Украіна завяла крымінальную справу супраць Рамзана Кадырава

Рамзан Кадыраў

Служба бясьпекі Ўкраіны ўсчала крымінальную справу супраць кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава па факце тэрарыстычных пагрозаў у бок народных дэпутатаў Украіны.

Пра гэта паведаміў дарадца старшыні СБУ Маркіян Лубкіўскі.

СБУ таксама ўзмацніла захады бясьпекі ў дачыненьні да чальцоў украінскага парлямэнту, на адрас якіх прагучалі пагрозы.

«Тэрарыстычныя пагрозы, ад каго б яны не сыходзілі, ёсьць злачынствам міжнароднага характару і сутыкнуцца з нашым рашучым адпорам», — заявіў кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка.

Раней кіраўнік МУС Арсэн Авакаў заявіў, што МУС распачало праверку пагрозаў кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава на адрас грамадзян Украіны.

5 сьнежня Рамзан Кадыраў загадаў усчаць крымінальныя справы і даставіць у Чачню народных дэпутатаў Украіны Юрыя Бярозу, Андрэя Левуса ды Ігара Масейчука. Украінцы жорстка выказаліся наконт дзеяньняў Крамля ў дачыненьні да падзеяў у Грозным на пачатку сьнежня.