У Осла прэзэнтавалі кнігу пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

У межах Усясьветнага кангрэсу супраць сьмяротнага пакараньня, які праходзіць у сталіцы Нарвэгіі, прадстаўлена кніга «Пакараньне сьмерцю ў Беларусі».

У 1998 годзе ў праваабарончы цэнтар «Вясна» ўпершыню прыйшоў ліст з камэры сьмяротнікаў, — распавяла на прэзэнтацыі адна з аўтараў кнігі, журналістка і праваабаронца Паліна Сьцепаненка:

«Пісаў Іван Фамін, як пазьней нам стала вядома, — незаконна прысуджаны да расстрэлу. Фамін прасіў дапамагчы, сьцьвярджаў, што яго асудзілі за злачынства, якое ён не зьдзяйсьняў», — цытуе праваабаронцу БелаПАН.

Паліна Сьцепаненка расказала, што ў 2012 годзе праваабаронцы сустрэліся з Алегам Алкаевым, які некалькі гадоў ня толькі ўзначальваў СІЗА № 1 у Менску, дзе прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды, але і прымаў удзел у расстрэлах. Яны паказалі Алкаеву ліст ад Фаміна. Ён успомніў гэтага зьняволенага і пацьвердзіў, што таго асудзілі неправамерна.

Кніга «Пакараньне сьмерцю ў Беларусі» была перакладзена на ангельскую мову і выдадзена напярэдадні кангрэсу. На вокладцы кнігі намаляваная турэмная роба Аляксандра Грунова з надпісам «ИМН» (выключная мера пакараньня). У 2014 годзе ён быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве гомельскай студэнткі. Робу турэмныя выканаўцы вярнулі маці асуджанага замест асабістых рэчаў.

«Важна, што ў гэтым выданьні сабраны факты і лічбы аб выключнай меры пакараньня ў Беларусі. Акрамя таго, праведзены гістарычны аналіз, як у нашай краіне зьявілася сьмяротнае пакараньне, і як яно трансфармавалася ў залежнасьці ад часу і палітычнага рэжыму, — адзначыў праваабаронца Андрэй Палуда. — Вельмі важна даносіць да людзей інфармацыю пра гэтую праблему, бо некаторыя беларусы лічаць, што ў нас ужо даўно няма сьмяротнага пакараньня. У гэтым годзе да вышэйшай меры ўжо прыгаворана чатырох чалавек. Адзін з асуджаных быў расстраляны ў красавіку 2016 году».

Паліна Сьцепаненка паведаміла, што ў будучыні праваабаронцы плянуюць працягнуць выданьне кніг на гэтую тэму. «Праз нас праходзіць вельмі шмат гісторый і лёсаў. Важна захаваць гэтую інфармацыю, каб данесьці людзям, што сьмяротнае пакараньне не зьяўляецца цывілізаваным мэтадам пакараньня і барацьбы са злачыннасьцю», — падкрэсьліла яна.

Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу існуе сьмяротнае пакараньне. З моманту атрыманьне краінай незалежнасьці да расстрэлу былi прысуджаныя больш за 400 чалавек, памілаваны на рашэньне Аляксандра Лукашэнкі толькі адзін асуджаны.