У Лукашэнкі заробак вырас у 15 разоў, а па краіне крыху больш, чым утрая, — Марголін

Леў Марголін

Пра што сьведчаць дадзеныя пра прыбыткі і маёмасьць кандыдатаў у прэзыдэнты?

Эканаміст Леў Марголін у інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзначыў, што сэнсацый там ня ўбачыў:

«Усё як заўсёды, усё чаканае. У саміх кандыдатаў ніякай маёмасьці няма. Уся камэрцыйная маёмасьць зарэгістравана на жанок, якія займаюцца гаспадарчай дзейнасьцю ў сям’і. Мяне, аднак, вельмі зацікавіла лічба заробку Аляксандра Лукашэнкі, якая павялічылася з 2000 году ў 15 разоў. Я паглядзеў, як жа рос сярэдні заробак па краіне за гэты час. У даляравым пералічэньні заробак гэты ўзрос крыху больш, чым у тры разы, ну амаль што ў чатыры разы. Але ніяк не ў 15! І вось гэта вельмі паказальна, што тыя абяцаньні, якія Лукашэнка дае грамадзянам, ён не выконвае. Але тое, што тычыцца яго самога, яно выконваецца і нават перавыконваецца. Бо калі нават узяць 2010 год, то таксама было абяцаньне падняць сярэдні заробак амаль удвая, з 500 даляраў да тысячы. Яно не выканана, наадварот заробкі зьнізіліся. Але ў самога Лукашэнкі рост вельмі добры і параўнальна з 2010 годам».

Леанід Заіка

Дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка выказаўся адносна эканамічных дэклярацый кандыдатаў у прэзыдэнты:

«Я ўражаны. Такога самаробнага і даволі прымітыўнага погляду на Беларусь я дагэтуль ня бачыў. То бок можна казаць, што на сёньняшні дзень рэзка паменшыўся ўзровень інтэлекту, адказнага і прафэсійнага падыходу да сацыяльна-эканамічных праблем разьвіцьця Беларусі. Я ўражаны. Літаральна ва ўсіх. У іх проста няма праграм, а нейкія тэзісы, асобныя выказваньні. Маўляў, пішыце свае прапановы. Але так нельга ісьці на выбары. Гэта проста такая кампанія — схадзіць, як па грыбы. Можа, і грошай дадуць, каб пад’ехаць потым па грыбы на нейкай іншамарцы. Мяне гэта ўразіла. На жаль, немагчыма весьці нейкую дыскусію».