Такую лічбу днямі назваў Уладзімір Зяленскі. Да параўнаньня, да 2014 года толькі ў адной Данецкай вобласьці пражывалі больш за чатыры мільёны чалавек.
Цяпер вярнуцца на падкантрольную Кіеву тэрыторыю яны могуць праз адзіны гуманітарны калідор — на мяжы зь Беларусьсю.
Рэпартаж тэлеканалу «Настоящее время».
Your browser doesn’t support HTML5
Что рассказывают украинцы, выехавшие из оккупации
Сьлёзы, радасьць, доўгачаканая сустрэча з блізкімі. Шмат людзей, якія перасякаюць пункт пропуску, просяць, каб не здымалі іх твары. Тлумачаць, што на акупаваных тэрыторыях застаюцца альбо іх сваякі, альбо блізкія людзі. Яны непакояцца, каб пасьля інтэрвію ў тых, хто застаўся, ня ўзьніклі праблемы.
Уладзімір ужо некалькі дзён дабіраецца з акупаванай часткі Херсонскай вобласьці: «Цяжка ехаць». Раней мужчына адправіў з акупацыі сям’ю. Сам выходзіў апошнім.
Сяргей — валянтэр арганізацыі Helping to Leave, якая дапамагае ўкраінцам выяжджаць з акупацыі.
Пакуль Уладзімір спрабуе супакоіцца і перадыхнуць, Сяргей расказвае, як усё праходзіць:
«Тут модульны гарадок для людзей, якія перасеклі мяжу. Ёсьць некалькі арганізацый, якія непасрэдна кожны дзень 24 на 7 аказваюць дапамогу».
Даманава-Макраны — гэта адзіны пункт пропуску, які працуе як гуманітарны калідор паміж Украінай, Беларусьсю і Расеяй.
«Ён функцыянуе толькі на ўваход на тэрыторыю Ўкраіны, у адзін бок. І толькі грамадзяне Ўкраіны могуць вярнуцца на тэрыторыю нашай дзяржавы праз гэты пункт пропуску. Штодня пункт перасякаюць ад 10 да 20 чалавек, па стане на дадзены момант, на гэты сэзон. Улетку гэтая лічба дасягала 100 чалавек», — распавядае сьпікерка Валынскага памежнага атраду Марыта Вяршыніна.
«Вы не ўяўляеце, дзе мы былі. Ніхто вам так не раскажа. Там пекла», — гэта першае, што расказваюць Віктар і Надзея, якія ўжо пяты дзень выбіраюцца з акупаванай Голай Прыстані Херсонскай вобласьці.
«Міны стаяць. Наехалі — кола адарвала, на дзесяць мэтраў заляцела. Вы ідзяце сабе ў горадзе — мёртвы чалавек ляжыць. Ён тры дні ляжыць, яго сабакі пачынаюць абʼядаць, а вы з ім пражылі дзясяткі гадоў, мы яго ведаем добра. Яны забараняюць браць [цела]. Я кажу: Надзя, гэта Юрка ляжыць. Сабакі аб’елі яго», — успамінае Віктар.
Большасьць людзей, якія тут перасякаюць мяжу, выяжджаюць з акупаваных частак Херсонскай і Запароскай абласьцей, крыху менш з Данецкай і Луганскай, выяжджаюць грамадзяне Ўкраіны таксама і з Крыма.
«Мужчыны пакутуюць праз іх. Дзесьці вывозілі і дапытвалі, дома нейкія гутаркі, лупілі», — кажа жыхарка Херсонскай вобласьці Аксана.
«Пальцы выкручваюць, вырываюць пазногці. Гэта ня казкі, гэта насамрэч. Токам бʼюць, дубасяць. Так з нашых зьдзекаваліся», — расказвае Віктар.
Валянтэр Сяргей праводзіць мікрааўтобус і расказвае, што за чатыры гады, колькі ён дапамагае тут людзям, пачутых гісторый набралася столькі, што можна пісаць кнігу. Кажа, што некаторыя з іх успамінаць асабліва балюча:
«Едзе бабуля з унукам. Мамы з татам ужо няма ў жывых, варожы дрон. На другі дзень прыехалі ўнука забіраць, таму што яна ўжо не трапляе па тым заканадаўстве пад апеку. І яна едзе з тым унукам. І я кажу: „Мішаня, вы едзеце ў Кіеў?“ Ён: „Так, да мамы з татам“. Я разумею, што хлопчыку восем ці дзесяць гадоў, ён гуляецца. Усё разумее, і разам з тым не разумее, што няма бацькоў».
Жанчына вывозіла ўнука з акупацыі, каб яго не забралі ў дзіцячы дом, а хлопчык верыў, што едзе да бацькоў. Большасьць людзей, зь якімі мелі зносіны журналісты «Настоящего времени», галоўнымі матывамі пераезду называюць асьцярогі за жыцьцё, непрыманьне акупацыйных уладаў і жаданьне ўзьяднацца з блізкімі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН прызналі перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей у Расею і Беларусь злачынствам супраць чалавечнасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абстрэлы кожны дзень». Рэпартаж зь Нікапалю, які ад акупаванай атамнай станцыі аддзяляе Дняпро. ВІДЭА