Беларускія мытнікі вярнулі Алесю Таболічу ўкраінскія налепкі, сярод якіх «Блякада Крыму — шлях да яго вяртаньня»

Алесь Таболіч

Амаль паўтара месяца беларускія мытнікі вывучалі ўкраінскія інфармацыйныя лістоўкі-налепкі, забраныя на экспэртызу ў музыкі Алеся Таболіча.

На пачатку лютага Гомельская мытня паведаміла Алесю Таболічу, што ён можа забраць налепкі і нашыўкі з надпісамі «Моцная вялікая Ўкраіна», «Нацыя і дзяржава», «Блякада Крыму — шлях да яго вяртаньня», «Адключаем Крым», «Салідарнасьць нацыі супраць штучнага падзелу Ўкраіны», «Дынама ультрас» ды іншыя, а таксама сіня-жоўты сьцяжок з сымболікай батальёна «Азоў».

Гэтыя сувэніры былі затрыманыя мытнікамі, калі Алесь Таболіч вяртаўся з Украіны ў Беларусь у ноч з 17 на 18 сьнежня мінулага году.

«Добрая навіна, што гэта нармальная сымболіка, а ня нейкі там, як гаварылі мне напачатку памежнікі, „акт тэрарызму“», — сказаў Эўрарадыё Алесь Таболіч.