У Дзень Волі віцябляне прыйшлі да Быкава і Караткевіча

Кветкі — Уладзіміру Караткевічу

Каля дзесятка чалавек, умовіўшыся праз асабістыя кантакты, сабраліся каля помніка князю Альгерду і прайшлі па цэнтры Віцебску з букетамі белых і чырвоных кветак, з паветранымі шарыкамі. Адна дзяўчына ішла зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячох.

Гэтым разам сабраліся не «запісныя апазыцыянэры» — сябры партыйных арганізацыяў ці грамадзкіх структур, — а людзі, якія ў большасьці адзін аднаго раней ня ведалі. Так што знаёміліся проста па дарозе.

Людзі знаёмяцца каля помніка князю Альгерду

Па вуліцы Суворава

Невялікую калёну неадрыўна суправаджалі міліцыянты ў цывільным — добра вядомыя актывістам кіраўнікі тутэйшай міліцыі грамадзкай бясьпекі Аляксандар Каліноўскі і Ігар Скарыновіч, яшчэ адзін спадар «з органаў» і жанчына, якая здымала ўвесь шпацыр на відэакамэру.

Міліцыянты робяць выгляд, што вывучаюць мэню

Актывісты ўсклалі букет кветак да помніка князю Альгерду, рушылі да Ўсьпенскага сабору, а потым да мэмарыяльнай дошкі на будынку, дзе вучыўся Васіль Быкаў. Кветкі сюды ўскласьці праблематычна — гэта не прадугледжана канструкцыяй. Аднак актывісты штогод іх ускладаюць, караскаючыся на вышыню пад тры мэтры.

Мэмарыяльная дошка Васілю Быкаву

Пад «пільным вокам» відэакамэры і наглядам супрацоўнікаў міліцыі віцябляне прайшлі да помніка Ўладзімеру Караткевічу. Мяркуючы па кветках ля падножжа, яны тут сёньня былі ня першыя.

Каля помніка Караткевічу

Актывісты ўсклалі яшчэ некалькі букетаў, а на галінку бліжэйшага дрэва прывязалі шарыкі — і гарадзкі краявід адразу стаў больш сьвяточны.

Шарыкі — у гонар сьвята Волі