньні ўжо ходзяць дзьве паштовыя маркі «Ўкраінская рэвалюцыя 1917–1921 гадоў» і «Ўкраінская Народная Рэспубліка 1917–1921 гадоў».

Паштовыя маркі да стагодзьдзя УНР

Сёлета Дзяржаўнае прадпрыемства «Укрпошта» абяцае выдаць яшчэ дзьве тэматычныя сэрыі марак, адна зь якіх прымеркаваная 100-годзьдзю стварэньня Ўкраінскага вайскова-марскога флёту і ўзьняцьця Чарнаморскім флётам украінскіх сцягоў, а другая — дзяржаўным пячаткам Украінскай Народнай Рэспублікі. Плянуецца яшчэ і выданьне паштовых канвэртаў, на якіх будуць зьмешчаныя выявы месцаў памяці рэвалюцыі — Аскольдавай магілы ў Кіеве, і Халоднага яру ў Чыгірыне.

Артэфакты вызваленчай барацьбы

З шэрагу шматлікіх выстаў, якія другі год запар пэрыядычна адкрываюцца ва Ўкраіне, асабліва вылучаецца сёлетняя экспазыцыя «Ўкраінскае кола: да стагодзьдзя вызваленчай барацьбы (1917–1921 гадоў)». Яе адметнасьць — менавіта ў гістарычных артэфактах, якія прадаставілі музэі і прыватныя калекцыянэры Ўкраіны, Польшчы, ЗША і Швайцарыі.

Выставу наведалі прадстаўнікі ўсіх органаў улады Ўкраіны

Сярод паказаных рарытэтаў тут упершыню экспануюцца Ўнівэрсал Дырэкторыі аб зацьвярджэньні аб’яднаньня УНР і Заходняй Украінскай Народнай рэспублікі ў адзіную саборную дзяржаву ад 22 студзеня 1919 году, сьцяг 1-га пешага Запароскага палка імя гетмана Пятра Дарашэнкі з Музэя Войска Польскага ў Варшаве, мэмарыяльныя рэчы Сымона Пятлюры і Ўладзімера Віньнічэнкі (кіраўніка Дырэкторыі УНР у 1919 годзе) з Украінскай свабоднай акадэміі навук у Нью-Ёрку, дакумэнты аб уступленьні Ўкраіны ў Лігу Нацый з архіву офісу ААН у Жэневе, дзяржаўныя пячаткі таго часу — пячатка Ўкраінскай Цэнтральнай Рады, вялікая пячатка УНР — з калекцыі Музэя гістарычных і культурных рэліквій сям'і Шарамецьцева.

Выстава працуе ў Музэі гісторыі Кіева і будзе доўжыцца да сакавіка.