Нумар 5. Сьпіс вернутых ва ўладу карупцыянэраў папоўніў былы старшыня Чашніцкага райвыканкаму

Уладзімер Булай

Былы старшыня Чашніцкага райвыканкаму Ўладзімер Булай прызначаны кіраваць акцыянэрным таварыствам «Кляновічы» ў Крупскім раёне.

«Уладзімер Уладзімеравіч у нас працуе з канца студзеня. Але цяпер яго няма, зьехаўшы», — паведамілі ў прыёмнай гаспадаркі і параілі пазваніць пазьней. Але і празь некалькі гадзін Уладзімера Булая на працоўным месцы знайсьці не ўдалося. Жонка былога старшыні Чашніцкага райвыканкаму Надзея Булай, якая засталася жыць у Чашніках, дзе кіруе камітэтам прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, ад размовы з карэспандэнтам Свабоды адносна новай працы мужа катэгарычна адмовілася. «Нічога казаць ня буду і мабільнага нумара мужа не прасіце, да пабачэньня», — сказала Надзея Паўлаўна ды паклала слухаўку.

Уладзімер Булай стаў 5 нумарам у сьпісе тых, каго Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад судовай адказнасьці і накіраваў ратаваць гаспадарку. Раней стала вядома, што такі ж лёс напаткаў былога намесьніка генпракурора Аляксандра Архіпава, былога гендырэктара аб’яднаньня «Магілёўдрэў» Андрэя Вусава, экс-віцэ-«мэра» Баранавічаў Ігара Стасевіча і былога дырэктара Бабруйскага мясакамбінату Віктара Хадасевіча. Але ў выпадку з Уладзімерам Булаем ёсьць і адрозьненьне.

Калі пералічаныя кіраўнікі былі асуджаныя за карупцыю судом і часткова адбылі пакараньне, дык пра тое, што над спадаром Булаем суд ужо адбыўся, зьвестак няма.

У верасьні 2015 году Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, не называючы прозьвішча, пра завядзеньне крымінальнай справы аб карупцыі адносна старшыні Чашніцкага райвыканкаму.

«У ходзе сьледзтва выяўлена, што старшыня Чашніцкага раённага выканкаму зь ліпеня 2011 году па травень 2015 году, дзейнічаючы з карысьлівай ды іншай асабістай зацікаўленасьці, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, даваў загады кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацыяў Чашніцкага раёну аб перадачы яму і чальцам ягонай сям’і таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў, а таксама аказаньня і прадстаўленьня паслуг безь іх фактычнай аплаты», — гэтак пазначана ў інфармацыі за 2 верасьня 2015 году, якая дагэтуль знаходзіцца на сайце Сьледчага камітэту. На дадатак СК паведамляў, што кіраўнік Чашніцкага раёну арыштаваны.

Дзе сядзеў за кратамі Ўладзімер Булай, дакладна не вядома. Журналіст у Чашніках, зь якім давялося пагутарыць на гэтую тэму, сказаў, што арыштавалі Булая ў райцэнтры, а потым нібыта завезьлі ў сьледчы ізалятар у Віцебск, але там гэтыя зьвесткі афіцыйна не пацьвердзілі.

Аляксандар Архіпаў узначаліў адстаючы «калгас», Ігар Стасевіч кінуты кіраваць прадпрыемствам, дзе працуюць інваліды, Андрэй Вусаў паспрабуе падняць завод, які мусіў прадаць свой офіс. А якая гаспадарка дасталася былому старшыні Чашніцкага райвыканкаму Ўладзімеру Булаю?

Кляновіцкая фэрма

Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Кляновічы» — моцная аграпрамысловая гаспадарка ў Крупскім раёне, створаная ў 2004 годзе на базе СПК «Бобр-Агра», які раней аб’яднаў саўгасы «Бобр», «Колас» і Бобрскі сьпіртзавод. Кампанія «Кляновічы» гадуе бройлераў і сама прадае птушынае мяса, субпрадукты і паўфабрыкаты, сярод яе прадукцыі — малочныя і хлебныя вырабы. Яшчэ ў студзені гаспадаркай кіраваў Уладзімер Карпавіч Багачоў. А чаму яго замянілі на новага кіраўніка?

«Ён ужо зьехаў, а куды — ня ведаю, бо ён не мясцовы, і нам нічога пра прычыны не сказалі», — паведаміла маладая працаўніца гаспадаркі.

Алесь Пушкін

Алесь Пушкін, жыхар вёскі Бобр, што якраз на тэрыторыі гаспадаркі «Кляновічы», наконт адстаўкі спадара Багачова мае наступную вэрсію.

«Усё ж пры ім была вельмі вялікая цякучасьць кадраў на фэрмах. І на той новай, што каля Бабра пабудавалі, і што ў Кляновічах. І ў аграгарадку шмат домікаў пустуе, адмыслоўцы пазьяжджалі. Відаць, гэтае прыгоннае права неяк людзей не заахвочвае ісьці сюды працаваць. Заатэхнік і дырэктар фэрмы атрымліваюць па 5 мільёнаў — хіба гэта шмат? Але даярак і птушніц хапае, па 3,5 мільёна маюць», — кажа Алесь Пушкін.

У разьдзеле «Вакансіі» на сайце кампаніі «Кляновічы» сапраўды на адну вакансію працаўніка — у дадзеным выпадку сьлесара-электрыка з заробкам у 2,5 мільёны — прыпадае 5 вакансіяў спэцыялістаў. Сярод іншага, кампаніі патрэбны начальнік цэху забою і перапрацоўкі бройлераў з заробкам 6 мільёнаў рублёў, майстар цэху — 4,5 мільёна, вэтэрынарны ўрач — 4,5 мільёна.

Недахоп спэцыялістаў — трывожная прыкмета. А як у гаспадаркі з эканамічнымі паказчыкамі?

«Відаць, што малыя гэтыя паказчыкі, малыя прыбаўкі вагі і надояў. Як збудавалі і зрабілі капіталаўкладаньні, дык паказчыкі спачатку былі немалыя і заробкі былі ладныя. А цяпер пачалася руцінная праца, калі трэба ад укладзеных грошай мець добрую аддачу, але яе няма. Дзесьці хварэюць кароўкі, бо стаяць у лужыне, капыты іх мокрыя, і ўзімку холадна ў тых фэрмах, бо яны пабудаваныя па такім летнім варыянце — летні дах і вялікія вокны, якія няшчыльна зачыняюцца. Таму запаволіліся тэмпы эканамічнага разьвіцьця пры былым дырэктару, за гэта яго наверсе лаялі. Думаюць, што, можа, новы кіраўнік нешта такое прыдумае, каб палепшыць становішча».

Ці мае шанцы на посьпех былы падазроны ў карупцыі?

Алесь Пушкін даўно жыве ў вёсцы Бобр і ведае пра мясцовых кіраўнікоў нямала гісторыяў з карупцыйным падтэкстам. Паводле спадара Пушкіна, былы старшыня Крупскага райвыканкаму быў зьняты з пасады за злоўжываньні, але неўзабаве прызначаны кіраваць суседнім раёнам. Таксама жыхар Бабра згадаў, што мясцовай гаспадаркай адзін час кіраваў чалавек безь беларускага грамадзянства, які аказаўся датычны да шэрагу крымінальных гісторыяў.

«Начальнік-карупцыянэр тут не навіна, людзі да ўсяго прызвычаіліся. Разважаюць гэтак, што новы начальнік на кручку ва ўлады і будзе рабіць што скажуць, а ня будзе — дык пойдзе ў турму», — мяркуе Алесь Пушкін.

Гаспадарка, якая дасталася Ўладзімеру Булаю, адзначаецца таксама вялікай «сацыялкай». На яе балянсе — адрамантаваны Дом культуры, гандлёвы цэнтар «Шчодры колас», спарткомплекс з басэйнам. Наколькі гэтыя выгоды паляпшаюць жыцьцё і працу ў «Кляновічах»?

Мастак Алесь Пушкін распавядае, як даводзілася яму вадзіць па Бабры, Кляновічах і аграгарадку Замкі сваіх гасьцей, і тым убачанае ў гаспадарцы збольшага падабалася. Але былі і супярэчныя ўражаньні.

«Палітоляг Віталь Сіліцкі, ужо нябожчык, калі быў тут, пайшоў са мной у Дом культуры, а той аказаўся зачынены. Дык сказаў Віталь, што дом ёсьць, а культуры ён не знайшоў. Пайшлі ў спарткомплекс — добры басэйн, але, адзначыў, зусім мала наведнікаў. Затое ў кавярні і бары ўвечары поўна людзей. На адным паверсе сьвяткуюць вясельле, на другім — памінкі. І ўсе нападпітку. Вось такія былі назіраньні і разважаньні», — згадаў мастак Алесь Пушкін.