Трамп: Тылерсан як дзяржаўны сакратар будзе «жорсткім абаронцам» амэрыканскіх інтарэсаў

Рэкс Тылерсан, архіўнае фота

Пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША Дональд Трамп выступіў у падтрымку свайго выбару на пасаду дзяржаўнага сакратара. Паводле яго, Рэкс Тылерсан ёсьць «вялікім дыпляматам», які «адкіне гады промахаў у замежнай палітыцы» і будзе «жорсткім абаронцам» амэрыканскіх інтарэсаў.

Трамп прызначыць дзяржаўным сакратаром Рэкса Тылерсана. Хто гэта

На мітынгу ў штаце Вісконсін 13 сьнежня Трамп высока ацаніў Тылерсана як аднаго з самых пасьпяховых у сьвеце бізнэсмэнаў з кар'ерай, якая зьяўляецца «увасабленьнем амэрыканскай мары».

Як адну зь пераваг Тылерсана Трамп адзначыў, што «Рэкс сябруе з многімі лідэрамі ў сьвеце».

Шырокія сувязі Тылерсана з Расеяй могуць апынуцца ў цэнтры ўвагі абедзьвюх партыяў у Сэнаце ЗША.

«Вельмі добра вядома, што ён мае блізкія стасункі з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным», — заявіў агенцтву Reuters старшыня сэнацкага камітэта ўзброеных сілаў Джон Маккейн.

Іншы ўплывовы сэнатар, дэмакрат Чарльз Шумер, сказаў мэдыякарпарацыі CBS, што «такі хлопец, як Тылерсан, патрабуе ўважлівага слуханьня», і «размовы пра яго блізкасьць з Пуціным будуць у цэнтры ўвагі».

Для таго, каб стаць дзяржсакратаром ЗША, кандыдат павінен прайсьці сама меней чатыры этапы ўзгадненьняў і сьцьвярджэньняў. Брытанскае выданьне The Guardian не выключае, што кандыдатуру Тылерсана можа «затармазіць» Сэнат.

Новаабраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп цяпер працягвае фармаваньне сваёй каманды. 13 сьнежня ён прапанаваў на пасаду дзяржаўнага сакратара кандыдатуру Рэкса Тылерсана з кампаніі Exxon Mobil.