Лункі на беларускіх валунах — календары ці зорныя мапы?

Каардынатар «Уфакаму» Ільля Бутаў чытае даклад пра дасьледаваньне лункавых камянёў

Беларускія аматары недастаткова дасьледаваных навукай тэмаў падзяліліся сваімі працамі на канфэрэнцыі «Таямнічая Беларусь».

У Нацыянальнай бібліятэцы прайшла другая канфэрэнцыя «Таямнічая Беларусь», у межах якой быў прадстаўлены дзясятак дакладаў пра загадкі беларускай гісторыі.

Канфэрэнцыю ладзіць беларускі «Ўфакам». Арганізацыя цікавіцца ня толькі сьведчаньнямі пра агні ў небе і гісторыямі пра «зялёных чалавечкаў», яна ўзяцца за любыя тэмы, якім не знаходзіцца тлумачэньня ў цяперашняй навуцы.

Да такіх тэмаў адносіцца і крыптазаалёгія (часам «чупакабры», якіх знаходзяць у беларускіх вёсках, аказваюцца неўласьцівымі для гэтых мясьцінаў, але вядомымі навуцы жывёламі, а часам выяўляецца, што да вядомых жывёлаў прыпісаць «чупакабру» цяжка), і дасьледаваньні любога палтэргейсту і анамаліяў (прывідам і кругам на палях зноў жа часам знаходзіцца навуковае тлумачэньне, а часам — толькі здагадкі), і сакральная геаграфія (часта месцы культавых аб’ектаў зьвязваюцца з назіраньнямі цудаў, а мясьціны «народнага праваслаўя» маюць язычніцкі сьлед).

Аматары паранармальнага намагаюцца выкарыстоўваць навуковыя мэтодыкі, робяць усе магчымыя замеры, апытваюць як мага болей сьведак і дасьледуюць гістарычны «бэкграўнд» — так ці іначай спрабуюць знайсьці рацыянальнае тлумачэньне. І штогадовая канфэрэнцыя для іх — ня толькі справаздача «з палёў», але і спроба сыстэматызаваць дасьледаваньні, прадставіць іх вынікі на навуковай мове.

«На гэтых канфэрэнцыях мы традыцыйна асьвятляем пытаньні, зьвязаныя з археаастраноміяй, з фальклёрам, загадкамі гісторыі і сумежныя тэмы, — тлумачыць карэспандэнту Свабоды каардынатар „Уфакаму“ Ільля Бутаў. — Гэтая канфэрэнцыя нечакана для нас саміх стала міжнароднай, у ёй узялі ўдзел госьці з Расеі, Украіны і Латвіі, якія прадставілі свае дасьледаваньні ў галіне сакральнай геаграфіі, вывучэньні культавых камянёў, а таксама пячораў вострава Хорціца ва Ўкраіне, яны прывезьлі фільмы і кнігі па вывучэньні сакральных мясьцін. Людзі прыяжджалі зь іншых рэгіёнаў Беларусі, з Гомеля, зь Берасьця...»

Адны даклады, як даклад пра «хадзячых мерцьвякоў» у гісторыі ўсходніх славянаў, тычыліся пераважна дасьледаваньняў фальклёру і пісьмовых пераказаў гісторыяў з вусных крыніц, а таксама ўскосных сьведчаньняў кшталту незвычайных пахавальных абрадаў. У іншых гаворка ішла пра матэрыяльныя рэчы — як даклады пра лункавыя валуны, адзін зь якіх можна пабачыць у менскім Музэі валуноў ва Ўруччы.

Сузор’і на валунах

Аляксандар Зайцаў распавядае пра лункавыя камяні на Вілейшчыне

Два даклады былі прысьвечаныя тэме лункавых валуноў — камянёў з павыскрэбванымі на іх невялічкімі, прыкладна да 10 сантымэтраў у дыямэтры і да 2 см у глыбіню, лункамі, якія ўтвараюць пэўны малюнак. Такія лункі магчыма высекчы іншым каменем, потым адшліфаваць з дапамогай пяску і палкі. Адзін з дакладаў пра лункавыя валуны прадстаўляў сам Бутаў:

«Гэтых камянёў вядома на сёньняшні дзень у Беларусі больш за 50. Афіцыйная навука крыху асьцярожнічае, хоць у афіцыйных публікацыях Нацыянальнай акадэміі навук прыводзіцца шэраг вэрсіяў. Даволі імаверна, што лункі высякаліся каля 500-1500 год да нашай эры. Ёсьць назіраньне вілейскага краязнаўцы Аляксандра Зайцава, які абагульніў зьвесткі па камянях, і ў яго атрымалася, што яны былі прывязаныя да палеаазёраў.

Вэрсіяў мноства, ёсьць экзатычныя, як выкарыстаньне іх для гульняў — мо перакладвалі камяні з адной лункі ў іншую і гэта былі нейкія гульні. Ці мо нават гэта былі музычныя інструмэнты, у лункі кідалі каменьчыкі і ўтваралі гукі з каменя. Ёсьць вэрсіі, якія кажуць, што гэта каляндар, заснаваны на фазах месяца, земляробчы каляндар».

Праблема дасьледаваньняў такіх валуноў, як казалі на канфэрэнцыі, у адсутнасьці сыстэмы. Няма ня толькі адзінага цэнтру, дзе б зьбіраліся зьвесткі пра лункавыя валуны, але і адзінай мэтодыкі. Адны дасьледчыкі бачаць на валуне 20 выразных лунак, іншыя налічваюць усе 200. І там, дзе нехта ня бачыць ніякай выявы, іншы можа разгледзець выразныя карціны.

Лункі на адным зь беларускіх валуноў складаюцца ў нешта падобнае да сузор’я. Падобных камянёў з лункамі па Беларусі знайшлі больш за 50, на некаторых іншых дасьледчыкі таксама бачаць сузор’і

«Адна з вэрсіяў, што лункі ўтвараюць пэўныя сузор’і. Гэтай тэмай я загарэўся, калі прачытаў кнігу нашых навукоўцаў — і геолягі, і гісторыкі падрыхтавалі пра гэта кнігу. Мы вырашылі праверыць, карціраваць [стварыць схему разьмяшчэньня лунак. — РС] шэраг валуноў. У нашых плянах карціраваць іх усе, гэта задача бліжэйшых гадоў. Я таксама правёў вялікі аналіз літаратуры — і можна казаць, што некаторыя з камянёў адлюстроўвалі зорнае неба, былі зорнымі мапамі».

Вэрсія пра зорныя мапы падаецца падобнай да праўды: незалежныя астраномы пацьвердзілі дасьледчыкам, што лункі на некаторых камянях нагадваюць сузор’і, хоць і ўзаемнае разьмяшчэньне сузор’яў не заўсёды дакладнае. Да таго ж нашы продкі ўмелі карыстацца зорным небам у каляндарных мэтах, што адлюстравалася ў прымаўках пра тое, калі трэба сеяць ці зьбіраць ураджай. Ёсьць і іншае тлумачэньне падабенства лунак да сузор’яў — можа, гэта і не каляндар, а абрадавая выява, у якой аб’екты «верхняга сьвету» пераносіліся ў «сьвет ніжні».

Бутаў абяцае, што на наступнай канфэрэнцыі зьявяцца новыя даклады на гэтую тэму, і адзначае, што калі яшчэ дзесяць год таму дасьледчыкі лункавых валуноў адчувалі сябе першапраходцамі, то цяпер тэма дасьледуецца даволі актыўна. На канфэрэнцыю ў наступным годзе таксама запрашаюць дасьледчыкаў любых тэмаў, зьвязаных з тым, на што афіцыйная навука не зьвяртае дастатковай увагі.